Ян Сейна

Ян Сейна (12.05.1927 – 23.08.1997) – высокапастаўлены палітычны і вайсковы дзеяч Чэхаславаччыны (член ЦК, дэпутат парлямэнту, сакратар камітэта абароны, першы сакратар партыі пры міністэрстве абароны, генэрал-маёр). У пачатку 1968 года разам з сынам уцёк празь Італію ў ЗША. Быў дыскрэдытаваны савецкай агентурнай сеткай. У выніку амэрыканская выведка не правяла паўнавартаснага апытаньня генэрала, абмежаваўшыся праблематыкай тактычнага значэньня. У 1982 Сейна выдаў кнігу “Мы вас пахаваем”, прысьвечаную Савецкаму доўгатэрміноваму стратэгічнаму пляну. Выступаў на слуханьнях камісій Кангрэсу ЗША пры абмеркаваньні праблемы невяртаньня камуністычнымі краінамі амэрыканскіх ваеннапалонных часоў Карэйскай і Віетнамскай войнаў. На аснове дадзеных Сейны было напісана дасьледаваньне Дж. Дугласа аб ролі камуністычных краін у сусьветным наркатрафіку (Чырвоны какаін).


10 глава кнігі “Мы вас пахаваем”
(скарочаны пераклад з ангельскай мовы)

Стратэгічны плян

З таго часу, калі я пакінуў Чэхаславаччыну, Стратэгічны плян, безумоўна, зьмяніўся ў дэталях, бо кожны разьдзел Пляна падлягае пастаяннаму перагляду, каб пераканацца, што ён прымае пад увагу новыя фактары, прыўнесеныя зьменамі ў сусьветных палітычных сілах, і непрадбачаныя дасягненьні ў заходніх тэхналёгіях, якія робяць неабходнымі савецкія ініцыятывы па кантролі над узбраеньнямі. Заўсёды было відавочна, што мэты Пляна былі нязьменнымі, але сродкі і мэтады іх дасягненьня былі гнуткімі. Такая гнуткасьць часта бянтэжыць заходніх палітычных аналітыкаў, якія маюць тэндэнцыю блытаць зьмены ў тактыцы з глыбокімі зьменамі ў савецкім мысьленьні. Прыкладам гэтага зьяўляецца працэс “дэсталінізацыі”, праведзенай Хрушчовым, якая вымусіла назіральнікаў на Захадзе лічаць, што кіраўніцтва адмовілася ад мэтаў Сталіна. На самай справе яны толькі адкінулі яго мэтады.

Адна з асноўных праблем Захаду – яго частая няздольнасьць вызначыць існаваньне савецкай “вялікай задумы” ўвогуле. Такім чынам, адмаўленьне ад гэтай канцэпцыі мімаволі служыць савецкім намаганьням прыхаваць свае мэты і яшчэ больш ускладняе працэс вызначэньня такіх мэтаў. Хаця многія заходнія палітолягі высьмейваюць саму ідэю пасьлядоўнай савецкай стратэгіі, Брэжнеў заявіў, што “ліквідацыя каляніяльных імпэрый была фактычна завершаная ў сямідзесятых гадах. Сфэра імпэрыялістычнага панаваньня ў сьвеце звузілася”.

Аднак, ня ўсе буйныя савецкія мэты былі дасягнуты. Саветы былі надзвычай няўдалымі на Блізкім Усходзе, які яны разьлічвалі кантраляваць ужо да 1982 года. Іх першая буйная параза адбылася, калі Егіпет адмовіўся ад дыктату СССР і зьвярнуўся за эканамічнай і ваеннай дапамогай да ЗША. Пазьней выключэньне СССР з працэсу перамоў аб мірным урэгуляваньні на Блізкім Усходзе стала адной з галоўных перашкод па дасягненьні мэт Пляна ў гэтым рэгіёне…

Нарэшце, магчыма, самае галоўнае – СССР ня змог дасягнуць поўнай інтэграцыі ў савецкую сыстэму іншых краін Варшаўскага дагавора. Насамрэч, кантроль над сваімі сатэлітамі аказваўся ўсё больш цяжкім, а цяперашняя сытуацыя ў Польшчы паказвае, што мэты Пляна па-ранейшаму сутыкаюцца з сур'ёзнымі перашкодамі ў найбольш важным для СССР рэгіёне.

Гэтыя няўдачы, якія зьяўляюцца часовымі замінкамі, на Захадзе часта разглядаюцца як відавочнае і натуральнае сьледзтва савецкай эканамічнай і палітычнай слабасьці. Гэта вельмі небясьпечны погляд, які ігнаруе каварны і настойлівы характар асобаў, адказных у СССР за прыняцьце рашэньняў …

Тым ня менш, час ад часу Саветы робяць тактычныя зьмены. Напрыклад, каб супакоіць шум, выклікалі ў 1968 годзе ўварваньнем ў Чэхаславакію, адкрытая савецкая ваеннай дзейнасьць была згорнута, і заставалася на такім узроўні да інвазіі ў Аўганістан у 1979 годзе. Акрамя таго, рыторыка аб “сацыялістычным адзінстве” была зьменшана ў пэрыяд з 1968 да 1974 года. Але задачы пляна не былі скасаваныя, і прыцягвалася ўсё большая колькасьць савецкіх сурагатаў (асабліва кубінцаў), каб выкарыстаць узьніклыя магчымасьці і садзейнічаць дасягненьню мэтаў.

Падобным чынам пасьля трох гадоў акупацыі Аўганістана, у час якой увага сусьвету пераключылася на іншыя справы, Брэжнеў пачаў казаць аб новым наступе і актывізацыі палітыкі “мірнага суіснаваньня”. Такую рыторыку варта разглядаць у сьвятле мэты Стратэгічнага Пляна – ўсталяваць пасьля канчатковай савецкай перамогі “сусьветны мір” ці “ўсеагульны мір”, як ён названы ў выступе Брэжнева на XVI зьезьдзе КПСС. Гэтая фармулёўка падтрымлівае выказваньне Хрушчова аб тым, што ня можа быць трывалага міру, пакуль існуе капіталізм.

Хоць галоўнай мішэньню Стратэгічнага Пляна зьяўляюцца Злучаныя Штаты, прамы напад на іх нанёс бы Савецкаму Саюзу сур'ёзны ўрон. Таму, каб пазьбегнуць прамога канфлікту з ЗША, Плян заклікае да ізаляцыі “галоўнага ворага” праз “фінляндызацыю” Эўропы, скарачэньне заходняга палітычнага і эканамічнага доступу да трэцяга сьвету шляхам устанаўленьня прасавецкіх рэжыму ўсюды, дзе і калі толькі гэта магчыма, і партызанскую вайну ў раёнах, якія маюць важнае значэньне для ЗША (такіх як Цэнтральная Амэрыка).

Савецкі стратэгічны плян па ўсталяваньні “сацыялізму” ва ўсім сьвеце, безумоўна, існуе, і, якой бы гнуткай і прагматычнай не была палітыка СССР, па-сутнасьці накіраваны на дасягненьне мэтаў Пляна – мэтаў, якія былі, ёсьць і будуць заставацца надзвычай варожымі і разбуральнымі для свабоды, якой карыстаюцца дзяржавы заходняга сьвету.

Краіны-сатэліты ўпершыню пачулі аб Пляне ў сярэдзіне 1960-х. Яны былі заклапочаныя ў сувязі з адсутнасьцю доўгатэрміновага кіраваньня з Масквы, якая кантралявала цэнтральны апарат плянаваньня, але не магла даць нам якія-небудзь указаньні адносна яе канчатковых мэтаў. Вынікам стаўся эканамічны хаос ва Ўсходняй Эўропе. Мы працавалі па нашых пяцігадовых плянах, а расейцы рэгулярна іх ігнаравалі … Выдаткі нашага ваеннага бюджэту і, як сьледзтва, зьнясіленьне нашай эканомікі былі велізарнымі. Гэтая вечная няўпэўненасьць карміла інфляцыю, а таксама мела палітычныя наступствы, бо падкрэсьлівала каляніяльны статус і рабіла немагчымым пераканаўча растлумачыць розным камуністычным партыям выкрутасы і павароты палітыкі, якая нам навязвалася. Акрамя таго, нашы лідэры мелі сур'ёзныя падазрэньні, што нашы гаспадары ў Крамлі распрацавалі стратэгічныя задачы, якія яны хаваюць ад іншых рэжымаў Варшаўскага дагавора.

Праект гэтага Пляна ўпершыню быў абмеркаваны на нарадзе краін Варшаўскага дагавора ў Маскве ў кастрычніку 1966 года. Савецкая дэлегацыя на чале з Брэжневым прапанавала, што краіны Варшаўскага Дагавора павінны разам распрацаваць Стратэгічны Плян … Гэты Плян будзе дапаўняць існуючыя пяцігадовыя пляны, якія стануць тактычнымі дакумэнтамі, якія вызначаюць мэты, што павінны быць дасягнуты на кожным этапе Стратэгічнага Пляна. Яго поўная назва была наступнай: “Доўгатэрміновы стратэгічны плян на бліжэйшыя дзесяць-пятнаццаць гадоў і наступныя гады”. Існуючыя пяцігадовыя пляны, з чым мы ўсе пагадзіліся, выявіліся нерэальнымі і вельмі неадпаведнымі. Іхнія недахопы былі відавочныя для заходніх назіральнікаў, таму што іх эканамічныя і палітычныя мэты заўсёды публікаваліся. Разьдзелы, зьвязаныя з ваеннымі пытаньнямі, выведкай і зьнешняй палітыкай былі, вядома, сакрэтнымі.

Усе дэлегацыі краін Варшаўскага дагавора ўхвалілі савецкую прапанову, і зь лютага 1967 года кожнае партыйнае кіраўніцтва атрымлівалі рэгулярныя савецкія дырэктывы, якія падрабязна вызначалі ролю іх краіны ў агульным пляне. Завяршэньне складаньня пляна было прызначана на верасень 1968 года. У Чэхаславакіі вышэйшая адказнасьць за гэта была ўскладзена на намесьніка Навотнага, Іржы Гендрыха. Уладзімір Каўцкі кантраляваў разьдзел замежных спраў, а Іосіф Гамулка (ня блытаць з польскім лідэрам) курыраваў ваенны плян. Звонку былі кааптаваныя экспэрты для ажыцьцяўленьня спэцыялізаванай працы. Ключавым аддзелам быў Адміністратыўны аддзел Цэнтральнага камітэта Гамулкі, які кіраваў узброенымі сіламі, а таксама міністэрствамі ўнутраных спраў і юстыцыі. Я быў членам гэтага аддзела і меў неабмежаваны доступ да Пляна.

Яго ўнутраныя эканамічныя аспэкты цікавыя толькі тым, што праліваюць сьвятло на савецкі падыход да мірнага суіснаваньня. Канчатковай мэтай было дасягненьне практычнай самадастатковасьці краінаў Усходняй Эўропы ў канцы 1980-х. Лічылася, што да таго часу Савецкі Саюз не перагоніць Злучаныя Штаты ва ўсіх сфэрах эканомікі, але Плян аддаваў прыярытэт ліквідацыі навукова-тэхналягічнага адставаньня і, нават, трыманьню перавагі над ЗША ў тэхналёгіях ваеннага прызначэньня. Акцэнт ва ўнутраным пляне на паскарэньне тэмпаў навукова-тэхнічнага і прамысловага разьвіцьця абгрунтоўваўся ня з пункту гледжаньня павышэньня ўзроўню жыцьця насельніцтва, а выключна неабходнасьцю дасягненьня рэвалюцыі ў вайсковай сфэры. Больш таго, генэральныя штабы атрымалі права кантраляваць цывільныя навукова-дасьледчыя праграмы для забесьпячэньня належнага балянсу паміж цывільнымі і ваеннымі праектамі.

Галоўным зьвяном, якое злучала ўнутраны і зьнешні разьдзелы Стратэгічнага пляна, была мілітарызацыя грамадзтва. Узброеныя сілы мусілі быць ахоўнікамі “дэмакратычнага сацыялізму” як дома, так і за мяжой.

Зьнешнепалітычная частка Пляна вызначала асноўныя зьнешнепалітычныя задачы краін Варшаўскага дагавора і канкрэтызавала ролю, якую павінны былі адыгрываць у іх ажыцьцяўленьні дыпляматыя, зьнешні гандаль, узброеныя сілы, шпіянаж і падрыўная дзейнасьць.Таксама існавала спасылка на культурныя мерапрыемствы, прапаганду, турызм, спорт … Зьнешнепалітычная частка была падзелена на чатыры этапы, якія прагназавалі будучыя падзеі на аснове бягучых і заплянаваных дзеяньняў, і ўсталёўвалі прыкладныя тэрміны завяршэньня кожнага этапу.

Першы этап, “Пэрыяд падрыхтоўкі да мірнага суіснаваньня”, быў рэтраспэктыўны і ўключаў час з XX-га зьезду КПСС у 1956 годзе да XXI-га зьезду ў 1959 годзе. Чакалася, што другі этап, “Барацьба ў час мірнага суіснаваньня” (зьвярніце ўвагу на слова “барацьба”), будзе доўжыцца з 1960 па 1972 год – год пасьля XIV зьезду партыі. Трэці этап – гэта “Пэрыяд дынамічных сацыяльных зьменаў”, якія мусілі прывесьці да чацьвёртага этапу – “Эпохі ўсясьветнага дэмакратычнага міру”, якая павінна наступіць у 1995 годзе.

Па савецкіх ацэнках, пасьляваенная ізаляцыя Варшаўскага дагавора, узьнікшая ў выніку сталінскай палітыкі, была пераадолена падчас першага этапу. Хрушчоўская палітыка дэсталінізацыі расчыніла вароты на Захад. Яго дасягненьнем стала перакананьне Захаду ў тым, што Варшаўскі дагавор гатовы зьмяніць ваеннае саперніцтва на эканамічную канкурэнцыю.

На другім этапе асноўныя стратэгічныя задачы заключаліся ў садзейнічаньні разьяднанасьці на Захадзе і паскарэньню сацыяльнай фрагмэнтацыі капіталістычных краін. У Эўропе мы павінны былі старацца перабольшваць страхі адраджэньня Германіі і гуляць на французскім нацыяналізму, каб аддзяліць Францыю ад НАТО. Мы плянавалі выкарыстаць наша пранікненьне ў эўрапейскія сацыял-дэмакратычныя партый, каб аслабіць іх сувязі са Злучанымі Штатамі і ўмацаваць іхняе жаданьне да замірэньня з Варшаўскім дагаворам. Мы меркавалі маніпуляваць прафсаюзным рухам і студэнцкімі арганізацыямі, каб узмацніць існуючыя прычыны для сацыяльных і прамысловых хваляваньняў і стварыць новыя асяродкі канфрантацыі. Мы таксама зьбіраліся выкарыстаць антыамэрыканізм ў Эўропе, каб аслабіць схільнасьць Амэрыкі яе абараняць. У ЗША мы павінны былі заахвочваць ізаляцыянізм і распальваць унутраныя беспарадкі, надаючы асаблівую ўвагу нападам радыкальнага руху на ваенныя і прамысловыя колы, як на перашкоды для міру. Тут мы атрымалі нечаканы падарунак ад вайны ў Віетнаме.

У краінах трэцяга сьвету нашымі мэтамі было зьнішчэньне “каляніялізму”, аслабленьне эканомікі старых каляніяльных дзяржаваў і заваяваньне новых саюзьнікаў па намаганьні дыскрэдытаваць “сілы імпэрыялізму”, вядома, на чале са Злучанымі Штатамі. Ніхто ня можа аспрэчваць наш посьпех у дасягненьні гэтых мэтаў, якім дапамагло наша выкарыстаньне новага раскладу галасоў у Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.

На Блізкім Усходзе мы павінны былі садзейнічаць арабскаму нацыяналізму, спрыяць нацыяналізацыі нафты і працаваць над зьвяржэньнем арабскіх манархій і заменай іх “прагрэсіўнымі” ўрадамі. Згодна нашым прагнозам у Пляне, прыкладна з 1977 года новыя рэжымы Блізкага Ўсходу павінны былі пачаць рэагаваць на нашу стратэгію і з дапамогай сваёй нафты даць нам магчымасьць нанесьці па капіталізму паралізуючы ўдар.

На другім этапе, мы таксама лічылі неабходным павялічыць агнявую моц Варшаўскага дагавора, выкарыстаўшы найноўшыя навукова-тэхнічныя дасягненьні для мадэрнізацыі нашых узброеных сілаў, і такім чынам кампэнсаваць пагадненьні па абмежаваньні ўзбраеньняў, падпісаць якія мы маглі палічыць карысным …

Асноўнай стратэгічнай мэтай трэцяга этапу – “Пэрыяду дынамічных сацыяльных зьменаў” – было, згодна словам савецкай дырэктывы, “разьбіць надзеі ілжывай дэмакратыі” і дабіцца агульнай дэмаралізацыі Захаду. На гэтым этапе нашы адносіны з ЗША павінны былі стаць жыцьцёва важным элемэнтам. Падтрымліваючы веру ў нашу палітыку сяброўства і супрацоўніцтва з Амэрыкай, мы плянавалі атрымаць максымальна магчымую эканамічную і тэхналягічную дапамогу ад Захаду, і ў той жа час пераканаць капіталістычныя краіны, што яны ня маюць патрэбы ў ваенных саюзах. Эрозія НАТО, распачатая на другім этапе, павінна была завяршыцца адмовай ЗША ад сваіх абавязкаў па абароне Эўропы і непрыхільнасьцю эўрапейцаў да ваенных расходаў, выкліканай эканамічным спадам і разьдзьмутай стараньнямі “прагрэсіўных” рухаў. Мы меркавалі, што для гэта можа спатрэбіцца распусьціць Варшаўскі дагавор, на выпадак чаго мы загадзя падрыхтавалі сетку двухбаковых пагадненьняў па абароне, якія павінны былі кантралявацца таемнымі камітэтамі Савета эканамічнай узаемадапамогі.

Савецкі погляд заключаўся ў тым, што ў час трэцяга этапу капіталізм будзе пакутаваць ад эканамічнага крызысу, які паставіць Эўропу на калені і пасадзейнічае росту ўплыву “прагрэсіўных” сіл у эўрапейскіх урадах. Нашы распрацоўшчыкі верылі, што на гэтым этапе мы маглі скінуць з рахункаў верагоднасьць сусьветнай вайны, таму што ЗША павінны былі адмовіцца ад сваіх абавязкаў дапамагаць былым саюзьнікам. Такім чынам, калі б гэта запатрабавалася, мы маглі б распаліць лякальныя ці рэгіянальныя войны ў Эўропе ў падтрымку прагрэсіўных рухаў. Як толькі Амэрыка адмовілася б ад абароны Эўропы, мы павінны былі прыкласьці намаганьні, каб пераканаць эўрапейцаў, што ЗША праводзілі своекарысьлівую палітыку і, нават, таемна дзейнічалі супраць іх. Так мы павялічылі б ізаляцыю Амэрыкі.

Згодна з плянам, мы – чэхі – мусілі засяродзіць нашы намаганьні на тых краінах, зь якімі ў нас да Другой сусьветнай вайны былі цесныя сувязі. Мы павінны былі пранікнуць у сацыял-дэмакратыі Германіі, Аўстрыі, Бэльгіі і Скандынавіі, таксама мы запусьцілі дэзінфармацыйныя апэрацыі, асабліва ў Францыі. Мы павінны былі працягваць вярбоўку і навучаньне навабранцаў з Лацінскай Амэрыкі і Брытанскай Садружнасьці з мэтай зьвяржэньня ўрадаў іх краін … На Блізкім Усходзе ў нас была асаблівая адказнасьць за пранікненьне і шпіянаж у Сірыі, Кувэйце, Іраку і Альжыры. Таксама нашым заданьнем было забясьпечыць, каб у выпадку вайны ў гэтых краінах былі зьнішчаны нафтаправоды.

Чацьвёрты і заключны этап пляна чакаў надыходу “сусьветнага дэмакратычнага міру”. На пачатку чацьвёртага этапу ЗША былі б ізаляваныя ад Эўропы і краін трэцяга сьвету. Тады мы маглі падарваць іх, выкарыстаўшы зьнешнюю эканамічную зброю, і такім чынам стварыць сацыяльна-эканамічныя ўмовы для выхаду на паверхню ўнутры краіны прагрэсіўных сіл. На гэтым этапе плян прадугледжваў узнаўленьне гонкі ўзбраеньняў, што прывяло б да канчатковай ваеннай перавагі Варшаўскага дагавору, якую Злучаныя Штаты мусілі б прыняць.

Відавочна, што тэрміны гэтых разнастайных этапаў зьмяніліся ў сувязі з падзеямі, непрадказальнымі ў 1967 годзе. Напрыклад, “Праская вясна” і наступны крызыс 1968 года павінны былі замарудзіць выкананьне Пляна на год, а магчыма, болей. Больш за тое, ніхто не прадбачыў, што эканамічны спад на Захадзе прыйдзе так рана, як вынік узьлёту кошту нафты пасьля Вайны Суднага дня … Аднак, на якія б саступкі не былі гатовыя савецкія лідэры, іх доўгатэрміновыя мэты застаюцца нязьменнымі. Як сказаў Хрушчоў: “Мы вас пахаваем”.

Калі мае сябры і я вывучалі Стратэгічны плян, наша першапачатковая рэакцыя былі аднолькавая – мы палічылі яго цалкам нерэальным, асабліва ў тэрмінах, якія мы палічылі дзіка аптымістычнымі. Некаторыя з нас, уключаючы мяне, нават спадзяваліся, што на працягу пэрыяду яго выкананьня СССР можа зьмяніцца, а зь ім – і ўвесь плян. Калі гэта не адбылося б, то пэрспэктыва была вельмі сумнай, таму што мы атрымалі ад Пляну такое ўражаньне, што Савецкі Саюз паспрабуе панізіць статус краін-сатэлітаў, уключаючы Чэхаславакію, да рангу савецкіх рэспублік. Іншымі словамі, мы сталі б часткай вялікага Савецкага Саюза.

Але я стаў яшчэ больш пэсымістычным, калі я зьбег і пабачыў уласную палітыку Захаду. Я ня змог знайсьці сярод заходніх краін ні адзінства, ні пасьлядоўнай задачы або стратэгіі. Не магчыма змагацца з савецкай сыстэмай і стратэгіяй невялікімі тактычнымі крокамі. Упершыню я пачаў верыць, што Савецкі Саюз зможа дасягнуць сваёй мэты – таго, у што я ня верыў у Чэхаславакіі.

Аднак у апошні час я прыйшоў да высновы, што Захад мае шанец. Аптымізм Крамля паміж 1960 і 1970 годам быў далёкі ад рэальнасьці. Большасьць лідэраў у краінах трэцяга сьвету не захапляюцца камунізмам. Сацыялізм, які існуе ў Азіі і Афрыцы, у большасьці выпадкаў далёкі ад марксісцкага камунізму. І таму цяпер я трохі больш аптымістычны, асабліва пасьля савецкай няўдачы ў Эгіпце, якая нашмат пераўзыходзіць посьпехі СССР у Анголе і Этыёпіі.

Што працягвае мяне турбаваць, дык гэта адсутнасьць у Захаду адзінства і пасьлядоўнай стратэгіі, сытуацыя зь якімі ў апошнія некалькі гадоў, вядома, не палепшылася. Больш за тое, не дастаткова проста мець плян супрацьстаяньня, або, нават, зьнішчэньня камунізму. Штосьці лепшае павінна быць прапанавана на яго месца. Якая праграма Захаду? Якая яго стратэгія? Да гэтага часу я ня чуў ад заходніх палітыкаў нічога зразумелага наконт гэтага. Вядома, праблема дэмакратычнай сыстэмы палягае ў тым, што немагчыма ўсталяваць якую-небудзь пасьлядоўную стратэгію або палітыку, калі кожныя чатыры ці пяць гадоў зьмяняецца ўрад.

Яшчэ адной прычынай для заклапочанасьці зьяўляецца тое, што многія людзі на Захадзе, у тым ліку некаторыя зь яго лідэраў, не разумеюць рэальнае значэньне разрадкі для Савецкага Саюза. Калі разам зь іншымі чэскімі кіраўнікамі я сустракаўся з Брэжневым у Маскве ў 1966 годзе, мы абмяркоўвалі разрадку, і ён сказаў наступнае: “Некаторыя левыя экстрэмісты не разумеюць разрадкі. Яны думаюць, што мы здаемся капіталістам. Яны не разумеюць, што гэта разьвязвае нам рукі – разьвязвае рукі амаль усім камуністычным рухам у сьвеце, а гэта самае галоўнае”.

Разрадка таксама дапамагае СССР стварыць моцную эканоміку, а разам зь ёй – мацнейшыя ўзброеных сіл. Яна таксама мае палітычнае значэньне, таму што дазваляе савецкім лідэрам паляпшаць, хаця б нязначна, узровень жыцьця сваіх народаў, і ажыцьцяўляць большы эканамічны кантроль над краінамі Ўсходняй Эўропы. Нарэшце, СССР мае сур'ёзныя цяжкасьці ў выдаткаваньні дапамогі слабаразьвітым краінам, і таму, чым большую эканамічную выгаду Савецкі Саюз атрымае ад Захаду, тым больш ён зможа ўплываць на краіны трэцяга сьвету.