2012-11-03

Апэрацыя “Трэст” – прататып для стварэньня псэўдаапазыцыі

У 1921 годзе, калі была запушчана Новая эканамічная палітыка, ОГПУ стварыла на тэрыторыі Савецкай Расеі фальшывую антысавецкую арганізацыю – Манархічны саюз Цэнтральнай Расеі. Калісьці гэта была сапраўдная арганізацыя, заснаваная царскімі генэраламі ў Маскве і Петраградзе, але ліквідаваная савецкай службай бясьпекі ў 1919–1920. Намінальна рух ўзначальвалі былыя члены гэтай арганізацыі, у тым ліку царскія генэралы і прадстаўнікі старой арыстакратыі, якія перайшлі на бок савецкай улады. Іх ляяльнасьць да савецкай улады не выклікала сумненьняў, бо яны здрадзілі сваім былым сябрам з антыкамуністычнага падпольля. Гэта царскія генэралы Брусілаў і Заянчкоўскі, царскі ваенны аташэ ў Югаславіі генэрал Патапаў і царскі чыноўнік міністэрства шляхоў зносін Якушаў. Найбольш актыўным агентам “Трэсту” зьяўляўся былы афіцэр выведкі Генэральнага штаба царскай Расеі, адным з мноства імён якога было Апэрпут.

Агенты “Трэста” наведалі замежжа і ўсталявалі таемныя сувязі з сапраўднымі эмігранцкімі антыкамуністычнымі лідэрамі быццам бы з мэтай каардынаваць дзейнасьць супраць савецкай улады. Яны сустракаліся з такімі ўплывовымі эмігрантамі як Барыс Савінкаў і генэралы Ўрангель і Куцепаў.

У ходзе кантактаў гэтыя агенты паведамілі, што антысавецкі манархічны рух на тэрыторыі Савецкай Расеі, які яны прадстаўлялі, быў добра арганізаваны, пранік у вышэйшыя эшалёны арміі, службы бясьпекі і ўраду і ў адпаведны час возьме ўладу і адновіць манархію. Яны пераканалі эмігранцкіх лідэраў, што рэжым зьведаў радыкальныя зьмены. Камунізм цалкам праваліўся, ідэалёгія памерла, цяперашнія лідэры ня мелі нічога агульнага з фанатычнымі рэвалюцыянэрамі мінулага. У глыбіні душы яны былі нацыяналістамі, і іх рэжым эвалюцыянаваў ва ўмераны нацыянальны рэжым і мог хутка абрынуцца. НЭП варта разглядаць як першую важную саступку на шляху да аднаўленьня капіталізму ў Расеі. Неўзабаве будуць зробленыя палітычныя саступкі. У сувязі з гэтым, казалі агенты “Трэста”, любое умяшаньне або жэст варожасьці з боку эўрапейскіх дзяржаў або эмігранцкага руху будуць непрадбачлівымі, калі не трагічнымі, бо яны толькі аб'яднаюць расейскі народ вакол свайго ўраду і так паспрыяюць ягонаму выжываньню. Эўрапейскія ўрады і эмігранцкія лідэры павінны пакласьці канец антысавецкай тэрарыстычнай дзейнасьці і зьмяніць сваё стаўленьне да савецкага рэжыму з варожасьці на пасіўнае прыняцьце. Яны павінны гарантаваць дыпляматычнае прызнаньне і павялічыць гандаль. У гэтым выпадку яны атрымаюць лепшыя магчымасьці ўнесьці свой уклад у эвалюцыйны працэс. Эмігранцкія лідэры павінны вярнуцца ў Расею, каб унесьці свой уклад.

Канешне, сярод эмігрантаў былі скептыкі, але прэстыж кіраўнікоў арганізацыі (асабліва генэрала Брусілава) пераканаў большасьць. Яны прынялі за чыстую манэту дэзінфармацыю “Трэста” і перадалі яе сваім уплывовым сябрам у эўрапейскіх разьведвальных службах. У той час, калі яна была перададзеная ўрадам у якасьці “сакрэтнай” разьведвальнай інфармацыі, яна выглядала ўжо больш пераканаўча, і калі праз пэўны час гэтая ж гісторыя пачала пацьвярджацца іншымі крыніцамі, яна стала “сакрэтнай і надзейнай”. Эўрапейскія разьведкі вынесьлі свой вэрдыкт, і здавалася неверагодным, што ўсе яны маглі памыліцца.

У той час як “Трэст” расквітнеў, ОГПУ ўзяло пад свой кантроль (цалкам ці часткова) два іншыя рухі, якія павінны былі ўзьдзейнічаць на палітычны клімат на карысьць НЭП. Гэта рух “Зьмена вех” і “Эўразійскі” рух. Першы быў выкарыстаны савецкай службай бясьпекі, каб прымусіць эмігрантаў і эўрапейскіх інтэлектуалаў паверыць, што сіла камуністычнай ідэалёгіі на зыходзе і савецкая ўлада разьвіваецца ў больш умераную нацыянальную дзяржаву. Пры неафіцыйнай дапамозе ўраду ў Празе і Парыжы рух друкаваў штотыднёвы часопіс “Зьмена вех”, а ў Бэрліне – газэту “Напярэдадні”. У 1922 годзе з пэўнай перасьцярогай савецкі ўрад дазволіў друкаваць два часопісы ў Ленінградзе і Маскве: “Новая Расея” і “Расея”. Яны павінны былі аказваць аналягічны ўплыў на інтэлектуалаў унутры краіны.

Да 1926 года ўсе публікацыі руху “Зьмена вех” былі згорнутыя, рух быў распушчаны, а некаторыя зь яго лідэраў у Савецкім Саюзе – арыштаваныя. Афіцыйныя савецкія публікацыі часткова пацьвердзілі выкарыстаньне руху і апісалі яго канец. Неўзабаве пасьля гэтага апэрацыя “Трэст” была спыненая пасьля арышту тых праціўнікаў рэжыму, якія не былі дастаткова разумнымі, каб не раскрыць сябе праз супрацоўніцтва з “Трэстам”.

Каб зрабіць уражаньне на савецкіх людзей па усёй краіне былі праведзеныя працэсы над прадстаўнікамі апазыцыі – часам сапраўднай, а часам фальшывай. За мяжой былі выкарыстаныя розныя сродкі каб пашкодзіць, парушыць і дыскрэдытаваць як эмігранцкі рух, так і эўрапейскія выведкі. Іх агенты – як сапраўдныя, так і фальшывыя – былі завочна публічна асуджаныя. Лідэраў эмігранцкага руху, эўрапейскіх журналістаў, бізнэсмэнаў, дыпляматаў і ўрадавых чыноўнікаў шантажыравалі на падставе іх удзелу ў працы на савецкую разьведку. Асобных лідэраў эмігрантаў, у тым ліку Барыса Савінкава, генэрала Куцепава і амбасадара Эстоніі ў Маскве Бірка выкралі. Скампрамэтаваныя шпіёны былі абмененыя або высланыя. Асобныя людзі і ўрады былі выстаўленыя на пасьмешышча як “дурні, якія былі ўведзеныя ў зман разумнай правакацыю ОГПУ” альбо на іх аказваўся ціск ці ажыцьцяўляўся шантаж праз пагрозу дыскрэдытацыі. Напрыклад, у 1944 годзе падчас савецкай акупацыі Фінляндыі Жданаў пагражаў фінскаму прэзыдэнту Манэргейму, што калі ён ня выканае савецкія патрабаваньні, ён будзе аддадзены пад суд за ўдзел у антысавецкай дзейнасьці падчас апэрацыі “Трэст” і, такім чынам, будзе выкінуты з палітыкі.

New Lies For Old – The Communist Strategy of Deception and Disinformation. p. 13–15.

No comments: