2011-08-09

Эканамічная вайна = новы фінансавы крызыс

Новы віток фінансавага крызысу, сьведкамі якога мы зьяўляемся – гэта ня проста вынік сыстэмна-структурных праблем у эканоміках заходніх краін. Вобразна кажучы, Захад саштурхоўваюць з краю абрыву, уздоўж якога ён ідзе няўпэўненай хадой. Расея, Кітай і іх саюзьнікі сьвядома вядуць эканамічную вайну супраць Злучаных Штатаў і Эўропы.

У 2009 па замове мінабароны ЗША быў падрыхтаваны даклад, у якім былі прыведзены доказы таго, што тэрарысты або варожыя дзяржавы, выкарыстаўшы ўразьлівыя месцы амэрыканскай фінансавай сыстэмы, ажыцьцявілі фінансавую дывэрсію, якая прывяла да эканамічнага краху 2008. Калі эканамічныя аналітыкі і ўрадавая Камісія па дасьледаваньні фінансавага крызысу ўсклалі віну на такія эканамічныя фактары, як распаўсюджаньне рызыкоўнага іпатэчнага крэдытаваньня і слабае фэдэральнае рэгуляваньне і нагляд, то аўтар даклада для Пэнтагона фінансавы аналітык Кевін Фрыман дадаў да іх новы элемэнт – “вонкавыя сілы” – фактар, які камісія ўвогуле не разглядала! “Існуюць дастатковыя падставы сьцьвярджаць, што зьнешнія сілы справакавалі, павялічылі і скарысталіся эканамічнымі цяжкасьцямі 2008 года”, – гаворыцца ў дакладзе, дзе тлумачыцца, што гэтыя ўнутраныя эканамічныя фактары выклікалі б “нармальны спад”, але не “амаль што крах” сусьветнай эканамічнай сыстэмы, які меў месца.

У канцы зімы 2011 даклад патрапіў у сродкі масавай інфармацыі. 28 лютага Біл Герц, які спэцыялізуецца на пытаньнях бясьпекі, апублікаваў у “Вашынгтон Таймс” артыкул: “У эканамічным краху 2008 падазраюць фінансавы тэрарызм” .


У інтэрвію спадар Фрыман заявіў, што яго даклад зьмяшчае дастатковы тэарэтычны доказ эканамічнага нападу, што апраўдвае далейшае вывучэньне дадзенай праблемы. “Новае поле бітвы – гэта эканоміка, – сказаў ён. – Мы трацім кожны год сотні мільярдаў даляраў на сыстэмы ўзбраеньняў. Але адносна невялікая сума грошай, сканцэнтраваная супраць нашых фінансавых рынкаў з дапамогай дэрыватываў зь вялікай доляй зьнешніх займаў альбо кібэратакі могуць прывесьці да стратаў у трыльёны даляраў. І вінаватыя могуць застацца ня знойдзенымі. Гэта эквівалент нажоў, пранесеных у самалёт”. Аднак, далейшыя дасьледаваньні сувязяў паміж эканамічнай вайной / фінансавым тэрарызмам і крызысам, якія праводзіліся Ўпраўленьнем па канфліктах нізкай інтэнсіўнасьці Пэнтагону, былі заблякаваныя.

У дакладзе сьцьвярджаецца, што першыя два этапы нападу на амэрыканскую эканоміку былі праведзены ў пэрыяд з 2007 па 2009, і “мяркуючы па сёньняшняй актыўнасьці на глябальных рынках, прадказаны трэці этап можа адбывацца прама цяпер”.
  1. Першым этапам стаў уздым спэкулянтамі коштаў на нафту ў пэрыяд з 2007 па першую палову 2008 года, што супала па часе з крызысам іпатэчнага крэдытаваньня.
  2. На другім этапе адбыўся абвал фондавага рынку ў выніку “нападу мядзьведзяў” зь нявызначаных крыніц на Bear Stearns, Lehman Brothers і іншыя фірмы з Уолл-стрыт. “Гэта прывяло да поўнага краху даступнасьці крэдытаў і ледзь ня выклікала глябальную дэпрэсію”.
  3. Трэці этап стаў галоўнай крыніцай уразьлівасьці эканамічнай сыстэмы. “У нас велізарны дзяржаўны доўг, а доступ да рынкаў капіталу ў канцы 2008 і ў пачатку 2009 меў толькі ўрад”, – кажа Фрыман, адзначаючы, што даляр як сусьветная рэзэрвовая валюта знаходзіцца ў вялізнай небясьпецы.
“Калі мэта заключаецца ў зьнішчэньні Амэрыкі, то гульня ўступае ў завяршальную фазу”, – кажа Фрыман, адзначаючы, што кітайскія ваенныя “12 гадоў, а то і больш гавораць аб магчымасьці нанясеньня эканамічнага ўдару па ЗША, аб чым сьведчыць публікацыя ў 1999 годзе кнігі “Unrestricted Warfare” (Неабмежаваная вайна)”. Сярод дадатковых доказаў, прадстаўленых Фрыманам, прысутнічае заява міністра фінансаў ЗША Генры Полсана аб тым, што расейцы ў 2008 прапаноўвалі Кітаю плян выкіду на рынак аблігацый іпатэчных кампаній Fannie Mae і Freddie Mac, якія забясьпечваюцца фэдэральным урадам ЗША.

Сярод фінансавых інструмэнтаў, якія можна выкарыстоўваць у сцэнары эканамічнай вайны, ёсьць крэдытныя дэфолтныя свопы. Гэта нерэгулюемыя кантракты, якія не пакідаюць ніякіх сьлядоў, па якіх пакупнік плаціць прадаўцу ўзнагароджаньне, атрымліваючы ўзамен аблігацыі або крэдыты. У дакладзе гаворыцца, што такія крэдытныя дэфолтныя свопы – гэта ідэальная зброя для правядзеньня “мядзьведжых налётаў”, з дапамогай якіх “можна пазбаўляць кампаніі фінансавай жыцьцяздольнасьці”. Яшчэ адзін інструмэнт эканамічнай вайны, які ў дакладзе зьвязваюць з крахам 2008 года, гэта так званыя “непакрытыя кароткія продажы” акцый, якія вызначаюцца як кароткія продажы фінансавых акцый безь іх запазычваньня. У дакладзе гаворыцца, што ад 30 да 70 адсоткаў падзеньня каціровак дзьвюх атакаваных кампаній (Bear Stearns і Lehman Brothers) адбылося па прычыне няўдалых таргоў пры такіх кароткіх продажах без пакрыцьця. Крах у верасьні 2008 года чацьвертага па велічыні інвэстыцыйнага банка ЗША Lehman Brothers стаў самай значнай падзеяй у гэтым працэсе. Ён неадкладна выклікаў замарожваньне крэдытаў і абвал на рынку каштоўных папер.

У разьдзеле даклада, прысьвечаным пытаньню, хто стаяў за гэтым каляпсам, гаворыцца, што вызначыць актораў вельмі цяжка па прычыне заслоны сакрэтнасьці, якая абкружае таргі ў банкаўскай і фінансавай сфэры. “Рэальнасьць сёньняшняй сытуацыі такая, што хэдж-фонды, якія знаходзяцца за мяжой, ажыцьцяўляючы свае стратэгіі распродажу каштоўных папер з мэтай паніжэньня іх курсу ("напады мядзьведзяў"), могуць рабіць гэта бескантрольна і незаўважна, дзейнічаючы ў інтарэсах і ад імя ворагаў ЗША”, – адзначаецца ў дакладзе.

Між тым, ворагі Амэрыкі добра вядомыя. Гэта Расея і Кітай. Чаму яны гэта робяць, можна даведацца з артыкулаў Дж.Р. Найквіста, які шмат гадоў папярэджвае пра ўразьлівасьць амэрыканскай эканомікі, якая добра вядома расейцам:
За некалькі тыдняў да 11 верасьня 2001 года на парлямэнцкіх слуханьнях у Расейскай Думе крамлёўскі дарадца Тацьцяна Карагіна прадказала тое, што яна назвала “Цунамі 21”. “Галоўны ўдар цунамі, – заявіла яна, – прыйдзецца па Злучаных Штатах Амэрыкі”. Яна не ўдакладніла, хто нанясе гэты ўдар, але пазьней спаслалася на нейкія “ценявыя сілы”. Тацьцяна Карагіна адзначыла, што ў сьвеце назапасілася 400 трыльёнаў даляраў фінансавых актываў, пры тым, што сусьветны валавы ўнутраны прадукт складае толькі 30 трыльёнаў даляраў. Уся структура сусьветных фінансаў была разьдзьмутая і гатовая лопнуць.
Верагодна, што бягучая спроба абваліць амэрыканскі даляр першапачаткова плянавалася на травень 2011. 14 красавіка ў горадзе Санья (КНР) адбыўся саміт БРІК (Бразылія, Расея, Індыя, Кітай і Паўднёвая Афрыка), які па-сутнасьці заклікаў да ліквідацыі даляра ў якасьці сусьветнай рэзэрвовай валюты і замены яго новай рэзэрвовай валютай, якая б забясьпечвалася золатам.


Цяпер мы назіраем новую хвалю атакі. Можна выказаць здагадку, што хваляваньні ў Лёндане – свайго роду акампанэмэнт. Усё вельмі сур’ёзна. А калі хто сумняваецца, то можа пачытаць блог спадара Фрымана – апошнім часам ён падобны на паведамленьні з фронту.

No comments: