2011-08-18

Канцэпцыя Джэфры Найквіста. Частка 1. Сучасны камунізм

Джэфры Рычард Найквіст – выпускнік Каліфарнійскага ўнівэрсытэту Ірвіна. У 1988 – 1992 гадах працаваў у амэрыканскім Абарончым разьведвальным упраўленьні (DIA), дзе займаўся СССР, постсавецкай Расеяй і КНР. У цяперашні час публікуецца на сваім уласным вэб-сайце, а таксама вядзе калёнку “Сусьветны геапалітычны аналіз” на старонках фінансава-аналітычнага сайта “FinancialSense”.

У сваім аналізе і прагнозах аўтар зыходзіць з далёка не аптымістычных дапушчэньняў, якія многім (нават правым) могуць падацца “ашаламляльнымі”. Гэта, аднак, не азначае, што мы не павінны іх абмяркоўваць. Дарэчы, хоць Найквіст даволі добра вядомы, яго дасьледаваньні рэдка абмяркоўваецца ў польскай блогасфэры (за выключэньнем выдавецтва “Падземка”, форума “SW Katowice” ці блога Аляксандра Сьцёса).


Пэрыяд з 1989 па 1991 год не прынёс канца камунізму (як арганізацыі і мэтаду ажыцьцяўленьня ўлады), які быў унутрана рэарганізаваны і ўдасканалены. Была адкінута частка сымболікі і ідэалягічная абалонка, фармальна распушчаны СССР, Варшаўскі дагавор і СЭУ. Але не была адпрэчана канчатковая мэта – уладарыць сусьветам і кантраляваць кожны магчымы аспэкт жыцьця асобных людзей і супольнасьцяў. Гэтая мэта апраўдвае такія сродкі, як дэзінфармацыя і дэмаралізацыя варожага насельніцтва, а таксама вайну, якая будзе весьціся з выкарыстаньнем зброі масавага зьнішчэньня. Усё гэта вынікае з экспансіўнай прыроды камунізму.
Дасьледуючы праблематыку стратэгіі перабудовы, Найквіст абапіраецца ў першую чаргу на двух вельмі высокапастаўленых перабежчыкаў з камуністычнага блёка: Яна Сейну і Анатоля Галіцына, якія незалежна адзін ад другога патлумачылі заходнім спэцслужбам і палітыкам прынцыпы камуністычнай стратэгіі “актыўных мерапрыемстваў”, якія накіраваныя ня толькі на дэзінфармацыю вольнага сьвету, але і на дасягненьне пэўных палітычных мэтаў. Аналізуючы сучасную Савецкую Расею, Найквіст абапіраецца на сьведчаньні Станіслава Лунёва – палкоўніка ГРУ, які зьбег на Захад у 1992 годзе, Віктара і Марыны Калашнікавых (Віктар – былы афіцэр КГБ і гісторык, Марына – гісторык і журналіст), Канатжана Алібэкава (Кена Алібэка) – былога намесьніка дырэктара “Біяпрэпаратаў” (сеткі прадпрыемстваў, якія займаліся вытворчасьцю біялягічнай зброі), Аляксандра Літвіненкі і Ўладзіміра Букоўскага. Таксама выкарыстоўваюцца афіцыйныя крыніцы, а таксама выказваньні вядучых камуністычных лідэраў і іншыя матэрыялы, па якіх працуюць амэрыканскія спэцслужбы.

Яшчэ адна вобласьць аналізу Джэфры Найквіста – гэта слабасьць ЗША як вядучай дзяржавы Заходняй цывілізацыі. На працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў Амэрыку, якая зьяўляецца мэтраполіяй заходняга сьвету, агортвала паўзучая сацыяльная і маральная рэвалюцыя зь яе разбуральнымі наступствамі, якія суправаджаюць любую рэвалюцыю: французскую, бальшавіцкую ў Расеі, ці нацыянал-сацыялістычную ў Германіі. Гэтая рэвалюцыя зьяўляецца працягам Асьветніцтва, аднак, яна падсілкоўваецца камуністычным рухам практычна ад самага пачатку існаваньня яго базаў у форме СССР і КНР. Асаблівую дынаміку гэтая рэвалюцыя атрымала ў 50-х і 60-х гадах. Яна таксама ўключае шырокае пранікненьне ў ЗША камуністычных разьведак. Яго вынікам стала (у дадатак да шкоды, нанесенай шпіянажам) разбурэньне амэрыканскага грамадзтва і разлад ў амэрыканскай палітыцы, як унутранай, так і зьнешняй. Камуністычная рэвалюцыя, якая пачалася ў 1917 годзе, і асьветніцкая рэвалюцыя на Захадзе (асабліва з 60-х гадоў XX стагодзьдзя) складаюць амаль дыялектычны самазавадны мэханізм.

Аналіз Найквіста не пазбаўлены недахопаў, пра якія згадваецца ў гэтым тэксьце, а таксама ў падсумаваньні, але яны не перашкаджаюць спробе стварыць суцэльную карціну.

У 2007 годзе выдавецтва “Падземка” выдала кнігу Найквіста пад назвай “Траянскі конь”. Гэта сэрыя артыкулаў, прысьвечаных праблематыцы, пра якую гаворыца ў гэтым тэксьце, якія былі першапачаткова апублікаваныя на сайце “WorldNetDaily” ў 1999 – 2004 гг. Сайт выдавецтва, як і “Фатальная фікцыя”, пастаянна публікуе артыкулы Джэфры Найквіста, перакладзеныя на польскую мову.

Заняпад Заходняй цывілізацыі на прыкладзе Амэрыкі

У якасьці першапрычыны сыстэматычнага заняпаду цывілізацыі ў Амэрыцы Найквіст бачыць страту значэньня, а з часам і зьнікненьне ў грамадзтве арыстакратыі. Гаворка вядзецца не пра нейкіх манэрных пажылых людзей, якія абмяркоўваюць магчымасьць рэстаўрацыі Бурбонаў, але перш за ўсё пра арыстакратыю духу.

Джордж Вашынгтон
Найквіст усьлед за Джозэфам Шумпэтарам лічыць, што арыстакратыя абараняе ніжнія пласты грамадзтва як ад ўварваньня звонку, так і ад азьвярэньня, унутранай гнілі. У адпаведнасьці з клясычнымі ўяўленьнямі арыстакратыя культывуе такія цноты як гонар, гераізм, дабрыня, імкненьне да ісьціны і прыгажосьці, а таксама – патрыятызм. Яна дбае пра агульнае дабро, не зважаючы на выдаткі. Арыстакрат – гэта чалавек, які зь дзяцінства выхаваны ў духу гэтых каштоўнасьцяў і гатовы ўзяць на сябе адказнасьць за дзяржаву і грамадзтва. Арыстакрат ня толькі выхаваны ў духу здаровай патрыятычнай палітыкі, але ён адначасова ваяр – военачальнік і салдат.

Таму гэтая сацыяльная група была надзелена шматлікімі прывілеямі, якімі не маглі карыстацца ніжэйшыя пласты. У адпаведнасьці з клясычным сакратаўскім разуменьнем справядлівасьці – кожнаму паводле яго заслугаў. Прывілеяванасьць арыстакратыі мела на мэце матываваць ніжэйшыя слаі насельніцтва дарасьці да ўзроўню арыстакратыі, культывуючы арыстакратычныя цноты. У якасьці ўзору амэрыканскага арыстакрата (як дзіўна гэта не гучыць, асабліва для польскага чытача) Найквіст прапануе першага прэзыдэнта ЗША – Джорджа Вашынгтона.

Аднак адбылося тое, што было добрым толькі на першы погляд. Буржуазія, якая разьвівала капіталізм, дзякуючы ўласнай арыстакратыі, у выніку (часам гвалтоўных) эмансыпацыйных працэсаў заняла яе месца, тым самым страціўшы ахоўны пласт. Пры адсутнасьці дамінуючай ролі арыстакратыі і арыстакратычнай культуры буржуазія аказалася безабароннай перад варварамі XX стагодзьдзя – нацыстамі, камуністамі, анархістамі і нігілістамі. Арыстакратыю замяніла абыякавая аксіялягічная плютакратыя. Буржуазія, мяшчанства, і ўсе людзі, якія зараз называюцца сярэднім клясам, думаюць катэгорыямі рацыянальнымі і антыгеройскімі (Шумпэтар), прахалоднымі і скептычнымі (Ле Бон), у адпаведнасьці зь якімі адзінае правіла – гэта памнажэньне прыбыткаў і скарачэньне стратаў; усё мае сваю цану, з чаго вынікае, што ўсё можа прадаць ці купіць пры ўмове, што супрацьлеглы бок будзе плаціць адпаведна. Дэмакратычныя палітыкі, прафэсійныя чыноўнікі, кіраўнікі мэдыйных кампаній і газэт – гэта групы, якія ў пераважнай большасьці робяць кар'еры, зарабляючы адпаведна на кіраваньні дзяржавай і на кіраваньні душамі. Адначасова яны выкарыстоўваюць словы, узятыя з лібэральнага сьветапогляду, напрыклад такія, як “самарэалізацыя”. Тое ж самае можна сказаць і пра іншыя групы, якія занялі месца былой арыстакратыі (знакамітасьці і так званыя спэцыялісты па ўсім на сьвеце).

Стары арыстакратычны парадак быў заменены абыякавай лібэральнай дэмакратыяй, пры якой меркаваньне большасьці і свабода ўжо самі па сабе зьяўляюцца каштоўнасьцямі. У кожнага свая праўда і кожны погляд зьяўляецца раўнапраўным (апроч кансэрватыўных, арыстакратычных ці аўтарытарных прапаноў). Правіць, альбо (што цяпер больш распаўсюджана) кіраваць сыстэмай можа любая палітычная партыя. Кансэрватары могуць кіраваць, але ня могуць перавышаць вызначаных межаў дэмакратычнага кансэнсусу ў палітыцы – кожнае рашэньне на любым узроўні павінна быць прыведзена да найменшага агульнага назоўніка. Кіраваць могуць нават людзі, якія насаджаюць антыкаштоўнасьці. Усе (за выняткам абмежаваньняў па ўзросьце, месцы жыхарства і г.д.) могуць галасаваць і абірацца ў органы ўлады. Голас прастытуткі мае такую ж вагу як і голас сьвятара. Найбольш фундамэнтальныя для нацыі і дзяржавы асновы цяпер падпарадкоўваюцца дэмакратычным працэдурам. Такое грамадзтва ў рэшце рэшт падрывае асновы свайго існаваньня. Так званы вольны рынак, ідэя грамадзянства, дэмакратыя ня могуць абараніць самі сябе. Без трывалага падмурка яны абваляцца пад ўласным цяжарам і (або) зьнешнім напорам.

Спажывецкі характар амэрыканскага грамадзтва адмоўна ўплывае на стан дзяржаўнага апарату Злучаных Штатаў: чарговых прэзыдэнтаў і іх адміністрацыі, а таксама на ўзброеныя сілы і спэцслужбы. Камуністычныя дзяржавы, асабліва супэрдзяржавы, якія аказвалі ўплыў на ўвесь сьвет, разглядаліся ў ЗША як рэальныя або патэнцыйныя палітычныя ці гандлёвыя партнэры: як саюзьнікі ў барацьбе з фашызмам у час Другой сусьветнай вайны, а потым – як стваральнікі пасьляваеннага сусьветнага парадку, як людзі, зь якімі можна мець справу. На палітычным, ваенным і камэрцыйным узроўні Амэрыка амаль ніколі не разглядала камунізм у любой яго форме як свайго сьмяротнага ворага, які заслугоўвае толькі зьнішчэньня. Такое становішча спраў вынікае зь неразуменьня, што такое камунізм, і з дамінаваньня тэорыі аб эвалюцыі камунізму (у напрамку менш рэпрэсіўных рэжымаў: нацыяналістычных і дэмакратычных), якія сьцьвярджаюць, што камунізм зьяўляецца ідэяй, пазбаўленай сэнсу, і, такім чынам, не існуе, а тым больш не існуе ў цяперашні час. Антыкамунізм лічыўся і лічыцца “паранояй” і “макартызмам”. Паступовая агонія Заходняй цывілізацыі (у тым ліку антыкамунізму як зьявы, неабходнай для захаваньня цывілізацыі) падсілкоўваецца агентурай, разьмешчанай у стратэгічных кропках.

Сучасны камунізм

Перабудова ў Савецкім Саюзе і падначаленых яму краінах была адным з самых важных “актыўных мерапрыемстваў”, ажыцьцёўленых камуністычным кіраўніцтвам. Рэвалюцыі ва Ўсходняй Эўропе былі загадзя заплянаваныя КГБ і таемнымі ячэйкамі Камуністычнай партыі Савецкага Саюза і мелі непасрэдную сувязь зь вялікай стратэгіяй, распрацаванай у канцы 1950-х гадоў камітэтам савецкіх стратэгаў пад кіраўніцтвам Леаніда Брэжнева (у яго склад, ў прыватнасьці, уваходзіў генэрал КГБ Мікалай Міронаў – аматар старажытнага “Мастацтва вайны” Сун Цзы). Рэалізацыя новай стратэгіі вынікала зь перакананьня, што пасьля сьмерці Сталіна сыстэме патрабуецца грунтоўная рэформа, якая дасьць магчымасьць забясьпечыць яе выжываньне. Старанна падрыхтаваныя зьмены павінны былі праводзіцца таемнымі структурамі КГБ, а адным з найбольш важных момантаў было выкарыстаньне дысыдэнцкага руху, які мог быць прыняты Захадам.

Неабходна дадаць, што ў гэтую каманду стратэгаў таксам ўваходзілі: Аляксандр Шалепін – старшыня КГБ у 1958 – 1961 гадах, адказны за апісаныя Галіцыным “актыўныя мерапрыемствы”, і начальнік Генэральнага штаба Савецкай арміі Васілій Сакалоўскі – прыхільнік ваеннай расправы са Злучанымі Штатамі пры дапамозе ядзернай зброі.

Перабудова, “путч” Янаева і распад СССР, а таксама “зьвяржэньне камунізму” ў “народных дэмакратыях” перасьледавалі па меншай меры дзьве мэты. Паводле Найквіста, першая мэта – гэта раззбраеньне Захаду (асабліва ЗША і Вялікабрытаніі), якое ў роўнай ступені ўключае скарачэньне арсэналаў звычайных і ядзерных ўзбраеньняў, а таксама маральнае раззбраеньне. Антыкамунізм мусіў быць (і быў) пераможаны як анахранізм, які ня мае ніякіх важкіх падстаў для існаваньня, бо камунізм “эвалюцыянуе” ад таталітарызму бальшавіцкай рэвалюцыі і часоў Сталіна праз адлігу да ўпадабленьня некамуністычным краінам і, нарэшце, да “самазьнішчэньня”. Новая “Расея” стала ў рэшце рэшт саюзьнікам ЗША, а выхадцы з намэнклятуры і органаў бясьпекі – стоадсоткавымі дэмакратамі і “людзьмі, зь якімі можна займацца бізнэсам”, саюзьнікамі ў барацьбе супраць “ізмаў”, перанасяленьня і глябальнага пацяпленьня.

Другой прычынай стала неабходнасьць адаптавацца да новых эканамічных умоў, бо дзяржаўная камандна-адміністратыўная эканоміка аказалася неэфэктыўным інструмэнтам улады (падобна таму, як пасьля “ваеннага камунізму” быў уведзены НЭП, або як пасьля калектывізацыі адбыліся пэўныя саступкі на карысьць прыватнага гаспадараньня). Акрамя таго, перабудова зрабіла магчымым укладаньне заходніх грошай і тэхналёгій у СССР і краіны-сатэліты.

Густаў Гусак (Чэхаславаччына), Тодар Жыўкаў (Баўгарыя), Эрык Хонекер (ГДР), Міхаіл Гарбачоў (СССР), Мікалай Чаўшэску (Румынія), Войцех Ярузэльскі (Польшча), Януш Кадар (Вугоршчына)
29 траўня 1987

Вядома, найбольш важным было захаваньне ўладных структур КГБ і партыі і гарантаваньне іх пераемнасьці з дапамогай кааптацыі ў іх склад “адпаведных” эліт. З гэтай мэтай ствараліся кааліцыйныя ўрады, у якія ўваходзілі кампартыі, кааптаваная “канструктыўная апазыцыя” і прадстаўнікі царквы. Аднак разьвіцьцё сытуацыі вымусіла прыняць рашэньне аб рэалізацыі іншага стратэгічнага варыянту. Камуністычныя партыі ў тым выглядзе, у якім яны існавалі да таго часу, апынуліся непатрэбнымі, таму яны ў асноўным былі ператвораны ў “сацыял-дэмакратычныя” партыі. У Савецкай Расеі дайшло нават да забароны КПСС. Але найбольш важныя структуры – партыйныя, кагэбэшныя і ваенныя – засталіся некранутымі, і зараз яны кіруюць з-за куліс, выкарыстоўваючы разнастайныя партыі, якія імітуюць заходнюю лібэральную сыстэму.

Ян Сейна, якога цытуе Джэфры Найквіст, сьцьвярджаў, што савецкія стратэгі прадказвалі “дэмакратызацыю” і “лібэралізацыю” як непазьбежны пабочны эфэкт перабудовы і рыхтаваліся выкарыстаць гэтыя прыродныя працэсы для сваіх стратэгічных мэтаў. Сфэра зьнешняй палітыкі ў расейскім доўгатэрміновым пляне была падзелена на чатыры этапы. Трэці этап быў акрэсьлены як “пэрыяд дынамічных сацыяльных зьмен”, які мусіў “разьбіць надзеі ілжывай дэмакратыі”. Людзі, якія жылі ў СССР і камуністычных краінах, расчараваныя “дэмакратыяй” і “капіталізмам”, павінны былі запатрабаваць вяртаньня больш рэпрэсіўных урадаў, аднаўленьня парадку і грамадзкай бясьпекі, што пацягнула б за сабой увядзеньне больш гнятлівай, меней закамуфляванай фазы камунізму. Гэтая стратэгія была зацьверджана на таемнай нарадзе лідэраў Варшаўскага дагавора ў Маскве ў 1966. У такім кантэксьце Найквіст разглядае пэрыяд, які часта называюць “вялікай ельцынскай смутай”. Гэта была вялікая апэрацыя па дэзінфармацыі, мадыфікаваны варыянт мадэлі “слабасьць і эвалюцыя”, завяршэньне якой дазволіла перадаць кантроль трохі менш замаскаваным супрацоўнікам КГБ, чыя прысутнасьць ва ўладзе была неабходнай для ўздыму баявога духу дэмаралізаваных кадраў. Такім чынам, калі Ельцын выконваў ролю блазна, а яго заданьнем была дыскрэдытацыя капіталізму і дэмакратыі ў Расеі, задачай Пуціна зьяўляецца абуджэньне і пераарыентацыя сыстэмы ў накірунку эфэктыўнага таталітарызму. Пасьля таго як Пуцін стаў прэзыдэнтам, ён неаднаразова заяўляў, што сучасная Расея і Савецкі Саюз зьяўляюцца адным і тым жа. Яго часта называюць чэкістам, а ў атачэньні ­– малым Андропавым.


Савецкая Расея

Расеяй кіруюць таемныя камуністычныя структуры. Гэта поліцэнтрычная сетка, наймацнейшымі вузламі якой зьяўляюцца спадкаемцы КГБ – ФСБ і СВР, ваенная разьведка ГРУ, армейскае камандаваньне і кіраўніцтва дзяржаўных карпарацый (так званая дзяржава Газпрам). Ажыцьцяўляецца калектыўнае кіраваньне гэтымі структурамі. Ельцын, Пуцін і Мядзьведзеў – гэта не сучасныя самадзяржаўныя цары або Сталіны. Яны – ўсяго толькі выканаўцы палітыкі калектыўнага кіраўніцтва (як і ў пераважнай большасьці палітычных партый). Таму не выпадкова Пуцін (як “дыплямат”, які служыў у ГДР) быў абраны прэзыдэнтам, калі Расея прыступіла да рэалізацыі стратэгіі падпарадкаваньня краінаў Заходняй Эўропы і настройваньня іх супраць ЗША. Разважаючы па гэтай схеме, можна прыйсьці да высновы, што перадача “ўлады” Мядзьведзеву не была выпадковасьцю, бо прэзыдэнт Пуцін, як непрыхаваны чэкіст, паступова стаў занадта цьвёрдым нават для страўніку дэмабілізаванага Захаду, а таму давялося прызначыць чалавека, якога на Захадзе маглі б прыняць у якасьці лібэрала (з Газпраму…) . Нэакамуністычныя структуры не застрахаваныя ад пераваротаў, рэвалюцый або ўнутраных перастановак. Вядома, што ўзьнікаюць унутраныя канфлікты, і не ўсе яны зьяўляюцца апэрацыямі па дэзінфармацыі. Адначасова існуе пэўны парадак стратэгічных інтарэсаў уладных структур, які накіраваны на падтрыманьне і пашырэньне ўплыву чэкістаў і нэабальшавіцкай сыстэмы.

Вельмі важным элемэнтам камуністычных структур у чэкісцкай Расеі зьяўляецца армія. Аналізуючы стан рускай арміі, Найквіст абапіраецца на сьведчаньні палкоўніка Станіслава Лунёва. У адрозьненьне ад шырока распаўсюджанага меркаваньня, яна па-ранейшаму вельмі небясьпечная ня толькі для Паўночнага Каўказа і Грузіі. У 1992 годзе было прынятае рашэньне аб рэформе ўзброеных сілаў, якая ў дадатак да іх мадэрнізацыі была накіравана на дэзінфармацыю, замацаваньне стэрэатыпу дэмаралізаванай, галоднай і сьпітай арміі, якая карыстаецца старой неадрамантаванай зброяй. Нягледзячы на скарачэньне колькасьці салдат і рэзкае скарачэньне заробкаў, колькасьць афіцэраў заставалася такой жа, як і падчас халоднай вайны. Падрыхтоўка афіцэраў і сяржантаў займае гады, у той час як падрыхтоўка шараговага салдата – усяго толькі месяц. У выпадку ўзброенага канфлікту ў войска могуць быць прызваныя мільёны людзей (у Расеі – каля 6 мільёнаў, у КНР – па некаторых ацэнках да некалькіх сотняў мільёнаў), якія атрымаюць сучаснае наступальнае ўзбраеньне. Грошы, якія ў так званай нармальнай краіне плацілі б салдатам, генэралы інвэстуюць у новыя ваенныя тэхналёгіі. Пасьля 1991 года Расея не адмовіліся ад распрацоўкі ядзернай, хімічнай і біялягічнай зброі. Зьвяртае на сябе ўвагу і арганізацыйная структура расейскай арміі. У дадатак да сухапутных, марскіх і паветраных узброеных сіл (як падкрэсьлівае Найквіст) існуюць асобныя ракетныя войскі, якія адказваюць за стратэгічную ядзерную зброю. Таксама нельга ігнараваць той факт, што асноўныя аўтары сучаснай геапалітычнай дактрыны Савецкай Расеі (акрамя нацыянал-бальшавіка Аляксандар Дугіна) – гэта армейскія генэралы і афіцэры ГРУ.

Кітайская народная рэспубліка

У КНР пануе афіцыйны камунізм. Краінай па-ранейшаму кіруе кітайская кампартыя. Зьмены, якія адбыліся пасьля прыходу да ўлады Дэн Сяапіна, толькі павялічылі эфэктыўнасьць яе кіраваньня. Яны ня маюць нічога агульнага з капіталізмам ці свабодным рынкам у клясычным сэнсе, пра што часам можна пачуць ня толькі ў вядучых СМІ, але нават у тых, якія атаясамліваюць сябе з правым палітычным спэктрам.

“Перабудова” ў КНР (як і ў СССР) была накіравана ў першую чаргу на паляпшэньне функцыянаваньня сыстэмы ўлады КПК, бо дзяржаўная эканоміка ўзору “Вялікі скачок” у доўгатэрміновай пэрспэктыве аказалася непатрэбным балястам. Кітайскі “капіталізм”, на які дзівяцца ва ўсім сьвеце, ёсьць нішто іншае як лякальная вэрсія НЭП (ці намэнклятурнага капіталізму), які таксама выконвае функцыі па дэзінфармацыі і інфільтрацыі ЗША, Заходняй Эўропы і Тайваня. Галоўная мэта палягае ў тым, каб пераканаць гэтыя краіны, што КНР больш не зьяўляецца таталітарнай дзяржавай, цяпер яна некамуністычная і бясшкодная, а ў выпадку Тайваня – гэта яшчэ “радзіма, зь якой можна аб'яднацца”. Экспансія фірмаў з КНР на заходнія рынкі – гэта адначасова і пашырэньне ўплываў КПК. Заходнія інвэстары, якія ажыцьцяўляюць гаспадарчую дзейнасьць у гэтай краіне, разам зь бізнэсмэнамі з КПК спрыяюць будаўніцтву мясцовага камунізму. Бо гэта “людзі, зь якімі можна мець справу”.

Камуністычнае кіраўніцтва КНР, як і Савецкай Расеі, выкарыстоўвае ў якасьці мэтаду сацыяльнага кантролю нацыяналістычную прапаганду (часта расісцкую) і спасылаецца на часы імпэрыі.

Як і Масква, Пэкін таксама час ад часу пагражае прымяненьнем ядзернай зброі. Яшчэ з часоў Мао ворагам нумар адзін для КНР зьяўляюцца ЗША.

Цэнтральная Эўропа

Краіны Цэнтральнай Эўропы, якія да 1989 года прыналежалі да “зьнешняй імпэрыі”, Саветы кантралююць з дапамогай схаваных структур, якія зьяўляюцца прадстаўнікамі савецкіх камуністычных структур. У гэтых краінах (у тым ліку ў Польшчы) камуністычныя структуры выкарыстоўваюць мадэль, заснаваную на кіраваньні палітычным, сацыяльным і эканамічным жыцьцём з-за кулісаў, у адпаведнасьці зь якой роля кіраўнікоў была перададзена “дэмакратычнай апазыцыі“ і камуністам, перафарбаваным у левых. Гэта зрабіла больш праўдападобнай бачнасьць перабудовы і “круглых сталоў”, а таксама забясьпечыла камуністычных злачынцаў прыкрыцьцём.

Палітычныя і грамадзкія сыстэмы гэтых краін – гэта пародыі на дэмакратыі Захаду. Яны пазбаўлены сувэрэнітэту – як зьнешняга, так і ўнутранага. Тых, хто закранае інтарэсы камуністычных спэцслужбаў, партыйнай намэнклятуры або агентуры, чакае пакараньне, пачынаючы ад палітычнага і грамадзкага забыцьця ў выніку інфармацыйнай атакі, пазбаўленьня ўлады ў выніку паўзучага перавароту і завяршаючы турмой або сьмерцю ад рук “невядомых злачынцаў”.

Найквіст прыводзіць у якасьці прыкладаў Андрэя Кадрэску ў Румыніі і Ўладзіміра Гучына ў Чэхіі. Першы доўгі час замоўчваўся ў сваёй краіне (за праўдзівае сьведчаньне аб тым, што Чаўшэску быў скінуты Масквой, бо не жадаў праводзіць перабудову), другога перасьледавала чэская БІС і паліцыя за расьсьледаваньне справы аб падрыхтоўцы ісламскіх тэрарыстаў (у тым ліку Мухамеда Аты) у навучальных цэнтрах Чэхаславацкай службы бясьпекі.

Слова “камунізм” было заменена словам “дэмакратыя”, а партрэт Маркса –плякатам з усьмешкай Вацлава Гавэла. Камунізм у Цэнтральнай Эўропе не абваліўся і ня быў скінуты. Былі зьменены толькі некаторыя мэтады і спосабы арганізацыі. Татальны кантроль, які ахопліваў усе сфэры асабістага і грамадзкага жыцьця, быў заменены структурным кантролем (Станішкіс), які засноўваецца на кропкавым кантраляваньні сацыяльных і палітычных працэсаў.

Стратэгія пераўтварэньня камунізму ў накірунку формы, якую можа прыняць Захад, прадугледжвала таксама ўступленьне “былых” сацыялістычных краін у эўраатлянтычныя структуры, дзе яны, знаходзячыся пад кантролем таемных структур і агентуры, павінны былі адыгрываць ролю “траянскага каня”.


Зараз мы бачым вяртаньне да больш таталітарнага камунізму. Маскоўскія стратэгі прадугледжвалі ўзьнікненьне пэўнага пэрыяду дэзарганізацыі і частковай страты ўплыву, а ў доўгатэрміновай пэрспэктыве – умацаваньне кантрольных мэханізмаў, якія, такім чынам, прывядуць да павышэньня эфэктыўнасьці. “Рэкамунізацыя” мае месца ва ўсіх эўрапейскіх краінах былога “Ўсходняга блёку”, пачынаючы з 2001 года, аднак у кожнай зь іх працякае па-свойму. Больш таго, у кантэксьце імкненьня Масквы і Пэкіну да сусьветнага панаваньня разумным дзеяньнем з пункту гледжаньня Крамля зьяўляецца буфэрызацыя “былых” народных дэмакратый. Савецкія стратэгі разумеюць геастратэгічнае значэньне абшару паміж Балтыйскім, Адрыятычным і Чорным морам, таму з дапамогай “рэкамунізацыі” яны імкнуцца зрабіць яго “геастратэгічна мёртвым”.

Чырвоная павуціна, “трохкутнае сузор'е”. Геастратэгічны аспэкт.

Савецкая Расея і Кітай знаходзяцца ў вайскова-палітычна-эканамічным хаўрусе. “Вось” Масква – Пэкін зьяўляецца ядром сеткі фармальных і нефармальных саюзаў, якая ўключае ў сябе як дзяржаўныя, так і недзяржаўныя арганізацыі (афіцыйныя міжнародныя арганізацыі, а таксама мафійныя і тэрарыстычныя арганізацыі, гандляроў зброяй, партызан). СНД (відавочна, што гэтая назва жартоўная і мае на мэце маніпуляцыю) і АДКБ зьяўляюцца нічым іншым як працягам Савецкага Саюза. Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва – гэта форма афіцыйнага альянсу нэабальшавіцкай Расеі і чырвонага Кітая. Саюзьнікамі абодвух зьяўляюцца Вэнэсуэла, Куба, Бразылія, Балівія, Уругваі і Нікарагуа (які кіруецца сандэністамі) – у Лацінскай Амэрыцы; Сірыя, Іран, Паўночнай Карэя, Віетнам і Бірма – ў Азіі; Ангола, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Мазамбік, Судан, Паўднёвая Афрыка і Зімбабве – у Афрыцы. КГБ і КПК трымаюць на ланцугу тэрарыстаў з Аль-Каіды, ЭТА, ІРА і ФАРК (Калюмбія). Гэтая сетка альянсаў абумоўлена ня толькі супольным камуністычным паходжаньнем (партыйным, чэкісцкім, агентурным) гэтых брудных арганізацый, але, перш за ўсё, стратэгічным інтарэсам у выглядзе пашырэньня уплыву, якому па-ранейшаму перашкаджаюць Злучаныя Штаты. Нягледзячы на кволасьць, гэтая дзяржава па-ранейшаму застаецца лідэрам заходняга паўшар'я, геастратэгічнай процівагай СССР (Савецкай Расеі) і КНР. Унутраная дынаміка трохкутнай канструкцыі “Расея, Кітай і Злучаныя Штаты” робіць альянс Расеі і Кітая неабходнасьцю. Канешне, гэтыя краіны зьяўляюцца часовымі саюзьнікі, бо любы саюз носіць толькі часовы характар. Кампанэнты гэтага хаўрусу можна абагуліць наступным чынам: па-першае, пустынныя раёны Сыбіру і Цэнтральнай Азіі зьяўляюцца натуральным бар'ерам паміж дзьвюма краінамі (КНР і Савецкай Расеяй). Цалкам відавочна, што нават калі Кітай пераможа Расею, то ў лепшым выпадку завалодае Сыбірам. А ці многа кітайцаў могуць пасяліцца ў Сыбіры? Што датычыцца нафты і газу Цэнтральнай Азіі, то купляць іх таньней, чым адабраць у ядзернай звышдзяржавы. Пазыцыя Расеі на Далёкім Усходзе залежыць ад будучага статусу Японіі і Карэі (якія на дадзены момант знаходзяцца пад абаронай ЗША). І тут паўстае самы вырашальны фактар – Злучаныя Штаты. Калі Кітай нападзе на Расею, Злучаныя Штаты, несумненна, дапамогуць Расеі і пакараюць Кітай. Калі Расея атакуе Кітай, Злучаныя Штаты дапамогуць Кітаю і пакараюць Расею. Гэта добра вядомы шаблён амэрыканскай зьнешняй палітыкі. Калі Кітай хоча заваяваць усю Расею, сьпярша ён павінен расправіцца з Амэрыкай. Гэты ўрок дыктарскія дзяржавы атрымалі з аналізу Другой сусьветнай вайны. Зразумела, што Амэрыка не дазволіць агрэсіўнай дзяржаве дамінаваць у Эўропе або ў Азіі.


Варта адзначыць пэўную “правільнасьць” геапалітыкі і геастратэгіі камунізму: камуністычны Кітай і Расея зьяўляюцца сыстэмай злучаных сасудаў (незалежна ад таго, якія мутацыі камунізму адбываюцца ў абедзьвюх краінах). Расея (СССР) зьяўляецца свайго роду апорай Кітая. І наадварот – Кітай зьяўляецца “апорай” Расеі (СССР). Абедзьве гэтыя сілы ўзаемна дапаўняюць адзін аднаго ў якасьці пэўнага роду буфэру. Асабліва на мяжы зь ісламскім сьветам, які ў Цэнтральнай і Паўднёва-Заходняй Азіі супадае з абшарам цюрскіх народаў, сярод якіх адраджаюцца сэпаратысцкія тэндэнцыі і імкненьне да аб'яднаньня (як панцюрскія, так і панісламскія).

СССР у доўгатэрміновай пэрспэктыве не выжыў бы безь перамогі кітайскіх камуністаў у грамадзянскай вайне. Камунізм у Кітаі (і такіх краінах, як Віетнам, Лаос, Камбоджа, КНДР) ня выжыў бы пры адсутнасьці савецкай падтрымкі. І зараз падзеньне ці нават дэстабілізацыя сыстэмы ў адной краіне можа прывесьці да паслабленьня іншай, а ў канчатковым выніку – да яе падзеньня.

“Эўрапейскі напрамак” сучаснай савецкай экспансіі мае на мэце раскол эўраатлянтычных структур, заснаваных на амэрыканскай ваеннай прысутнасьці ў Эўропе. Апроч так званых посткамуністычных дзяржаў (дзе кантроль Маскве гарантуюць мясцовыя філіі таемных структур) траянскімі канямі Савецкай Расеі зьяўляюцца Германія, Францыя і Італія (разам з дзяржаўнымі карпарацыямі, якія ствараюць сумесныя прадпрыемствы з Газпрамам). “Другім крылом” кагэбісцкага дэсанту зьяўляецца значная частка адміністрацыі Эўразьвязу. Як асноўныя эўрапейскія краіны паасобку, так і Эўразьвяз у цэлым фарміруюць сваю ідэнтычнасьць на падставе антыамэрыканізму і пракамунізму (а ў лепшым выпадку – добразычлівага нэўтралітэту ў адносінах да камунізму).

“Блізкаўсходні накірунак” – пашырэньне ўплыву Савецкай Расеі і КНР у ісламскім сьвеце – зарыентаваны на атрыманьне кантролю над радовішчамі нафты, якая зьяўляецца асновай эканамічнай сыстэмы заходняга сьвету.

У Афрыцы ёсьць паклады алмазаў і каляровых мэталяў, таму такія краіны як Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Конга, Зімбабве, Мазамбік, Паўднёвая Афрыка і Ангола, якія кіруюцца камуністамі і (або) чорнымі нацыянал-сацыялістамі, зьяўляюцца тэрыторыямі палітычнай і эканамічнай экспансіі (ў асноўным кітайскай). Акрамя таго, у выпадку сусьветнай вайны Паўднёвая Афрыканская рэспубліка, якую апанавалі камуністы з Афрыканскага нацыянальнага кангрэсу, можа адыграць ключавую ролю ў кантролі над марскімі шляхамі на поўдзень ад мыса Добрай Надзеі, якія будуць выкарыстоўваецца ў якасьці надзвычайнага варыянту ў выпадку блякіраваньня Суэцкага каналу, басэйнаў Чырвонага і Аравійскага мораў.

У выніку так званых Баліварыянскіх рэвалюцый у краінах Лацінскай Амэрыкі, у найбольш геастратэгічна важных дзяржавах рэгіёну ўладу захапілі камуністы, якія ня толькі стварылі “непатапляльны савецкі авіяносец”, але і фактычна рассунулі межы новага блёка да Рыа-Грандэ.

Лацінаамэрыканскія левыя прэзыдэнты: Fernando Lugo (Парагвай), Evo Morales (Балівія),
Lula da Silva (Бразылія), Rafael Correa (Эквадор) і Hugo Chávez (Вэнэсуэла)

Напрамкі зьнешняй палітыкі Савецкай Расеі і КНР застаюцца такімі ж, як да 1991 года. У цяперашні час у выніку эфэктыўнай дэзінфармацыі Заходняга сьвету з дапамогай перабудовы яны праводзіцца больш эфэктыўна. Яны не зьмяніліся ня столькі з-за правільнасьці ажыцьцяўляемай геапалітыкі і геастратэгіі, але ў асноўным за кошт працягу выкарыстаньня ўладамі КНР і Савецкай Расеі камуністычнага мэтаду пашырэньня.

(Перакладзена з польскай мовы)

Канцэпцыя Джэфры Найквіста. Частка 2. Заняпад Амэрыкі

No comments: