Зварот

Трагічныя падзеі ў Беларусі наўрад ці пакінулі каго-небудзь раўнадушным. Чарговае фальшаваньне выбараў, жорсткае падаўленьне пратэстаў, крывавы тэракт і эканамічны абвал у чарговы раз узьнімаюць нясьцерпныя пытаньні: “Чаму так не пашанцавала нашай краіне? Што будзе з намі далей?” Аднак нашы ўласныя бядоты могуць перашкодзіць цьвяроза ацаніць ня менш драматычныя падзеі ў сьвеце. А там зьбіраецца вялікая навальніца. Калі сьляпы павядзе сьляпога, ці не зваляцца абодва ў яму? (Мф. 15:14, Лк. 6:39) Сусьвет ужо падышоў да краю глыбокай прорвы, і чалавеканенавісьнікі вось-вось саштурхнуць яго ўніз, але павязка з фальшывых ідэалаў, ганарыстасьці і геданізму не дазваляе многім убачыць небясьпеку…

Тое, што Вы прачытаеце далей, магчыма, Вас шакіруе, але я вельмі прашу паставіцца да гэтага сур'ёзна і выдаткаваць час, каб азнаёміцца з прыведзенай інфармацыяй. Хачу падкрэсьліць, што кнігі і артыкулы, на якія даюцца спасылкі, зьяўляюцца аналітыкай вельмі высокага ўзроўню і ня маюць дачыненьня да кансьпіралёгіі. Калі Вы валодаеце ангельскай мовай, калі ласка, азнаёмцеся з дасьледаваньнямі. Яны таго вартыя.

У 1917 г. у Расеі (краіне зь вялікім вопытам ваеннай экспансіі) ўладу захапіла невялікая група рэвалюцыянэраў на чале зь Леніным. Асаблівасьцю новай улады стала поўная адсутнасьць маралі і імкненьне да сусьветнага панаваньня. Марксізм – гэта не ўтапічная ідэя, а тэорыя і практыка ўсталяваньня таталітарнай улады і яе ўтрыманьня. Насуперак распаўсюджанаму меркаваньню, марксізм зьяўляецца даволі гнуткай сыстэмай; ён здольны да мімікрыі і адаптацыі, аднак нязьменна захоўвае сваю чалавеканенавісьніцкую сутнасьць. Гэтыя рысы праявіліся ў першыя гады савецкай улады. З дапамогай тэрарызму, генацыду і хлусьні бальшавікі здолелі ўзяць пад кантроль большую частку Расейскай імпэрыі, аднак іх першая спроба ваеннай інвазіі ў Эўропу правалілася. Зразумеўшы, што эканоміка сацыялізму не працуе, Ленін перайшоў да комплекснай палітыкі, вядомай нам як “НЭП”. Вольны сьвет мог зьнішчыць бальшавіцкую гадзіну яшчэ ў 1920-я гады. Але Захад не разумеў сутнасьць бальшавізму, у той час як камуністы выдатна разумелі заходнюю псыхалёгію (“капіталісты самі прададуць нам вяроўку, на якой мы іх павесім”). Выкарыстаўшы вопыт імпэрскай “ахранкі”, ГПУ распачаў апэрацыю па стратэгічнай дэзінфармацыі. На Захад была прасунута ідэя а б тым, што бальшавізм перараджаецца. ГПУ стварыў дзесяткі падстаўных апазыцыйных арганізацый (самая вядомая – Трэст), якія выявілі антысавецкія элемэнты і пераканалі эмігрантаў і эўрапейскі палітычны істэблішмэнт, што ў Савецкай Расеі хутка адбудзецца антыкамуністычная рэвалюцыя. Паступова ў СССР пацяклі інвэстыцыі і тэхналёгіі, неабходныя для мадэрнізацыі Чырвонай арміі, а на Захад – хваля савецкіх агентаў, якія праніклі ў бізнэс, інтэлектуальныя колы, урадавыя і разьведвальныя структуры. На жаль, Захад ня меў устойлівага імунітэту супраць сацыялізму, бо гэтая хвароба нарадзілася ў Эўропе ў выніку паступовай адмовы ад хрысьціянскіх каштоўнасьцяў.

Верагодна, што НЭП мусіў трываць некалькі дзесяцігодзьдзяў, але Сталін вырашыў прысьпешыць падзеі. Ён падтрымаў Гітлера, каб справакаваць у Эўропе крывавы канфлікт, а потым захапіць аслаблены кантынэнт. Аднак, каварны плян ледзьве не праваліўся. Уявім, што адбылося б, калі б Германія разграміла СССР, а потым ЗША разграмілі б Германію. Па-сутнасьці, Захад выратаваў свайго ворага. Больш таго, заходнія лідэры фактычна падаравалі Сталіну ўсю Ўсходнюю Эўропу. Тут у поўную моц праявілася гнуткасьць камунізму, блізарукасьць Захаду і ўзровень савецкага пранікненьня ў заходнюю палітыку. Зараз дакладна вядома, што ў адміністрацыі Рузьвельта працавала шмат савецкіх агентаў. Таму ня дзіўна, што Саветы здолелі выкрасьці нават праект атамнай бомбы. Пасьля перамогі камуністаў у Кітаі балянс сілаў яшчэ больш зьмяніўся на карысьць СССР. Савецкая Расея з саюзьніка нечакана пераўтварылася ў варожую супэрдзяржаву. Самаўпэўнены Сталін усур'ёз рыхтаваўся да чарговай сусьветнай вайны ў якой, аднак, камуністы ня мелі шансаў перамагчы, таму напалоханае палітбюро атруціла дыктатара. Агрэсіўнасьць сталінскай зьнешняй палітыкі згуртавала вольны сьвет і загнала Маскву ў міжнародную ізаляцыю. У сярэдзіне 1950-х СССР быў істотна аслаблены. Аднак, у адміністрацыі Эйзэнхаўэра перамагла думка, што ў хуткім часе СССР абваліцца, а вайна з камуністычным блёкам прынясе занадта вялікія страты. Паўтарылася гісторыя пачатку 1920-х.

У канцы 1961 на Захад уцёк супрацоўнік КГБ Анатоль Галіцын. Ён перадаў сэнсацыйную інфармацыю пра распрацоўку ў СССР доўгатэрміновага стратэгічнага пляну па дэзарыентацыі, дэзінтэграцыі і разбраеньні Захаду і ўсталяваньні сусьветнай камуністычнай фэдэрацыі. У ЗША вышэйшае кіраўніцтва фактычна праігнаравала сьведчаньні перабежчыка. Сустрэцца з Джонам Кенэдзі яму не дазволілі. У 1980 Галіцын завяршыў, а у 1984 здолеў надрукаваць кнігу “Новая хлусьня замест старой – камуністычная стратэгія падману і дэзінфармацыі”. Згодна Галіцыну, мэтадалёгія заходніх аналітыкаў састарэла і стала непрыдатнай для аналізу падзей у СССР, бо пасьля сьмерці Сталіна ў партыі аднавілася калегіяльнае кіраваньне і ўсе рашэньні прымаліся на аснове кансэнсусу. Беспэрспэктыўнасьць сталінскага курсу вымусіла верхавіну КПСС зьвярнуцца да Ленінскага вопыту НЭП. Новая стратэгія прадугледжвала часовую адмову ад прамой ваеннай канфрантацыі з Захадам і пераход да “мірнага суіснаваньня” з мэтай паступовай зьмены балянсу сілаў на сваю карысьць. Стратэгічная дэзінфармацыя прадугледжвала інсцэніраваньне несапраўдных канфліктаў як унутры СССР, так і паміж асобнымі краінамі (СССР – Румынія, СССР – Кітай, Кітай – Віетнам), стварэньне кантралюемай апазыцыі (рух дысыдэнтаў) і ў рэшце рэшт правядзеньне фальшывай лібэралізацыі і роспуск савецкага блёку. Партыя павінна была стаць нябачнай, але па-ранейшаму ўтрымліваць усе рычагі кіраваньня ў сваіх руках. Такая стратэгія павінна была прывесьці да распаду НАТО, перамогі ў Эўропе сацыялізму, выцясьненьня капіталістычных дзяржаў з краін трэцяга сьвету, ізаляцыі ЗША ад іх традыцыйных саюзьнікаў і часовага збліжэньня з Кітаем, што спрыяла б росту ваеннай і эканамічнай магутнасьці апошняга. На апошнім этапе павінна было адбыцца “замірэньне” СССР і Кітая, поўнае падпарадкаваньне Эўропы Маскве і капітуляцыя ЗША. Паводле гісторыка Марка Рыблінга са 194 прадказаньняў, зробленых Галіцыным, 139 збыліся да 1993 года, 9 былі цалкам памылковымі а спраўджаньне 46 (у 1994 годзе) нельга было праверыць.

У пачатку 1968 з Чэхаславаччыны ўцёк сакратар камітэта абароны генэрал Ян Сейна. У 1982 г. ён здолеў выдаць кнігу “Мы вас пахаваем”. Незалежна ад Галіцына Сейна фактычна апісвае той жа доўгатэрміновы стратэгічны плян. Савецкія сатэліты былі праінфармаваны аб ім у сярэдзіне 1960-х. Сейна зьяўляўся адным з галоўных распрацоўшчыкаў мерапрыемстваў па рэалізацыі той часткі савецкага стратэгічнага пляну, якую павінна была ажыцьцяўляць Чэхаславаччына. Паводле генэрала, савецкі плян уключаў 4 этапы і павінен быў завяршыцца каля 1995 “эрай глябальнага дэмакратычнага міру”. З кнігі Сейны вынікае вельмі істотнае дапаўненьне – СССР не выключаў магчымасьцяў узброенай агрэсіі як супраць асобных эўрапейскіх краін у выпадку развалу НАТО, так і супраць усяго Альянсу. Гэта цалкам зразумела, бо “фінляндызацыя” не давала такіх магчымасьцяў як непасрэдны вайсковы кантроль.

Савецкае стратэгічнае мысьленьне фактычна сынтэзавала “ленінскі” і “сталінскі” падыходы (“мірны наступ” і адкрытую агрэсію). Пад прыкрыцьцём “раззбраеньня” СССР разгарнуў гіганцкае вайсковае будаўніцтва. Масква штампавала ракеты і танкі, не зважаючы на эканамічныя цяжкасьці. У канцы 1970-х вайсковы балянс пачаў мяняцца на карысьць камуністычных краін. Была дасягнута перавага ў звычайных і стратэгічных наступальных узбраеньнях; створаны цэлыя віды зброі, якія адсутнічалі ў ЗША: біялягічная зброя (Амэрыка аднабакова адмовіліся ад распрацоўкі ў 1969), мабільныя ўстаноўкі для запуску міжкантынэнтальных балістычных ракет; дыпляматычнымі сродкамі была зьнішчана праграма супрацьракетнай абароны ЗША, пры гэтым СССР захаваў магутную зону супрацьракетнай абароны вакол Масквы; “Ісламская рэвалюцыя” нэўтралізавала галоўнага саюзьніка ЗША на Блізкім Усходзе – Іран; Саветы акупавалі Аўганістан; СССР актыўна падсаджваў Эўропу на нафтагазавую іголку; эканоміку заходніх краін ахапіў крызыс.

На пачатку 80-х СССР быў гатовы да нападу на Эўропу. Баявыя дзеяньні маглі б разьвівацца наступным чынам. 1-ы стратэгічны эшалён (эўрапейскія сатэліты СССР і Заходняя група войск) быў бы зьнішчаны войскамі НАТО, падарваўшыся на ядзерных фугасах. У час наступленьня 2-га стратэгічнага эшалёну (войскі з заходніх вайсковых акруг СССР) адбыўся б асноўны абмен ядзернымі ўдарамі. Загінула б большая частка насельніцтва Нямеччыны, Польшчы і, верагодна, Беларусі і Ўкраіны. Войскі 3-га стратэгічнага эшалёну (арміі з унутраных вайсковых акруг СССР) захапілі б Эўропу. Выразна бачачы такую пэрспэктыву, прэзыдэнт Рональд Рэйган неадкладна распачаў актыўнае ваеннае будаўніцтва і эканамічную вайну супраць СССР. Дзякуй Богу, што камуністы не скарысталі для нападу тое акно магчымасьцяў, якое яны мелі. Верагодна тады ў Маскве было прынятае канчатковае рашэньне распачаць перабудову, якую многія гады так старанна рыхтаваў КГБ.

Як і прадказваў Галіцын, перабудова была надзвычай маляўнічай. Аднак, на шчасьце, у Савецкага Саюза шмат што не атрымалася. Нягледзячы на роспуск Варшаўскага дагавора НАТО не развалілася. Аб’яднаньне Нямеччыны пайшло не па савецкім сцэнары. Верагодна, што Масква не чакала такога маштабнага ўздыму нацыянальных рухаў у СССР. Існуюць сьведчаньні, што на Ўкраіне супраць камуністаў рыхтавалася ўзброенае паўстаньне. Магчыма таму Цэнтар пагадзіўся на “незалежнасьць” рэспублік, захаваўшы кантроль над імі праз загадзя выбудаваныя структуры. У канцы 1991 камунізм зрабіў выгляд, што памёр, а Захад з радасьцю прыняў гэтую навіну і кінуўся у віхуру вясельля і марнатраўства. Гэта дало расейскім спэцслужбам неверагодна спрыяльныя ўмовы для дзейнасьці. Пэрыяд прэзыдэнцтва Ельцына быў выкарыстаны для дыскрэдытацыі дэмакратыі і капіталізму ў Расеі. У той час як ЗША раззбройваліся, Расея паціху мадэрнізавала свае ядзерныя сілы (ў тым ліку на амэрыканскія грошы) і разбудоўвала агентурныя сеткі ў ісламскім сьвеце. Пасьля пэрыяду ўяўнай слабасьці, калі многім здавалася, што Расея вось-вось пачне развальвацца, на палітычную сцэну ў адкрытую выйшаў КГБ. Для згортваньня бутафорнай дэмакратыі была выкарыстана вайна ў Чачні. Яна ж паслужыла для Масквы ў якасьці алібі, калі ў 2001 ісламісты напалі на Амэрыку (калі хто ня ведае, 11 верасьня – гэта дзень народзінаў Фелікса Дзяржынскага!). Тэрарыстычная атака на ЗША разьвязала Расеі рукі і ўцягнула Амэрыку ў бясконцыя войны зь “міжнародным тэрарызмам”. Масква актывізавала свой нафтагазавы наступ на Эўропу і ў адкрытую пачала ствараць антыамэрыканскі блёк, аднаўляючы і ўзмацняючы сваю прысутнасьць у Лацінскай Амэрыцы і Афрыцы. У дзеяньнях Крамля прасочваецца пэўная аналёгія са стратэгіяй Сталіна, толькі цяпер усё робіцца з большым майстэрствам, а ролю Гітлераўскай Нямеччыны адыгрываюць “ісламісты” і краіны-ізгоі (Іран, Паўночная Карэя і г.д.). Кітай у адрозьненьні ад СССР–Расеі амаль не зазнаў параз і сваю праграму выканаў на 100%. Інвэстыцыі, тэхналёгіі, рэжым свабоднага гандлю са Злучанымі Штатамі прынесьлі кітайскай кампартыі шалёныя грошы і ўрэшце далі ёй магутную эканамічную зброю, якую Пэкін ў зручны момант выкарыстае напоўніцу. На сёньняшні дзень Кітай пераўтварыўся з адсталай краіны ў эканамічнага монстра, які інтэнсіўна мадэрнізуе армію і флёт для вайны з Амэрыкай. Усё адбылося амаль так, як прадказваў Галіцын!

Магчыма, першапачаткова ў гэта складана паверыць, але калі ўважліва азнаёміцца з адпаведнымі дасьледаваньнямі і супаставіць іх з агульнавядомымі фактамі, то становіцца відавочным, што камунізм не памёр. Наша родная Беларусь – яскравы прыклад. Тут зьнікла хіба што слова “камунізм”. Па ўсёй краіне па-ранейшаму стаяць леніны-дзяржынскія (толькі яшчэ лінія Сталіна дадалася), нават станцыі мэтро вярнулі імя крывавага дыктатара, існуюць піянэрыя і камсамол–БРСМ, герб і сьцяг – савецкія (толькі безь сярпа і молата), намэнклятура, якая зрабіла кар'еру ў СССР, захавала свае крэслы і пры Кебічу, і пры цяперашнім рэжыме (праўда частка камуністаў-камсамольцаў запісалася ў апазыцыю), КГБ нават не зьмяніў сваёй шыльды, а мясцовы начальнік “ласкава” называе яго супрацоўнікаў “чэкістамі”.

У 1990 г. Польскім прэзыдэнтам стаў агент СБ “Болек” – Лех Валэнса, які ў 1980-я зрабіў шмат шкоды Салідарнасьці. У 1992 ён хуценька арганізаваў адстаўку ўрада Альшэўскага, які зьбіраўся правесьці сапраўдную люстрацыю. А прэзыдэнт Лех Качыньскі, які праводзіў незалежную палітыку і змагаўся з савецкай агентурнай сеткай, загінуў у авіякатастрофе разам са сваёй камандай. Калі Леанід Кучма ўзяў курс на ўступленьне Ўкраіны ў НАТО, неўзабаве выбухнуў “касэтны скандал”, які пахаваў надзею на сяброўства ў Альянсе і справакаваў міжнародную ізаляцыю дзяржавы. Віктара Юшчанку атруцілі крамлёўскія агенты, а калі ён выжыў і стаў прэзыдэнтам, “незалежныя журналісты” разгарнулі шалёную кампанію па яго дыскрэдытацыі. Амаль у кожнай краіне былога камуністычнага блёку можна знайсьці палітыкаў, якія сьвядома шкодзілі інтарэсам сваёй дзяржавы на карысьць Маскве (найлепшы прыклад – гэта Юля Цімашэнка, якая ледзь не давяла Ўкраіну да дэфолту і якую, верагодна, будуць судзіць за дзяржаўную здраду).

Зараз Расея і Кітай вядуць эканамічную вайну супраць Захаду і чакаюць абвалу даляра, разбурэньня амэрыканскай эканомікі і грамадзянскай вайны. Калі гэта здарыцца, ваенная моц ЗША аслабне, і тады Расея і Кітай прадэманструюць усяму сьвету сваю вайсковую перавагу. Эўропа дастанецца Расеі, а Кітай будзе кантраляваць Азію і, магчыма, захопіць большую частку тэрыторыі ЗША. Камунізм скіне сваю маску і ў чарговы раз прадэманструе сваё крыважэрнае аблічча. Пральецца мора крыві. Нездарма Расея захоўвае самыя вялікія запасы зброі масавага зьнішчэньня, парушаючы ўсе міжнародныя дамовы. “Бо, калі будуць казаць: “мір і бясьпека”, тады зьнянацку спасьцігне іх пагібель, як мука родамі спасьцігае цяжарную, і ня ўнікнуць” (1 Фес. 5:3). Магчыма, Вас гэта шакіруе, але сусьветная вайна побач. Мы маглі памерці яшчэ ў 1980-я гады, але міласэрны Бог зьлітаваўся над намі. Дык давайце абудзімся і зробім усё, што мы можам. Praemonitus praemunitus.

Абаронім Беларусь – абаронім сябе!

1 жніўня 2011