2011-08-13

Стратэгія Рональда Рэйгана

У пачатку 1982 года прэзыдэнт Рэйган разам з некалькімі дарадцамі пачаў распрацоўваць стратэгію, якая прадугледжвала атаку на галоўныя, самыя слабыя месцы палітычнай і эканамічнай сыстэмы СССР. Мэты і сродкі гэтага наступу былі зафіксаваныя ў сэрыі сакрэтных дырэктыў па нацыянальнай бясьпецы (NSDD), падпісаных прэзыдэнтам Рэйганам у 1982 – 1983 гадах (афіцыйных дакумэнтах прэзыдэнта, накіраваных дарадцам і дэпартамэнтам, якія займаліся ключавымі праблемамі зьнешняй палітыкі). Гэтыя дырэктывы азначалі пераход Амэрыкі ад абарончай да наступальнай палітыкі.

Рональд Рэйган і Ўільям Кларк

Падпісаная ў сакавіку 1982 года “NSDD-32” рэкамэндавала нэўтралізацыю савецкага кантролю ва Ўсходняй Эўропе і дазваляла выкарыстаньне таемных сродкаў і іншых мэтадаў для падтрымкі антысавецкіх арганізацый у гэтым рэгіёне. Прынятая Рэйганам у лістападзе 1982 года “NSDD-66” аб'яўляла, што мэта палітыкі Злучаных Штатаў – падрыў савецкай эканомікі шляхам нападу на яе “стратэгічную трыяду”, то бок на базавыя сродкі, якія лічыліся асновай савецкай народнай гаспадаркі:
  1. валютныя крэдыты
  2. высокія тэхналёгіі
  3. нафту і прыродны газ
Дарадца Рэйгана банкір Роджэр Робінсан, якога няўдала спрабавала забіць савецкае ГРУ, пазьней назваў гэтую дырэктыву таемным аб'яўленьнем эканамічнай вайны Савецкаму саюзу.

Нарэшце, у студзені 1983 года, Рэйган падпісаў “NSDD-75”, падрыхтаваную гарвардзкім саветолягам Рычардам Пайпсам. Гэтая дырэктыва рэкамэндавала Злучаным Штатам адмовіцца ад канцэпцыі суіснаваньня і фундамэнтальна зьмяніць грамадзка-эканамічную прыроду СССР. Мерапрыемствы па ажыцьцяўленьні стратэгіі былі спынены толькі ў 1987 годзе з-за цяжкай унутрыпалітычнай сытуацыі, якая склалася ў выніку іранскіх падзей, а таксама з-за зыходу з ключавых пастоў асобных дзеячаў і рознагалосьсяў у самой адміністрацыі.

Стратэгія была накіравана супраць ядра савецкай сыстэмы і ўключала:
  • Таемную фінансавую, разьведвальную і палітычную дапамогу руху “Салідарнасьць” у Польшчы, што гарантавала захаваньне апазыцыі ў цэнтры Савецкай імпэрыі;
  • Значную ваенную і фінансавую дапамогу руху супраціву ў Аўганістане, а таксама пастаўкі для маджахедаў, якія давалі ім магчымасьць весьці баявыя дзеяньні на тэрыторыі Савецкага Саюза;
  • Кампаніі па рэзкім памяншэньні паступленьня цьвёрдай валюты ў Савецкі Саюз у выніку зьніжэньня коштаў на нафту пры супрацоўніцтве з Саудаўскай Аравіяй, а таксама абмежаваньне экспарту савецкага прыроднага газу на Захад;
  • Усебаковую і дэталёва распрацаваную псыхалягічную вайну, якая павінна была пасеяць страх і няўпэўненасьць сярод савецкага кіраўніцтва;
  • Комплексныя акцыі сусьветнага маштабу з ужываньнем таемнай дыпляматыі з мэтай максымальнага абмежаваньня доступу Савецкага Саюза да заходніх тэхналёгіяў;
  • Шырока арганізаваную тэхнічную дэзінфармацыю з мэтай разбурэньня савецкай эканомікі; 
  • Рост узбраеньняў і падтрыманьне іх на высокім тэхнічным узроўні, што павінна было падарваць савецкую эканоміку і абвастрыць крызыс рэсурсаў.

Падрабязьней пра стратэгію Рональда Рэйгана і яго каманды можна прачытаць у кнізе, якую напісаў Peter Schweizer: "Victory: The Reagan Administration's Secret Strategy That Hastened the Collapse of the Soviet Union".

Пераклад на расейскую мову: Петер Швейцер. Победа: Роль тайной стратегии администрации США в распаде Советского Союза и социалистического лагеря.

No comments: