2012-04-06

Юлія Цімашэнка і цэнзура на Радыё Свабода

3–4 красавіка на сайце беларускай рэдакцыі Радыё Свабода тройчы ўзгадавалася імя Юліі Цімашэнкі. З жалем можна канстатаваць, што асьвятленьне падзеяў вакол украінскага экс-прэм'ера у беларускіх незалежных СМІ даволі аднабокае і амаль цалкам укладваецца ў схему: “Януковіч – дыктатар, Цімашэнка – бязьвінная ахвяра і палітычны вязень”. Пад гэтую схему бяруцца інтэрвію ў пэўных палітолягаў, якія тлумачаць беларусам, што ўкраінскі прэзыдэнт ідзе па шляху Лукашэнкі. Пры гэтым замоўчваюцца шакіруючыя факты, якія цалкам руйнуюць створаны СМІ прывабны вобраз “лэдзі Ю”. Артыкул “Кіеву выгадна, калі б Цімашэнка стала ўцякачкай” таксама не вызначаўся арыгінальнасьцю і ўсяляк падкрэсьліваў палітычныя аспэкты праблемы, старанна абмінаючы прававыя. Каб запоўніць гэты прабел, я вырашыў зрабіць адпаведны камэнтар. І вось тут пачалося самае цікавае. Ён не зьявіўся! Чым жа мой камэнтар так напалохаў незалежную радыёстанцыю, якая ўтрымліваецца на грошы амэрыканскіх падаткаплатнікаў?


Рэнат Кузьмін
Справа ў тым, што супраць Цімашэнкі было ўзбуджана каля 10 крымінальных спраў! Па адной прысуд ужо вынесены, іншая была перададзена ў суд на мінулым тыдні. Як паведаміў намесьнік генпракурора Ўкраіны Рэнат Кузьмін, акрамя злоўжываньняў, шантажу і падману пры заключэньні газавых кантрактаў, Цімашэнка абвінавачваецца ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў, утойваньні валютнай выручкі, кантрабандзе, крадзяжы бюджэтных сродкаў. Таксама Цімашэнка падазраецца ў фінансаваньні ў 1996 годзе арганізацыі заказнога забойства народнага дэпутата Ўкраіны Яўгена Шчэрбаня, яго жонкі і членаў экіпажа самалёта, на якім ён ляцеў. Кілераў арыштавалі і асудзілі, а яны далі паказаньні пра тое, што зьдзейсьнілі забойства па замове экс-прэм'ера Паўла Лазарэнкі (ён зараз адбывае пакарэньне ў амэрыканскай турме за адмываньне грошай) у інтарэсах Цімашэнкі, і грошы за забойства заплацілі Цімашэнка і Лазарэнка. Больш за тое, калі Цімашэнка была арыштаваная, у пракуратуру зьвярнуўся сын Шчэрбаня, які быў з бацькам у момант забойства і цудам застаўся жывы, з заявай, што ён раней баяўся, а сёньня, калі і Цімашэнка, і Лазарэнка сядзяць у турме, ён настойвае на тым, каб яны абодва былі прыцягнутыя да адказнасьці за фінансаваньне арганізацыі забойства яго бацькі. Ён прама называе Цімашэнку і Лазарэнку заказчыкамі забойства яго бацькі. Ён ужо даў сьледзтву падрабязныя паказаньні. Некалькі дзён таму ён заявіў, што зьвярнуўся з афіцыйным лістом да прэзыдэнта Эўрапарлямэнта, кіраўніка ПАРЭ і да амбасадара ЗША на Ўкраіне з патрабаваньнем не перашкаджаць украінскім сьледчым расьсьледаваць крымінальную справу па абвінавачваньні Цімашэнкі і Лазарэнкі ў арганізацыі і фінансаваньні забойства яго бацькі.

Вось такую сэнсацыйную інфармацыю Радыё Свабода хавае ад беларусаў. Мяркую, што варта працытаваць урывак зь ліста Руслана Шчэрбаня амэрыканскаму амбасадару:
На мяне і майго брата, пасьля забойства бацькі, адбылося некалькі замахаў, але дзякуючы Госпаду Богу мы да гэтага часу яшчэ жывыя ... Мае заклікі да праваахоўных органаў, мае заявы і сьведчаньні аб канкрэтнай датычнасьці Цімашэнкі Ю.У. і Лазарэнкі П.І. да цяперашняга часу належным чынам не правераныя. Органамі пракуратуры Ўкраіны доўгі час пакрываліся Лазарэнка П.І. і Цімашэнка Ю.У., якія замовілі, арганізавалі і аплацілі забойстве майго бацькі Шчэрбаня Я.А. ... Я шмат разоў асабіста прысутнічала падчас бізнэс-перамоваў майго бацькі зь Цімашэнкай Ю.У. і Лазарэнкам П.І. Апошнія увесь час патрабавалі ад майго бацькі саступіцца сваімі бізнэс інтарэсамі ў інтарэсах кампаніі АЭСУ, неаднаразова пагражаючы яму расправай… Цімашэнка Ю.У. хацела асабіста праз сваю кампанію АЭСУ пастаўляць прыродны газ на Украіну, прасунуць свой бізнэс і кампанію ў Данецкі рэгіён…
А вось што паведаміў Руслан Шчэрбань у інтэрвію інфармацыйнаму агенцтву УНІАН:

Руслан Шчэрбань
У 1995, 1996, 1997 гадах мой бацька быў вядомым палітыкам у краіне і на Данбасе. Адным зь відаў нашага бізнэсу былі пастаўкі імпартнага газу на Ўкраіну, на мэталюргічныя камбінаты. Тым жа самым займаліся “Адзіныя энэргетычныя сыстэмы”, якія належалі Паўлу Іванавічу Лазарэнку і Юліі Ўладзіміраўне Цімашэнцы. Я неаднаразова прысутнічаў на сустрэчах Юліі Ўладзіміраўны з маім бацькам Яўгенам Аляксандравічам Шчэрбанем у офісе аблдзяржадміністрацыі і ў нас дома. У нас было шмат размоў. Быў канфлікт інтарэсаў. Інтарэсы АЭСУ і інтарэсы майго бацькі ... Плюс Павел Іванавіч, які лабіраваў інтарэсы АЭСУ ... Мой бацька загінуў. І гэта было выгадна тагачаснаму ўраду. І гэта было выгадна “Адзіным энэргетычным сыстэмам”. Калі не стала прадпрыемства бацькі, наш бізнэс разарвалі за два месяцы. Гэта была велізарная імпэрыя, прыкладна з трохсот шасьцідзесяці прадпрыемстваў. І АЭСУ зайшлі на гэты рынак.
Нагадаю, што кампанію Адзіныя Энэргетычныя Сыстэмы Ўкраіны ў 1991 заснавалі Юлія Цімашэнка і яе муж Аляксандр Цімашэнка (да лістапада 1995 яна называлася “Карпарацыя Ўкраінскі бэнзін”). У 1995–1996 АЭСУ дасягнула гадавога аб'ёму параджу ў 11 мільярдаў даляраў і, карыстаючыся падтрымкай Паўла Лазарэнкі, авалодала манаполіяй на гандаль расійскім прыродным газам на Ўкраіне. Зь лістапада 1995 па студзень 1997 прэзыдэнтам АЭСУ была Ю. Цімашэнка. Пасьпяховасьць такой імклівай раскруткі сям’і Цімашэнак верагодна зьвязаная з тым, што сьвёкар Ю. Цімашэнкі Генадзь Цімашэнка належаў да намэнклятуры ЦК КПСС (займаў пасаду старшыні Кіраўскага райвыканкома г. Днепрапятроўска). Варта нагадаць пра надзвычайную ўплывовасьць Днепрапятроўскай намэнклятуры. У 1947–1950 Днепрапятроўскі абкам узначальваў Леанід Брэжнеў. У гэты ж пэрыяд 1-м сакратаром Кастрычніцкага райкама зьяўляўся Мікалай Міронаў, які ў 1956 узначаліў КГБ Ленінградзкай вобласьці, а ў 1959 стаў загадчыкам аддзела адміністратыўных органаў ЦК КПСС (якія кантралявалі дзяржбясьпеку і армію). Намэнклятурна-чэкісцкую сувязь Днепрапятроўска і Ленінграда варта падкрэсьліць асобна. У пачатку 1990-х менавіта ў Пецярбургскай мэрыі “пад крылом” кіраўніка мясцовай дзяржбясьпекі Сяргея Сьцяпашына “ўзгадоўвалася” каманда падпалкоўніка КГБ Уладзіміра Пуціна. Таму шчыльную сувязь Ю. Цімашэнкі з расейскім мафіёзным капіталам наўрад ці можна назваць выпадковасьцю. У 1990-х гадах пачалося сяброўства Юліі Цімашэнкі зь Віктарам Чарнамырдзіным, які стварыў і ўзначаліў “Газпром”. Ён быў у вельмі прыязных адносінах зь Юліяй Уладзіміраўнай, якая ў той час “бегала па “Газпрому” ў розных сукенках, каб спадабацца кіраўніцтву”. Віктар Сьцяпанавіч моцна засмуціўся, калі на выбарах у 2010 годзе перамог В. Януковіч. Чарговы кіраўнік “Газпрому” Рэм Вяхіраў таксама вельмі добра ставіўся да Ю. Цімашэнкі…


14 верасьня 1998 Генэральная пракуратура Ўкраіны распачала крымінальную справу супраць Лазарэнкі за крадзеж дзяржаўнай маёмасьці ў асабліва буйных памерах, а 17 лютага 1999 Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла рашэньне аб зьняцьці зь яго дэпутацкай недатыкальнасьці. За тыдзень да гэтага Лазарэнка выехаў з Украіны, але 20 лютага 1999 быў затрыманы ў аэрапорце Нью-Ёрка за парушэньне візавага рэжыму па падазрэньні ў спробе нелегальна трапіць у ЗША. Ён зьвярнуўся да амэрыканскіх уладаў з просьбай даць яму палітычны прытулак, аднак замест гэтага ў 2000 годзе Лазарэнку былі прад'яўленыя абвінавачваньні ў вымагальніцтве, адмываньні грошай і махлярстве. Аб'ём сродкаў, пераведзеных Лазарэнкам ў ЗША, ацэньваўся ў 114 мільёнаў даляраў. Паводле дадзеных ААН сума крадзяжу склала каля 200 мільёнаў даляраў або 0,4% ВУП Украіны.

Вось вытрымкі з абвінаваўчага заключэньня па справе супраць былога прэм'ер-міністра Ўкраіны Лазарэнкі Паўла Іванавіча (Акруговы суд, акруга Калюмбія, справа № 1:04-cv-00798-PLF, 06.30.2005):
9. Шматмільённую маёмасьць нажылі і саўдзельнікі Лазарэнкі дзякуючы сувязям зь ім з тых часоў, калі ён займаў пасаду дзяржаўнага чыноўніка на Ўкраіне. Адзін з такіх саўдзельнікаў – Пётр Мікалаевіч Кірычэнка, які быў афіцыйна прызначаны на пасаду дарадцы Лазарэнкі ў той час, калі апошні займаў пасады віцэ-прэм'ера і прэм'ер-міністра, і які займаў гэтую пасаду да таго часу, пакуль украінскі Кабінэт Міністраў ня звольніў яго сваёй пастановай № 667 ад 3 ліпеня 1997 года. Сярод іншых саўдзельнікаў Лазарэнкі, якія прыдбалі шматмільённую маёмасьць дзякуючы сувязям зь ім, – Юлія Цімашэнка, Ігар Макараў, Мікалай Агафонаў і іншыя.
36. У час знаходжаньня Лазарэнкі на пасадзе віцэ-прэм'ера па энэргетыцы, “Адзіныя энэргасыстэмы Ўкраіны (АЭСУ)” былі асаблівай карпарацыяй, якая мела розныя прывілеі, у тым ліку і паўнамоцтвы на пастаўку прыроднага газу ў Днепрапятроўскую вобласьць. Карпарацыя АЭСУ знаходзілася пад кантролем Юліі Цімашэнкі і іншых саўдзельнікаў Лазарэнкі. Пачынаючы прыкладна зь сьнежня 1995 года і да 1997 года, АЭСУ атрымлівала прыродны газ ад РАТ “Газпром” па кантрактах, заключаных згодна з паўнамоцтвамі карпарацыі. Акрамя таго, 31 сьнежня 1996 года прэм'ер-міністар Украіны Павел Лазарэнка ініцыяваў выдачу дзяржаўнай гарантыі на суму 200 мільёнаў даляраў ЗША (бэнэфіцыярам выступала РАТ “Газпром”) на пастаўку прыроднага газу на адрас АЭСУ, такім чынам прымусіўшы ўкраінскі ўрад узяць на сябе даўгі АЭСУ перад РАТ “Газпром”.
37. Пачынаючы са студзеня 1996 года, карпарацыя АЭСУ перадала правы на імпартны прыродны газ кампаніі United Energy International (UEIL) – уладальніку 85% пакета акцый АЭСУ. Яна была заснаваная 17 кастрычніка 1995 года па распараджэньні Юліі Цімашэнкі. Кампанія незаконна накіроўвала плацяжы, атрыманыя ад украінскіх кліентаў за прыродны газ, пастаўлены кампаніяй АЭСУ, на банкаўскія рахункі, што належаць кампаніі UEIL. З 8 красавіка 1996 па 31 сьнежня 1996 года замест таго, каб заплаціць РАТ «Газпром» за пастаўлены газ грашыма, атрыманымі кампаніяй UEIL, UEIL перавяла прыблізна 140 мільёнаў даляраў кіпрскай фірме Somoli Enterprises, зарэгістраванай на Кіпры 8 кастрычніка 1992 года і якая знаходзілася пад кантролем Юліі Цімашэнкі і іншых асоб.
 

І гэта толькі асобныя эпізоды з крымінальнага мінулага Юліі Ўладзіміраўны. Аднак Радыё Свабода робіць выгляд, што нічога пра гэта ня ведае. Напэўна таму ў той жа дзень у матэрыяле, прысьвечаным нашаму нацыянальнаму герою і пакутніку Сяргею Каваленку, якога антыбеларускі рэжым Лукашэнкі кінуў за краты толькі за ўзьняцьце нацыянальнага сьцяга, і які больш 2-х месяцаў трымае галадоўку, журналіст Алег Грузьдзіловіч прывёў у якасьці параўнаньня сытуацыю вакол Юліі Цімашэнкі. Выконваючы абавязкі старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі зьдзівіўся такой дзіўнай пастаноўцы пытаньня: “Нельга гэтак адназначна праводзіць паралелі зь Юліяй Цімашэнкай”. Я таксама вырашыў пракамэнтаваць гэты артыкул і запытацца, чаму не зьявіўся мой ранейшы камэнтар пра Цімашэнку. Вынік быў як і ў папярэднім выпадку: камэнтар не прапусьцілі.

Аднак, прыгоды на гэтым ня скончыліся. Увечары 4 красавіка Радыё Свабода паведаміла “трывожную” навіну: “Цімашэнка не падымаецца з ложка”. Выключна дзеля спартовага інтарэсу я зрабіў два камэнтары: першы – даволі зьмястоўны, другі – зусім кароценькі (ў якасьці адказу на іншы камэнтар). Які ж вынік? На сайце быў апублікаваны мой другі камэнтар, а першы назаўсёды зьнік у нетрах незалежнай радыёстанцыі… Ну што ж. Пра тое, што Цімашэнцы зноў вельмі кепска павінна ведаць уся Беларусь. А вось пра справаздачу Часовай сьледчай камісіі Вярхоўнай Рады па пытаньнях рассьледаваньня абставінаў падпісаньня газавых пагадненьняў паміж НАК “Нафтагаз Украіны” і ААТ “Газпром” адносна наяўнасьці прыкмет дзяржаўнай здрады ў сфэры эканамічнай бясьпекі Ўкраіны нам ведаць не патрэбна:
2. Вярхоўная Рада Ўкраіны адзначае, што 17–19 студзеня 2009 года, падчас вядзеньня перамоў і падпісаньня дырэктыў на заключэньне газавых кантрактаў паміж НАК “Нафтагаз Украіны” і ААТ “Газпром” Прэм'ер-міністар Украіны Цімашэнка Ю.У.:
2.1. схавала ад грамадзтва і ўлады факты існаваньня доўгу яе прыватных кампаній перад Міністэрствам абароны Расійскай Фэдэрацыі ў суме 405.311.181 даляраў ЗША і існаваньня ў Расейскай Фэдэрацыі крымінальнай справы, у якой была даказана віна Цімашэнка Ю.У. у неаднаразовай дачы хабараў службовым асобам Міністэрства абароны Расейскай Фэдэрацыі. Гэтыя абставіны несумненна сьведчаць аб канфлікце інтарэсаў і істотна ўплывалі на рашэньне Прэм'ер-міністра Ўкраіны на карысьць іншаземнай дзяржавы;
2.2. правяла таемныя перамовы з Прэм'ер-міністрам Расейскай Фэдэрацыі, у выніку якіх аднаасобна пагадзілася на дыскрымінацыйныя ўмовы газавых кантрактаў, якія парушылі умовы падпісанага раней, 2 кастрычніка 2008 г. Мэмарандума паміж урадам Расейскай Фэдэрацыі і Кабінэтам Міністраў Украіны аб супрацоўніцтве ў газавай сфэры;
2.3. дакладна ведаючы, што Кабінэт Міністраў Украіны адмовіўся зацьвердзіць дырэктывы на падпісаньне газавых кантрактаў на дыскрымінацыйных умовах, выдала аднаасобна дырэктывы, хоць такія паўнамоцтвы належаць выключна Кабінэту Міністраў Украіны, як калегіяльнаму органу выканаўчай улады;
2.4. ажыцьцявіла супрацьпраўны ціск на падпарадкаваную асобу – Старшыню праўленьня НАК “Нафтагаз Украіны”, які адмаўляўся падпісваць газавыя кантракты на дыскрымінацыйных умовах, і прымусіла яго падпісаць такія кантракты пад пагрозай звальненьня;
4. У дзеяньнях прэм'ер-міністра Ўкраіны Цімашэнкі Ю.У. прасочваюцца прыкметы крымінальных злачынстваў і асабістая залежнасьць і зацікаўленасьць, якія выходзяць за рамкі перавышэньня ўлады і службовых паўнамоцтваў, у якіх Цімашэнка Ю.У. прызнаная вінаватай судом. Сярод прыкмет іншых злачынстваў, дзеяньні Цімашэнкі маюць і прыкметы дзяржаўнай здрады. Гэтыя абставіны павінны быць дасьледаваны праваахоўнымі органамі, паколькі Часовая сьледчая камісія выкарыстала ўсе наяўныя ў яе магчымасьці для вызначэньня аб'ектыўных абставінаў падпісаньня газавых кантрактаў.
Віктар Юшчанка
Газавую дамову” Пуціна і Цімашэнкі можна сьмела назваць найбуйнейшай афэрай стагодзьдзя. На працягу 10 гадоў Украіна павінна выплаціць Расеі газавую кантрыбуцыю ў памеры звыш 100 мільярдаў даляраў! Экс-прэзыдэнт Віктар Юшчанка задае заканамернае пытаньне: “Чаму Германія мае базавую [цану] 250, Славакія, Аўстрыя маюць ад 250 да 300, Украіна 450? Прычым, я назваў дзяржавы, якія знаходзяцца на адной галінцы газаправода. Чаму, знаходзячыся бліжэй да крыніцы здабычы, Украіна плаціць цану, якая знаходзіцца на мяжы паміж Францыяй і Італіяй у Альпах? Як атрымалася так, што Ўкраіна плаціць некарэктную ня рынкавую цану? Што за гэтым стаіць?”. Па словах Юшчанкі, просты матэматычны разьлік паказвае, што цана на блакітнае паліва для Ўкраіны павінна была скласьці прыкладна 175 замест 450 даляраў. Пра гэта экс-прэзыдэнт Украіны заявіў у прамым эфіры праграмы “Шустэр live”, камэнтуючы эканамічныя абгрунтаваньні “справы Цімашэнкі”.

Мікола Азараў
У сярэдзіне сакавіка ў інтэрвію нямецкай газэце “Die Welt” украінскі прэм'ер-міністар Азараў паведаміў, што набываць газ у нямецкай кампаніі RWE для Ўкраіны будзе таньней, чым імпартаваць паліва з Расеі пры захаваньні цяперашняй, вельмі нявыгаднай цаны. Азараў пацьвердзіў інфармацыю, што Ўкраіна плянуе закупляць невялікія аб'ёмы газу ў кампаніі RWE. Пры гэтым будзе выкарыстоўвацца так званы мэтад рэвэрснага патоку. Прэм’ер назваў “парадаксальнай” сытуацыю, калі купляць у нямецкай кампаніі расейскі газ атрымліваецца таньней, чым набываць яго наўпрост у Расіі. Напрыклад у лютым Украіна заплаціла за газ звыш 1,2 мільярдаў даляраў. Па словах Азарава, за гэтыя грошы можна было б пабудаваць у Кіеве лінію мэтро на 18 станцый…

P.S. Хочацца спадзявацца, што Радыё Свабода патлумачыць, чым выклікана такое пяшчотнае стаўленьне да асобы Юліі Цімашэнкі. Няўжо тым фактам, што муж Ю. Цімашэнкі схаваўся ад украінскага правасудзьдзя ў Чэхіі?

1 comment:

kabud said...

дякую за деталєну статтю

зробив передрук

http://ukr-nationalism.livejournal.com/1862772.html