2012-04-23

Зварот да беларускай рэдакцыі Радыё Свабода

Паважаная рэдакцыя “Радыё Свабода”! Я зьяўляюся сталым чытачом вашага вэб-сайта і часам пакідаю камэнтары пад нікнэймам “Абаронім Беларусь”. Зьвярнуцца з адкрытым лістом на ваш адрас мяне вымусіла сыстэматычнае парушэньне з вашага боку прынцыпу бесстароннасьці, закладзенага ў Прафэсійны кодэкс журналіста Радыё Свабода:

Інфармацыя падаецца ў кантэксьце фактаў, якія дапамагаюць разуменьню падзеяў і праблемаў і надаюць яснасьць без перакручваньня і прадузятасьці.
Журналісты падаюць супрацьлеглыя або адрозныя погляды ва ўсіх пытаньнях дакладна і збалянсавана. Калі прадстаўнікі боку, чые погляды важныя для збалянсаванасьці праграмы, адмаўляюцца выказацца для радыё, гэта належыць адзначыць у матэрыяле або артыкуле.
РС не залежыць ад ніякіх палітычных партыяў, кіруючых або апазыцыйных колаў, эмігранцкіх арганізацыяў, камэрцыйных або іншых арганізацыяў са спэцыяльнымі інтарэсамі, рэлігійных установаў, як у межах гэтак і па-за межамі краінаў, на якія скіраванае тэле- і радыёвяшчаньне РС (“Зона вяшчаньня”). РС не падтрымлівае і не прапагандуе ніякія канкрэтныя палітычныя, эканамічныя або рэлігійныя сьветаглядныя пазыцыі.
Усе перадачы і публікацыі павінны ўтрымліваць элемэнты базавай інфармацыі і тлумачэньня, якія дапамогуць аўдыторыі лепш зразумець значэньне і наступствы перадаванай інфармацыі. Журналісты ня могуць выказваць у інфармацыйных матэрыялах свае асабістыя погляды і меркаваньні.

Вышэйзгаданыя падыходы неаднаразова парушаліся пры асьвятленьні важных падзей на Ўкраіне і ў Польшчы. У шэрагу публікацый чытачам навязвалася пазыцыя пэўных палітычных сіл і адначасова замоўчваліся шакіруючыя факты і падрабязнасьці.

Асьвятленьне падзей вакол экс-прэм'ера Ўкраіны Юліі Цімашэнкі на РС нагадвае прымітыўную дэзінфармацыю. Чытачам паведамляюцца толькі заявы прадстаўнікоў БЮТ, адвакатаў, асобных эўрапейскіх палітыкаў і пэўных палітолягаў, аднак прыхоўваецца інфармацыя сьледчых і праваахоўных органаў, а таксама меркаваньні палітычных апанэнтаў Цімашэнкі. Ад чытачоў сайта РС хаваюцца наступныя факты:

1. Расьсьледаваньне справы аб заказным забойстве канкурэнта Цімашэнкі Яўгена Шчэрбаня, у тым ліку:
- заява сына Шчэрбаня, які прама назваў Лазарэнку і Цімашэнку заказчыкамі забойства;
- паказаньні кілераў, якія называюць Цімашэнку заказчыкам;
- факт аплаты забойства з рахункаў, якія кантралявала Цімашэнка і г.д.

2. Справаздача спэцыяльнай камісіі Вярхоўнай Рады, у тым ліку інфармацыя пра:
- наяўнасьць доўгу кампаній Цімашэнкі перад Мінабароны Расеі і крымінальнай справы ў Расеі за дачу хабару;
- шантаж кіраўніка “Нафтагазу” пры падпісаньні незаконнай газавай дамовы;
- прыкметы дзяржаўнай здрады з боку Цімашэнкі.

3. Фігураваньне імя Цімашэнкі ў афіцыйных дакумэнтах пракуратуры і судоў ЗША як саўдзельніцы Лазарэнкі ў адмываньні грошай:

http://www.scribd.com/doc/88429721/TYMOSHENKO-WANTED-BY-INTERPOL-United-States-of-America-vs-Pavel-Lazarenko

http://www.scribd.com/doc/87134900/Tymoshenko-incriminated-by-USA-Court

http://www.scribd.com/doc/56100905/Fraud-complain-on-TYMOSHENKO-money-laundering-Filed-in-Portland-OR-Court-in-2010

Сьпіс можна працягваць.

Спрабуючы зьвярнуць увагу на гэтыя факты (якім не знайшлося месца на вашым сайце) з дапамогай камэнтароў, я сутыкнуўся з такой гнюснай зьявай як цэнзура. Мае камэнтары не парушалі правілы форуму і зьмяшчалі інфармацыю, якую я магу пацьвердзіць спасылкамі на адпаведныя публікацыі і афіцыйныя дакумэнты. “Нязручныя” камэнтары пра Цімашэнку былі заблякаваныя тройчы, і толькі адзін “бяззубы” камэнтар быў прапушчаны.

Пра гэтую абуральную гісторыю я падрабязна распавёў у артыкуле “Юлія Цімашэнка і цэнзура на Радыё Свабода”:

http://abaronim-bielarus.blogspot.com/2012/04/blog-post.html


На вялікі жаль аказалася, што РС распаўсюджвае дэзінфармацыю не толькі пра Ўкраіну, але і пра Польшчу.

20 красавіка на сайце РС быў апублікаваны артыкул Яна МаксімюкаПольшча і трэцяя сусьветная вайна”. Гэта ня першая спроба аўтара дыскрэдытаваць партыю “Права і Справядлівасьць”. Але на гэты раз ён пераступіў усялякія межы прыстойнасьці:
“Польскія аглядальнікі не ўспрымаюць заяваў Антонія Мацярэвіча ўсур’ёз, хоць ён і зьяўляецца старшынём сэймавай камісіі па расьсьледаваньні смаленскай катастрофы. А некаторыя дык уголас выказваюць думку, што Мацярэвічу даўно ўжо час пайсьці па кансультацыю да псыхіятра”.

Я двойчы пакідаў даволі інфарматыўны камэнтар, які не парушае правілаў форуму: 
Трэцяя сусьветная вайна ўжо ідзе. І гэта ня жарт. У адпаведнасьці з савецкай (расейскай) стратэгіяй асноўным баявым дзеяньням павінна папярэднічаць фаза “шэрага тэрору” – тэрарыстычныя напады на ЗША і іх саюзьнікаў і дывэрсіі, замаскіраваныя пад няшчасныя выпадкі і тэхнагенныя катастрофы. Потым – фаза “ружовага тэрору”, калі да тэрарыстаў далучаюцца атрады спэцназу, і нарэшце – адкрыты “чырвоны тэрор” і ракетна-ядзерны напад (ВРЯН). Можна нагадаць, што кіраўнік Аль-Каіды Айман аль-Завахіры – ­агент ФСБ, які ў 1996 праходзіў трэніроўку ў Дагестане, а яго прыкрыцьцё (каб выпадкова не злавіла МУС) забясьпечваў Аляксандр Літвіненка, якога пазьней за празьмерную шчырасьць атруцілі палёніем-210. Зьнішчэньне польскага кіраўніцтва ў авіякатастрофе – гэта таксама прыклад “шэрага тэрору”.
Перабудову і “крушэньне камунізму” кіраўніцтва СССР пачало плянаваць яшчэ ў канцы 1950-х. Былі падрыхтаваныя таемныя структуры і агентура, каб захаваць кантроль над краінамі Варшаўскай дамовы пасьля аксамітных рэвалюцый. Савецкі плян выдатна апісаны ў кнізе Анатоля Галіцына. Адкрытай інфармацыі, якая гэта пацьвярджае – процьма. Нават Кебіч у сваіх мэмуарах напісаў, што ЦК КПСС загадзя вывозіла грошы і золата на Захад. На слуханьнях у Кангрэсе ў 1999 Рычард Палмер паведаміў, што гэтым пытаньнем Партыя пачала займацца у 1984! Антоні Мацярэвіч быў праінфармаваны аб дасьледаваньні Галіцына яшчэ ў канцы 1980-х людзьмі з каманды прэзыдэнта Рэйгана, таму разумеў, што адбываецца. У 1992 урад Альшэўскага, у якім Мацярэвіч быў Міністрам унутраных спраў, паспрабаваў правесьці люстрацыю. Агентура і асабіста Лех Валенса ўсталі на дыбкі і арганізавалі адстаўку ўраду. Туск таксама ўдзельнічаў у гэтай апэрацыі выратаваньня “асабліва каштоўных кадраў”.
У 2006 Мацярэвіч адыграў ключавую ролю ў разгроме так званых “Вайсковых інфармацыйных службаў” – спадкаемцы польскага ГРУ. Каб ацаніць, што гэта было за асінае гняздо, трэба прачытаць яго даклад: http://agentura.ru/dossier/pologne/wsi/raport/ Гэта не ўкладваецца ў галаве: пад дахам НАТО на Маскву працавала цэлая спэцслужба! Замест ВІС спадар Мацярэвіч стварыў новую вайсковую контрразьведку. У 2007 паводле ягонага загаду кніга Галіцына была перакладзеная на польскую мову. Але большая частка накладу, якая мусіла патрапіць у кнігарні, зьнікла! Дарэчы, амэрыканскае выдавецтва, якое выдала кнігу Галіцына ў 1984, было атакаванае судовай позвай і абанкруцілася.
Спасылкі на кнігі Галіцына, даклад Мацярэвіча і інш. крытычна важную літаратуру:
http://abaronim-bielarus.blogspot.com/p/blog-page_03.html

Гэты камэнтар двойчы не прапусьціла “цэнзура”. Яшчэ адзін кароткі камэнтар таксама не зьявіўся.

У сувязі з тым, што на РС мелі месца неаспрэчныя факты дэзінфармацыі, прапаганды і цэнзуры, пашу адказаць на наступныя пытаньні:

1. Чаму РС займаецца адбельваньнем рэпутацыі Юліі Ўладзіміраўны Цімашэнкі, супраць якой расьсьледуецца блізу 10 крымінальных спраў?

2. Чаму РС займаецца дыскрэдытацыяй Антонія Мацярэвіча, Яраслава Качыньскага і партыі “Права і Справядлівасьць”?

3. Хто і на якой падставе ўвёў на РС цэнзуру?

4. Чаму не прапускаюцца камэнтары, якія зьмяшчаюць крытычна важную інфармацыю?

5. Ці зьбіраецца рэдакцыя РС выправіць гэтае ганебнае становішча? Калі не, то чаму? Калі так, то калі і якім чынам?

Блогер Абаронім Беларусь.

23 красавіка 2012

No comments: