2011-10-27

Віктар Юшчанка: Цімашэнка падвяла Ўкраіну да банкруцтва

Экс-прэм'ер і лідэр партыі “Бацькаўшчына” Юлія Цімашэнка падвяла краіну да банкруцтва дзякуючы заключэньню газавых кантрактаў з Расеяй у 2009 годзе. Аб гэтым паведаміў былы прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка ў прамым эфіры праграмы “Шустэр live”. Паводле яго слоў газавыя дамовы ўрада Цімашэнкі – гэта палітыка, а не матэматыка. Экс-прэзыдэнт растлумачыў, што цана на газ для Ўкраіны мусіла быць амаль у 2,5 разы ніжэй. Такім чынам, Юшчанка ацэньвае газавае пагадненьне, заключанае з удзелам Цімашэнкі, як “бомбу”, закладзеную пад сувэрэнітэт Украіны.

2011-10-21

Абмен думкамі зь Сяргеем Навумчыкам

Пасьля публікацыі ў газэце “Известия” адказу Лукашэнкі на праект Эўразійскага саюза, які быў агучаны Пуціным, дэпутат Вярхоўнага Савету XII скліканьня, адзін з бацькоў беларускай незалежнасьці Сяргей Навумчык разьмясьціў разважаньні на гэты конт пад назвай “Назад, у імпэрыю?” у сваім блогу на Радыё Свабода. Спадар Навумчык зрабіў дзьве прынцыповыя высновы:
1. Лукашэнка і Пуцін адзіныя ў галоўным – ў імкненьні аднавіць імпэрыю.
2. У чарговы раз назваўшы распад СССР (чытай – дасягненьне незалежнасьці Беларусі) “найглыбейшай, трагічнай памылкай”, Лукашэнка яшчэ раз пацьвердзіў, хто зьяўляецца самым вялікім фактарам небясьпекі для незалежнасьці краіны, якой яго паставілі кіраваць.

2011-10-04

Леанід Краўчук: Расеяй кіруе не Пуцін ці Мядзьведзеў, а палітбюро

Расеяй кіруе група людзей, а не асабіста прэм'ер Уладзімір Пуцін або прэзыдэнт Дзьмітры Мядзьведзеў. Такое меркаваньне выказаў першы прэзыдэнт Украіны Леанід Краўчук у эфіры ўкраінскага Першага нацыянальнага канала на праграме “Шустэр Live” 30 верасьня 2011.

“У Расеі склалася сытуацыя, калі кіруе не адзін ці два чалавекі, а група людзей. Ні Пуцін, ні Мядзьведзеў самі не вызначаюць стратэгіі Расеі і будучых адносін у сьвеце. Там вызначае група людзей”, – адзначыў Краўчук.