Мэтадалёгія Галіцына

Анатоль Міхайлавіч Галіцын – маёр КГБ, аўтар дзьвюх кніг пра савецкую доўгатэрміновую стратэгію. Нарадзіўся 25 жніўня 1926 на Украіне. Працаваў у аддзеле стратэгічнага плянаваньня КГБ. У 1961 быў прызначаны ў савецкую амбасаду ў Хэльсынкі. 15 сьнежня разам з жонкай і дачкой уцёк праз Швэцыю ў ЗША. У студзені 1962 КГБ быў вымушаны разаслаць спэцыяльныя інструкцыі 54 рэзыдэнтурам, каб зьменшыць патэнцыяльную шкоду, нанесеную перабежчыкам. У 1964 КГБ накіраваў у ЗША свайго агента Юрыя Насенка, каб дыскрэдытаваць сьведчаньні Галіцына. У 1967 правалілася спроба забіць Галіцына на тэрыторыі Канады. Кіраўнік контрразьведкі ЦРУ Дж. Англетон ахарактарызаваў яго як “найбольш каштоўнага зь перабежчыкаў, якія ўцяклі на Захад”. Аднак, калі зьвесткі тактычнага характару, якія перадаў Галіцын, былі выкарыстаны напоўніцу, дык яго сьведчаньні аб савецкім стратэгічным пляне і праграме дэзінфармацыі амэрыканскае кіраўніцтва фактычна праігнаравала. Толькі ў 1984 Галіцын здолеў апублікаваць кнігу “Новая хлусьня замест старой”, дзе прадказаў кантраляваны каляпс камуністычнага блёку. У 1995 выйшла з друку кніга “Падман перабудовы”, якая складаецца з рассакрэчаных аналітычных запісак Галіцына (паводле артыкула ў Wikipedia).

 
25 глава кнігі “Новая хлусьня замест старой”
(скарочаны пераклад з ангельскай мовы)

Завяршальны этап

Галоўнае сьцьвярджэньне дадзенай кнігі палягае ў тым, што на працягу двух апошніх дзесяцігодзьдзяў камуністычны блёк у асноўным дасягнуў мэтаў двух першых этапаў сваёй доўгатэрміновай палітыкі. Разрозьненыя камуністычныя рэжымы былі кансалідаваныя. Камуністычныя партыі блёку пры дапамозе спэцслужбаў выбудавалі свае дзейныя сілы ў асяродзьдзі адноўленых нацыянальных і інтэрнацыянальных арганізацый, асабліва сярод тых, якія былі зьвязаныя з прафсаюзамі, інтэлігенцыяй і моладзьдзю. Важнасьць гэтай тэндэнцыі прадэманстравала знаходжаньне Шалепіна на пасадзе старшыні савецкай прафсаюзнай арганізацыі з 1967 па 1975 гады. За межамі краіны быў створаны імідж “дысыдэнцтва”, як сур'ёзнага ўнутрыпалітычнага фактару ў камуністычным сьвеце. Была дасягнута некаторая ступень суіснаваньня з арганізаванай рэлігіяй. Была створана сыстэма міжпартыйных адносін, якія выходзілі за межы фармальных структур Савета эканамічнай узаемадапамогі і Варшаўскага дагавора.

Як вынік, у цяперашні час камуністычныя стратэгі гатовыя прыступіць да завяршальнага наступальнага этапу доўгатэрміновай палітыкі – сумеснай барацьбы за поўную перамогу камунізму. Маючы на ​ ўвазе шматлікасьць камуністычных партый ва ўладзе, іх цесную ўзаемасувязь і магчымасьці, якія яны мелі для пашырэньня сваёй базы і падрыхтоўкі вопытных кадраў, для ажыцьцяўленьня сваёй палітыкі камуністычныя стратэгі падрыхтаваныя да ўдзелу ў манэўрах і стратагемах, вышэйшых за ўяўленьне Маркса альбо практычныя дасягненьні Леніна, і неймаверных для Сталіна. Адной з такіх немагчымых раней стратагем зьяўляецца правядзеньне фальшывай лібэралізацыі ва Ўсходняй Эўропе і, верагодна, у Савецкім Саюзе, а таксама дэманстрацыя ілюзорнай незалежнасьці рэжымаў у Румыніі, Чэхаславакіі і Польшчы …

Калі “лібэралізацыя” ў Польшчы, як і ў іншых краінах, можа быць пасьпяхова ажыцьцёўлена ў разумныя тэрміны, яна будзе садзейнічаць ажыўленьню тамтэйшых камуністычных рэжымаў. Дзейнасьць фальшывай апазыцыі будзе і надалей заблытваць і падрываць сапраўдную апазыцыю ў камуністычным сьвеце. Роляй дысыдэнтаў будзе пераканаць Захад у тым, што “лібэралізацыя” спантанная і не кантралюемая. “Лібэралізацыя” створыць умовы для ўсталяваньня салідарнасьці паміж прафсаюзамі і інтэлектуаламі ў камуністычных і некамуністычны краінах. Зь цягам часу гэтыя саюзы створаць новыя формы ціску супраць заходняга “мілітарызму”, “расізму” і “ваенна-прамысловых комплексаў” на карысьць раззбраеньня і структурных зьменаў на Захадзе накшталт прадказаных Сахаравым.

Калі “лібэралізацыя” будзе пасьпяховай і ўспрымацца Захадам як сапраўдная, за ёй можа надысьці падманлівы выхад адной або некалькіх камуністычных краін з Варшаўскага дагавора, каб паслужыць мадэльлю “нэўтральных” сацыялістычных дзяржаў, за якімі павінна будзе пайсьці ўсьлед уся Эўропа. Некаторыя “дысыдэнты” ўжо цяпер кажуць пра гэта.

У новым сцэнары можа быць падрыхтавана вельмі прыкметная роля для Югаславіі. Можна чакаць паказальнага савецка-кітайскага саперніцтва за ўплыў у Эўропе як працяг “барацьбы за гегемонію”, якая ўжо зараз назірацца ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Яго мэтай будзе садзейнічаньне стварэньню новых фальшывых саюзаў паміж камуністычнымі і некамуністычны дзяржавамі, развал існуючай структуры НАТО і замена яе сыстэмай эўрапейскай калектыўнай бясьпекі, якая прадугледжвае абавязковую ліквідацыю амэрыканскай вайсковай прысутнасьці ў Заходняй Эўропе і рост там камуністычнага уплыву …

Апошнія два гады мелі асаблівае стратэгічнае значэньне. Падзеі ў Польшчы выглядаюць як галоўны ход у накірунку завяршальнага этапу камуністычнай стратэгіі ў дачыненьні да Эўропы. Напад Ірака на Іран выглядае як узгодненае дзеяньне радыкальных арабскіх дзяржаў, кожная зь якіх зьяўляецца саюзьнікам СССР супраць “імпэрыялізму”, з выкарыстаньнем падвойнай тактыкі (агрэсіўнасьць Ірака, дапамога Сірыі і Лівіі) з адзінай агульнай мэтай – прыцягнуць Іран у антызаходні саюз зь імі. Мэтай гэтага хаўрусу будзе здабыцьцё кантролю над стратэгічна важным рэгіёнам Блізкага Ўсходу. Яго посьпех паслужыў бы стратэгічным інтарэсам камуністычнага блёка. Нягледзячы на тое, што Садама Хусейна вінавацяць у зьнішчэньні камуністаў у Іраку і зьмякчэньні адносінаў з ЗША, ён усё роўна працягвае атрымліваць узбраеньні з камуністычных крыніц, гэтаксама як і яго Іранскія апанэнты.

Несумненна, наступныя пяць гадоў стануць пэрыядам інтэнсіўнай барацьбы. Яна будзе адзначана істотным скаардынаваным камуністычным наступам з намерам выкарыстаць посьпех праграмы стратэгічнай дэзінфармацыі, якая ажыцьцяўлялася на працягу апошніх дваццаці гадоў, і крызысу і памылак у заходняй палітыцы ў дачыненьні да камуністычнага блёка, якія яна спарадзіла. Агульнай мэтай будзе стварэньне істотнай і незваротнай зьмены ў сусьветным балянсе сілаў на карысьць блёка як папярэдніка галоўнай ідэалягічнай задачы па ўсталяваньні сусьветнай фэдэрацыі камуністычных дзяржаў.

У распараджэньні камуністычных стратэгаў для дасягненьня іх канчатковых мэтаў існуе шэраг стратэгічных варыянтаў. Немагчыма пералічыць іх усе, аднак пяць найбольш узаемазьвязаных выглядаюць наступным чынам:
– Блізкая прывязка незалежнай сацыялістычнай Эўропы да савецкага блёку і паралельная прывязка ЗША да Кітаю. Японія, у залежнасьці ад таго, ці застанецца яна кансэрватыўнай, ці будзе рухацца ў напрамку сацыялізму, можа далучыцца да любога хаўрусу.
– Сумесныя намаганьні савецкага блёка і сацыялістычнай Эўропы па пошуку саюзьнікаў у трэцім сьвеце супраць ЗША і Кітая.
– У ваеннай сфэры – інтэнсіўныя намаганьні па ядзерным раззбраеньні ЗША.
– У ідэалягічнай і палітычнай сфэры – канвэргенцыя Ўсходу і Захаду на камуністычных умовах.
– Стварэньне сусьветнай фэдэрацыі камуністычных дзяржаў.

У кожным з вышэйпрыведзеных выпадкаў будзе прымяняцца стратэгія нажніц. Верагодна, як апошні удар, нажніцы зачыняцца. Элемэнты бачнага разыходжаньня савецкай і кітайскай палітыкі зьнікнуць. Дагэтуль схаваная каардынацыя паміж імі стане відавочнай і дамінуючай. СССР і Кітай афіцыйна памірацца. Пасьля гэтага стратэгія нажніц лягічна пераўтворыцца ў “стратэгію адзінага сьціснутага кулака”, каб забясьпечыць аснову і рухаючую сілу сусьветнай камуністычнай фэдэрацыі.

Прапанаваны Эўропе варыянт будзе разрэклямаваны шляхам адраджэньня кантралюемай “дэмакратызацыі” чэхаславацкага ўзору ў краінах Усходняй Эўропы і, магчыма, у Савецкім Саюзе. Узмацненьне савецкай палітыкі жорсткай лініі, бачнай на прыкладах арышту Сахарава і ўварваньня ў Аўганістан, папярэднічае пераходу да “дэмакратызацыі”, якая, магчыма, рушыць усьлед за зыходам Брэжнева з палітычнай арэны. [Далейшыя назіраньні былі зробленыя да сьмерці Брэжнева. Пасьля іх пададзены камэнтары да падзеяў, якія адбыліся пазьней] Спадчыньнікам Брэжнева можа стаць нехта накшталт савецкага Дубчака. Гэтая пераемнасьць будзе важнай толькі з пункту гледжаньня зьнешняга выгляду. Рэчаіснасьць калектыўнага кіраўніцтва і агульная адданасьць лідэраў доўгатэрміновай палітыцы застануцца некранутымі. Верагодна, будзе абвешчана, што палітыка-эканамічны падмурак камунізму ў СССР быў закладзены, а таму стала магчымай дэмакратызацыя. Гэта створыць аснову для правядзеньня новага шэрагу “рэформаў”.

– Рэжым Брэжнева і яго нэасталінісцікія дзеяньні супраць “дысыдэнтаў” і ў Аўганістане будуць асуджаныя, як у 1968 годзе быў асуджаны рэжым Навотнага. Можна чакаць, што рэформы ў эканамічнай сфэры зблізяць савецкую рэчаіснасьць зь югаслаўскай, а можа быць, нават, з заходнімі сацыялістычнымі мадэлямі.
– Некаторыя міністэрствы ў галіне эканомікі будуць распушчаны, кіраваньне будзе больш дэцэнтралізаваным, існуючыя заводы і фабрыкі могуць быць ператвораны ў асобныя самакіравальныя фірмы, матэрыяльнае заахвочваньне будзе павялічана, узрасьце незалежная роля тэхнакратаў, працоўных калектываў і прафсаюзаў, будзе створана ілюзія памяншэньня партыйнага кантролю над эканомікай. Гэтыя рэформы будуць засноўвацца на савецкім вопыце 1920-х і 1960-х гадоў, а таксама на югаслаўскім экспэрымэнце.
Партыя стане менш відавочнай, аднак, як і раней, яна працягне кантраляваць эканоміку з-за кулісаў. Карціну стагнацыі і дэфіцытаў, якая зараз наўмысна дэманструецца, варта разглядаць як частку падрыхтоўкі да падманных новаўвядзеньняў ў грамадзтве. Яна прызначана для таго, каб інавацыі зрабілі на Захад больш моцнае ўражаньне.

– Палітычная “лібэралізацыя” і “дэмакратызацыя” будуць у асноўным ісьці па шляху рэпэтыцыі 1968 года ў Чэхаславаччыне. Менавіта гэтая рэпэтыцыя магла быць тым палітычным экспэрымэнтам, аб якім казаў Міронаў ў 1960 годзе.
– “Лібэралізацыя” будзе маляўнічай і ўражваючай. Можа быць афіцыйна заяўлена аб памяншэньні ролі кампартыі, яе манаполія будзе відавочна скасаваная. Можа быць уведзена бачнасьць падзелу ўладаў на заканадаўчую, выканаўчую і судовую.
– Будзе створана бачнасьць наяўнасьці большай улады ў Вярхоўнага савета, а таксама незалежнасьці яго дэпутатаў і старшыні. Могуць быць падзеленыя пасады Прэзыдэнта СССР і Генэральнага сакратара ЦК КПСС.
КГБ будзе “рэфармаваны”.
Дысыдэнты ўнутры краіны будуць амніставаныя, а тым, якія знаходзяцца за мяжой, будзе дазволена вярнуцца на Радзіму; некаторыя зь іх могуць атрымаць пасады ва урадзе. Сахарава могуць або ўключыць у нейкай ролі ва ўрад, або яму дазволяць выкладаць за мяжой.
– Творчыя саюзы работнікаў культуры і навукі, такія як саюзы пісьменьнікаў і Акадэмія навук, атрымаюць бачнасьць большай самастойнасьці, гэтаксама як і прафсаюзы.
– Могуць адкрыцца палітычныя клюбы для беспартыйных. Буйным дысыдэнтам дазволяць стварыць адну або некалькі альтэрнатыўных палітычных партый.
– Цэнзура будзе аслаблена, дыскусійныя кнігі, пастаноўкі, фільмы, карціны будуць публікавацца, выконвацца, паказвацца, выстаўляцца. Шматлікія вядомыя савецкія артысты, раней выгнаныя з краіны, змогуць вярнуцца ў СССР і аднавіць свае прафэсійныя кар'еры.
– Будуць уведзены папраўкі ў Канстытуцыю, якія гарантуюць выкананьне пагадненьняў у Хэльсынкі, а таксама будзе забясьпечана бачнасьць іх выкананьня. Савецкія грамадзяне атрымаюць большую свабоду перамяшчэньняў. У СССР будуць запрошаны назіральнікі ААН і краін Захаду, каб сьведчыць аб рэформах ў дзеяньні.

Аднак, як і ў выпадку з Чэхаславакіяй, “лібэралізацыя” будзе пралічанай і падманлівай, бо будзе ўводзіцца зьверху. Яна будзе праводзіцца партыяй праз свае ячэйкі і асобных прадстаўнікоў ва ўрадзе, Вярхоўным савеце, судах і выбарчай сыстэме, а таксама КГБ праз сваіх агентаў сярод інтэлектуалаў і навукоўцаў. Гэта будзе кульмінацыя пляна Шалепіна. Яна дазволіць стабілізаваць рэжым унутры краіны і дамагчыся яго мэтаў за мяжой.

Абставіны вакол арышту Сахарава ў студзені 1980 года ставяць пытаньне, чаму КГБ, які раней так пасьпяхова абараняў дзяржаўныя таямніцы і падаўляў апазыцыю, хаваючы няўгодных рэжыму асобаў, раптам стаў настолькі неэфэктыўным? Чаму ён дазваляе Захаду доступ да Сахарава і навошта гэты арышт так шырока разрэклямаваны? Найбольш праўдападобны адказ палягае ў тым, што і гэты арышт, і перасьлед іншых дысыдэнтаў, прызначаныя для таго, каб будучая амністыя выглядала больш праўдападобна і пераканаўча. Такім чынам, дысыдэнцкі рух рыхтуюць да выкананьня яго найбольш важнай стратэгічнай ролі – перакананьня Захаду ў шчырасьці савецкай “лібэралізацыі”, калі яна надыдзе. Да рэзкага павароту ў палітыцы на Захадзе можа зьявіцца яшчэ больш перабежчыкаў высокага ўзроўню альбо “афіцыйных выгнаньнікаў”.

Прадказаньне таго, што СССР пагодзіцца з Хэльсынскімі пагадненьнямі, грунтуецца на тым, што працэс Нарады па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе быў ініцыяваны і праціснуты менавіта краінамі Варшаўскага дагавора і савецкім агентам Цімо. Паколькі Саветы падпісалі пагадненьні па НБСЕ, варта чакаць, што ў нейкі момант яны прадэманструюць іх выкананьне. Цяперашняе дэманстратыўнае нежаданьне выконваць дадзеныя пагадненьня, якое было адзначана на канфэрэнцыях у Бялградзе і Мадрыдзе, толькі ўзмоцніць эфэкт, калі СССР пачне ствараць бачнасьць іх выкананьня на завяршальным этапе палітыкі.

“Лібэралізацыя” ва Ўсходняй Эўропе, магчыма, будзе ўключаць вяртаньне да ўлады ў Чэхаславакіі Дубчака і яго паплечнікаў. Калі яна распаўсюдзіцца і на ГДР, то можна нават чакаць разбурэньня Бэрлінскага муру.

Заходняя вера ў сапраўднасьць новай “лібэралізацыі” створыць спрыяльныя ўмовы для ажыцьцяўленьня камуністычнай стратэгіі ў адносінах да ЗША, Заходняй Эўропы і, магчыма, нават Японіі …

Можа ўзрасьці ціск, каб вырашыць нямецкае пытаньне ў форме нейкай фэдэрацыі ГДР і ФРГ, якая будзе суправаджацца нэўтралізацыяй Германіі і падпісаньнем дамовы аб нямецка-савецкім сяброўстве. Францыя і Італія пад кіраўніцтвам урадаў аб'яднаных франтоў зьвяжуць свой лёс з хаўрусам Германіі і СССР. Перад Вялікабрытаніяй паўстане выбар паміж нэўтральнай Эўропай і Злучанымі Штатамі.

НАТО наўрад ці перажыве гэты працэс. Чэхаславакія разам з Румыніяй і Югаславіяй … магчыма возьмуць на сабе ініцыятыву прапанаваць роспуск Варшаўскага дагавора ў абмен на роспуск НАТО. Наўрад ці роспуск Варшаўскага дагавора акажа істотны ўплыў на каардынацыю камуністычнага блёка, а роспуск НАТО будзе азначаць сыход з эўрапейскага кантынэнту амэрыканскіх вайскоўцаў і больш цесны саюз Эўропы з “лібэралізаваным” СССР. У больш далёкай пэрспэктыве падобны працэс можа закрануць і японска-амэрыканскія адносіны, прывёўшы да ліквідацыі пакта аб бясьпецы паміж імі.

Эўрапейская эканамічная супольнасьць у яе цяперашнім выглядзе, нават калі яна павялічыцца, ня будзе перашкаджаць нэўтралізацыі Эўропы і вываду амэрыканскіх войскаў. Наадварот, яна можа нават паскорыць гэты працэс. Прызнаньне ЭЭС эўракамуністамі ў 1970-х гадах пасьля пэрыяду супрацьдзеяньня 1960-х сьведчыць, што камуністычныя стратэгі падзяляюць наша меркаваньне … Эўрапейскі парлямэнт можа стаць агульнаэўрапейскім сацыялістычным парлямэнтам з прадстаўніцтвам ад Савецкага Саюза і Ўсходняй Эўропы. “Эўропа ад Атлянтыкі да Ўралу” стане нэўтральнай сацыялістычнай Эўропай.

ЗША, пакінутыя сваімі эўрапейскімі саюзьнікамі, паспрабуюць замкнуцца ў Амэрыцы як у крэпасьці, або разам зь нешматлікімі краінамі, якія застануцца кансэрватыўнымі, магчыма, ўлучна з Японіяй, будуць шукаць саюзу з Кітаем, як адзінай процівагай савецкай моцы. Чым мацнейшым будзе страх перад савецка-эўрапейскай кааліцыяй, тым большым будзе жаданьне ЗША “разыграць кітайскую карту”, якое засноўваецца на памылковым дапушчэньні, што Кітай зьяўляецца сапраўдным ворагам СССР.

Меркаваныя маштабы “лібэралізацыі” ва Ўсходняй Эўропе могуць аказаць сацыяльнае і эканамічнае ўзьдзеяньне на ЗША, асабліва, калі “лібэралізацыя” супадзе з буйной эканамічнай дэпрэсіяй. Савецкія стратэгі прадугледжваюць такую магчымасьць. Савецкія і астатнія камуністычныя эканамісты ўважліва сочаць за эканамічнай сытуацыяй ў ЗША. З самага моманту прыняцьця гэтай доўгатэрміновай палітыкі Інстытут сусьветнай эканомікі і міжнародных адносін, спачатку пад кіраўніцтвам Арзуманяна, а цяпер Іназемцава, аналізуе і прагназуе для Цэнтральнага Камітэту паводзіны некамуністычных эканомік і асабліва амэрыканскай …

Інфармацыю з камуністычных крыніц аб тым, што блёк пакутуе ад дэфіцыту збожжа і нафты, варта ўспрымаць з асаблівай асьцярожнасьцю, бо яна можа быць прызначана для ўтойваньня падрыхтоўкі да завяршальнага этапу палітыкі і схіленьня Захаду для недаацэнкі патэнцыялу камуністычнай эканамічнай зброі. Зразумела, блёк быў бы зацікаўлены ў таемным назапашваньні рэзэрваў нафты і збожжа, якія можна было б выкарыстоўваць падчас крызысу ў палітычных мэтах для падтрымкі новых пракамуністычных урадаў у Эўропе ці ў сьвеце. Варта заўважыць, што экспарт нафты ў Індыю ўжо зараз прыносіць СССР палітычныя дывідэнды.

Кітайска-савецкія адносіны

“Лібэралізацыя” Савецкага Саюза цалкам можа суправаджацца паглыбленьнем савецка-кітайскага канфлікту. Канфлікт можа ўключаць спыненьне гандлёвых і дыпляматычных адносін, рост колькасьці гучных прыгранічных інцыдэнтаў, і, магчыма, больш глыбокія ўварваньні на памежныя тэрыторыі адзін аднаго па ўзоры кітайскага ўварваньня ў Віетнам у 1979 годзе, якое магло быць рэпэтыцыяй будучага савецка-кітайскага канфлікту.

Паглыбленьне расколу прывядзе да адточваньня стратэгіі нажніц. Яно будзе стымуляваць нават большае імкненьне Злучаных Штатаў і іншых кансэрватыўных нацый да саюзу з Кітаем у процівагу савецка-сацыялістычнай Эўропе. Гэты саюз можа ўключаць ваеннае супрацоўніцтва, а Кітай нават можа прапанаваць ЗША базы ў абмен на дапамогу па ўзмацненьні ваеннага патэнцыялу. У сувязі з гэтым, пагадненьні Злучаных Штатаў з Эгіптам і Самалі аб базах могуць быць першай ластаўкай.

Разрыў дыпляматычных адносін паміж СССР і Кітаем можа ўскладніць, але ні ў якім разе не перапыніць каардынацыю іх палітыкі. Яны ўжо маюць дваццаць гадоў назапашваньня вопыту і ўзаемнага даверу пры правядзеньні фальшывага расколу. Існуючыя савецка-кітайскія двухбаковыя сувязі – палітычныя, дыпляматычныя і эканамічныя – цалкам маглі быць выкарыстаны для каардынацыі савецка-кітайскай дэзінфармацыйнай дзейнасьці адносна расколу … Таксама магчыма, што існуюць непасрэдныя таемныя сувязі паміж СССР і Кітаем, недаступныя для Захаду. Акрамя таго, магчыма існаваньне сакрэтнага штаба блёка, у якім усе камуністычныя краіны прадстаўленыя на вельмі высокім узроўні …

Трэці сьвет

Хаўрус СССР і Ўсходняй Эўропы з сацыялістычнай Заходняй Эўропай акажа магутны ўплыў на сацыялістычныя партыі і прафсаюзы ў краінах трэцяга сьвету. Некаторыя кансэрватыўныя краіны трэцяга сьвету будуць перацягнуты на сацыялістычны шлях разьвіцьця. Супраціў камунізму з боку Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу будзе замешчаны сумесным камуністычна-сацыялістычным рухам за ўплыў у трэцім сьвеце, які будзе падтрымлівацца эканамічнай дапамогай. Яна будзе мець далёкасяжныя наступствы, асабліва ў выпадку скарачэньня дапамогі ЗША ў адказ на цяжкую эканамічную дэпрэсію. Для дасягненьня моцнага эфэкту могуць быць выкарыстаны савецкія нафта і збожжа …

У бачным спаборніцтве з СССР Кітай узмоцніць сваю актыўнасьць у трэцім сьвеце. ЗША могуць спакусіцца падтрымкай росту ўплыву Кітая і яго саюзьнікаў, такіх як Егіпет, Самалі і Судан, у якасьці бар'еру супраць савецкай экспансіі. Амэрыканская падтрымка Кітая істотна павялічыць яго прастору для манэўраў і для стварэньня фальшывых саюзаў з Тайляндам і ісламскімі краінамі, такімі як Пакістан, Іран, Егіпет, Саудаўская Аравія і іншымі кансэрватыўнымі арабскімі краінамі. Яна, таксама, расчыніць дзьверы кітайскаму пранікненьню ў Лацінскую Амэрыку.

Савецкая акупацыя Аўганістана была выкарыстана Кітаем для ўзмацненьня яго пазыцый у Пакістане. Мяркуючы па гэтым прыкладзе, можна чакаць новых савецкіх і кітайскіх умяшаньняў у справы суседніх краін. Савецка-кітайскае саперніцтва не перашкодзіла перамозе камунізму ў Віетнаме; яно ня стане перашкодай і для пранікненьня ў краіны трэцяга сьвету. Калі трэцяму сьвету наканавана быць падзеленым на прасавецкі і пракітайскі лягеры, то гэта адбудзецца выключна за кошт інтарэсаў ЗША і іншых заходніх кансэрватыўных краін. Канчатковым вынікам падтрымкі росту кітайскага ўплыву ў трэцім сьвеце можа стаць узьнікненьне там новых варожых Захаду рэжымаў.

Раззбраеньне

Кааліцыя СССР і сацыялістычнай Эўропы, дзейнічаючы ў ААН узгоднена з рухам недалучэньня, можа стварыць спрыяльныя ўмовы для камуністычнай стратэгіі раззбраеньня. Амэрыканскі ваенна-прамысловы комплекс апынецца пад жорсткім агнём. “Лібэралізацыя” СССР і Ўсходняй Эўропы дасьць дадатковыя стымулы для раззбраеньня. Вялізны абаронны бюджэт ЗША стане цяжка апраўдваць. Сіла аргумэнтаў на карысьць кампрамісу будзе расьці. Нават Кітай можа выкарыстаць сваю вагу на карысьць савецка-сацыялістычнай лініі па кантролі над узбраеньнямі і раззбраеньне.

Канвэргенцыя

Пасьля пасьпяховага выкарыстаньня стратэгіі нажніц на раньніх стадыях завяршальнага этапу з мэтай дапамагчы камуністычнай стратэгіі ў Эўропе, краінах трэцяга сьвету і ў палітыцы раззбраеньня, варта чакаць савецка-кітайскага прымірэньня. Яно зьяўляецца часткай задуманай доўгатэрміновай палітыкі стратэгічнай дэзінфармацыі па імітацыі расколу.

Камуністычны блёк зь яго нядаўнімі набыткамі ў Афрыцы і Паўднёва-Ўсходняй Азіі ўжо вельмі моцны. Падтрыманы Эўропай савецкі ўплыў разам з падтрыманым ЗША кітайскім уплывам могуць прывесьці з узрастаючай хуткасьцю да новых здабыткаў ў краінах трэцяга сьвету. Праз некаторы час камуністычныя стратэгі могуць вырашыць, што балянс сіл у сьвеце незваротна зьмяніўся на іх карысьць. У гэты момант ім можа здацца зручным кітайска-савецкагае “прымірэньне”. На зьмену стратэгіі нажніц прыйдзе стратэгія адзінага сьціснутага кулака. У гэты час зьмена ваеннага і палітычнага балянсу сілаў стане відавочнай для ўсіх. Канвэргенцыя будзе адбывацца не паміж двума роўнымі партыямі, а на умовах, прадыктаваных камуністычным блёкам. Аргумэнтацыя на карысьць кампрамісу з пераважаючымі сіламі камунізму стане фактычна неаспрэчнай. Будзе ўзрастаць ціск, накіраваны на зьмены ў амэрыканскай палітычнай і эканамічнай сыстэмах ў кірунку, апісаным у трактаце Сахарава. Традыцыйныя кансэрватары будуць ізалявацца і падштурхоўвацца да экстрэмізму. Яны могуць стаць ахвярамі новага макартызму левых. Савецкія дысыдэнты, якія цяпер усхваляюцца як героі супраціву камуністычнаму рэжыму, будуць адыгрываць актыўную ролю ў абгрунтаваньні канвэргенцыі …

Сусьветная камуністычная фэдэрацыя

Інтэграцыя камуністычнага блёку будзе прытрымлівацца кірунку, намечанага Леніным у часы стварэньня Трэцяга камуністычнага інтэрнацыяналу. Гэта значыць, што ні СССР, ні Кітай ня будуць паглынаць адзін аднаго ці іншыя камуністычныя краіны. Усе краіны эўрапейскай і азіяцкай камуністычных зон разам з новымі камуністычнымі дзяржавамі Эўропы і трэцяга сьвету зьліюцца ў наднацыянальную эканамічную і палітычную камуністычную фэдэрацыю …

Камэнтары адносна прызначэньня Андропава і іншых падзей, якія адбыліся пасьля сьмерці Брэжнева

Вышэйвыкладзены аналіз і прадказаньні былі зробленыя ў часы праўленьня Брэжнева незадоўга да яго сьмерці. Пераемнік Брэжнева, як і шэраг іншых падзей па сутнасьці пацьвярджаюць высновы аўтара. Напрыклад, хуткае прызначэньне Андропава пацьвярджае адзін з галоўных тэзісаў дадзенай кнігі: праблема спадчыннасьці ў савецкім кіраўніцтве вырашана. Галоўным стабілізуючым фактарам для гэтага стала наяўнасьць узгодненай доўгатэрміновай стратэгіі. Вылучэньне былога начальніка КГБ, адказнага за падрыхтоўку стратэгіі фальшывай лібэралізацыі ў СССР, указвае на вырашальнае значэньне дадзенага фактару ў выбары пераемніка і на немінучасьць “лібэралізацыі” ў блізкай будучыні.

Узьлёт Андропава нагадвае іншыя падобныя выпадкі, калі шэф бясьпекі станавіўся лідэрам партыі з мэтай правядзеньня важных крокаў па рэалізацыі стратэгіі. Кадар, які ўводзіў так званую “лібэралізацыю” ў Вэнгрыі; Хуа Куо-фэн, пры якім Кітай перайшоў да капіталістычнага прагматызму; Каня, які пачаў польскае “абнаўленьне” і прызнаў Салідарнасьць – усе яны былі кіраўнікамі дзяржбясьпекі. Гэтыя прыклады падкрэсьліваюць ключавую ролю спэцслужбаў у “лібэралізацыі” камуністычных рэжымаў. Факт прызначэньня Андропава таксама азначае, што спадчыньнікам Брэжнева павінен быў стаць Шалепін, як ініцыятар падрыхтоўкі “лібэралізацыі” ў СССР. Аднак ён быў скампрамэтаваны Сташынскім, які раскрыў ролю Шалепіна ў забойства эмігранцкага лідэра Бандэры, а пазьней дадзеным аўтарам, якія выявіў ролю Шалепіна ў стратэгічнай пераарыентацыі КГБ …

Надыходзячы наступ камуністычных стратэгаў будзе перасьледаваць наступныя мэты:
– Стварэньне мадэлі ўраду для краін заходняй Эўропы, якая аблегчыць уключэньне так званых эўракамуністычных партый ва ўрадавыя кааліцыі з сацыялістамі і прафсаюзамі.
– Роспуск НАТО і Варшаўскага дагавору, нэўтралізацыя Заходняй Эўропы і яе агульная фінляндызацыя праз падтрымку эўрапейскай калектыўнай бясьпекі.
– Пашырэньне базісу і сілы для ўзмацненьня антываеннага руху з дапамогай больш актыўнага ўключэньня ў яго католікаў і іншых вернікаў на Захадзе, прымушаючы ЗША да нявыгаднага для іх раззбраеньня.
– Аказаньне ўплыву на прэзыдэнцкія выбары ў ЗША 1984 годзе з мэтай абраньня кандыдата больш зручнага для супрацоўніцтва з “лібэралізаванымі” рэжымамі ў СССР і Ўсходняй Эўропе і больш схільнага ахвяраваць ваенным патэнцыялам ЗША.

Дыялектыка гэтага наступу ўяўляе сабой прадуманы пераход ад старой дыскрэдытаванай савецкай мадэлі да новай “лібэралізаванай” мадэлі з сацыял-дэмакратычным фасадам з мэтай рэалізацыі камуністычнай стратэгіі па стварэньні аб'яднанай Эўропы. Спачатку яны прадставяць варыянт чэхаславацкай “дэмакратызацыі” 1968 года. На пазьнейшым этапе яны пяройдуць да варыянту чэхаславацкага перавароту 1948 года.

Апошнія падзеі дакладна пацьвердзілі прадказаньне таго, што камуністычныя стратэгі перахопяць палітычную ініцыятыву ў сфэры раззбраеньня, у прыватнасьці ў адносінах да Заходняй Германіі … Таксама варта чакаць актывізацыі савецкіх агентаў уплыву ў Заходняй Эўропе. Вельмі верагодна, што гэтыя касмэтычныя крокі будуць успрымацца на Захадзе як шчырыя, і пачнецца працэс аб'яднаньня і нэўтралізацыі Германіі з наступным роспускам НАТО. Узрасьце ціск на ЗША з патрабаваньнем саступак у сфэры раззбраеньня і замірэньня з Саветамі. У гэты пэрыяд магчыма дэманстратыўная барацьба за ўладу сярод савецкага кіраўніцтва. Нельга таксама выключаць, што на наступным зьезьдзе КПСС або раней, Андропаў будзе замешчаны больш маладым лідэрам зь лібэральнай рэпутацыяй, які і працягне так званую “лібэралізацыю” больш інтэнсіўна.

Кітайска-савецкія адносіны

Варта таксама пракамэнтаваць разьвіцьцё кітайска-савецкіх адносінаў і іх дзеяньні. Пэўнае значэньне мае тое, што на пахаваньне Брэжнева кітайцы накіравалі вельмі прадстаўнічую дэлегацыю, якую ўзначаліў міністар замежных спраў Хуанг Хуа, які быў прыняты Грамыкам і даў даволі незвычайную характарыстыку нябожчыку, назваўшы яго “выдатным дзяржаўным дзеячам Савецкага Саюза” … Згодна з аналізам, выкладзеным ў дадзенай кнізе, гэтыя падзеі дапаўняюць і ўмацоўваюць доказы аўтара, што савецка-кітайскі раскол быў дэзінфармацыйнай маскай, якая хавала таемнае ўзаемадзеяньне паміж імі з мэтай рэалізацыі сумеснай стратэгіі. З прычыны гэтага сакрэтнага супрацоўніцтва, як паказвае наш аналіз, галоўнай мэтай савецкага ўварваньня ў Аўганістан, акрамя яго саветызацыі, было не акружыць Кітай, але прымусіць ЗША і Пакістан да цеснага ваеннага і палітычнага супрацоўніцтва з Кітаем. Не выключана, што Саветы могуць пайсьці на саступкі ў Аўганістане, каб атрымаць новыя стратэгічныя перавагі.

Прапанова Андропава па паляпшэньню адносін з Кітаем накіравана зусім не на падрыў адносін Кітая і ЗША, але зьяўляецца стымулам для ажыўленьня амэрыканскай цікавасьці да больш блізкіх адносін з Кітаем, якая істотна аслабела пасьля зыходу такіх актыўных прыхільнікаў амэрыкана-кітайскага ваеннага супрацоўніцтва як Бжэзінскі. Мэтай такога супрацоўніцтва павінна стаць атрыманьне Кітаем амэрыканскага ўзбраеньня і ваенных тэхналёгій. Савецкая акупацыя Аўганістана таксама магла быць распрацавана для стварэньня больш спрыяльных умоў для пранікненьня Кітая ў ісламскі сьвет, асабліва ў Пакістан …