2011-10-27

Віктар Юшчанка: Цімашэнка падвяла Ўкраіну да банкруцтва

Экс-прэм'ер і лідэр партыі “Бацькаўшчына” Юлія Цімашэнка падвяла краіну да банкруцтва дзякуючы заключэньню газавых кантрактаў з Расеяй у 2009 годзе. Аб гэтым паведаміў былы прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка ў прамым эфіры праграмы “Шустэр live”. Паводле яго слоў газавыя дамовы ўрада Цімашэнкі – гэта палітыка, а не матэматыка. Экс-прэзыдэнт растлумачыў, што цана на газ для Ўкраіны мусіла быць амаль у 2,5 разы ніжэй. Такім чынам, Юшчанка ацэньвае газавае пагадненьне, заключанае з удзелам Цімашэнкі, як “бомбу”, закладзеную пад сувэрэнітэт Украіны.

Па словах Юшчанкі, просты матэматычны разьлік паказвае, што цана на блакітнае паліва для Ўкраіны павінна была скласьці прыкладна 175 замест 450 даляраў. Пра гэта экс-прэзыдэнт Украіны заявіў, камэнтуючы эканамічныя абгрунтаваньні “справы Цімашэнкі”.

“Вельмі важна, каб украінцы разабраліся ў сутнасьці гэтай справы, якая зьяўляецца прадметам дыскусіі. Трэба, каб не давалі палітызаваць гэты працэс там, дзе ня трэба. Глядзіце:



Газаправод ідзе з Расеі ў Нямеччыну праз Украіну, Славакію, Аўстрыю. Ёсьць паняцьце базавай цаны, калі зьмяняецца ўласьнік. Базавая цана на ўсходняй мяжы Ўкраіны, Германіі – на той жа самы газ. Украіна з 2009 года пераходзіць на рынкавую цану, гэта значыць няма палітыкі, а ёсьць пераход да матэматыкі. Вось так.

Якая базавая цана ў Нямеччыне – 250 даляраў. Гэта за 2 тысячы 400 кілямэтраў. Якая цана для Ўкраіны на мяжы – 450 даляраў.

Калі мы хочам ведаць цану для Ўкраіны па нямецкай цане, трэба адняць ад базавай кошт транзыту (5 даляраў за 100 кілямэтраў).

Гэта значыць, атрымліваецца 145 даляраў павінна быць цана на нашай мяжы.

Або 175 даляраў, залежыць ад цаны ўкраінскага транзыту.

Гэта чырвоная цана расейскага газу на ўсходзе Ўкраіны. Так дамовілася Нямеччына. У нас – 450. Гэта палітыка ці гэта матэматыка, як вы лічыце? Гэта банкруцтва краіны”, – падкрэсьліў Юшчанка.

Па словах былога прэзыдэнта, асноўнай мэтай судовага працэсу павінна была стаць адмова ад нявыгадных газавых пагадненьняў. “Місія суда, яго галоўная мэта, на маю думку, магла заключацца ў адным: як адвесьці Ўкраіну ад гэтага фатальнага пагадненьня, як заахвоціць нацыю кансалідавацца. Таму што мы пры такім пагадненьні жыць ня будзем”, – сказаў Юшчанка.


Наш камэнтар:

Калі паназіраць за незалежнымі беларускімі СМІ ў апошнія пару тыдняў, адкрыецца цікавая карціна: усе як па камандзе прасоўваюць думку аб тым, што Януковіч – аналяг Лукашэнкі. На большае фантазіі чамусьці не хапае. Але на чым засноўваецца такая пастаноўка пытаньня? На тым, што ўкраінскі суд даў сем гадоў Юліі Цімашэнцы? Аднак слынны змагар з карупцыяй пасьля прыходу да ўлады нават не паспрабаваў пасадзіць Кебіча. Замест гэтага былі забаронены беларускія сымбалі, растаптана мова, зьбіты дэпутаты ў парлямэнце, ліквідавана мяжа з Расеяй, закансэрваваны сацыялізм у эканамічнай сфэры, навязана энэргетычная залежнасьць ад РФ і г.д. Януковіч чамусьці не сьпяшаецца забараняць жоўта-блакітны прапар, але імкнецца да энэргетычнай незалежнасьці ад Расеі, пашырае вайсковае супрацоўніцтва з Амэрыкай, Ізраілем, Грузіяй, запрашае эканамістаў з Казахстана, якія праводзілі там лібэральныя рэформы ў эканоміцы, накіроўвае дэлегацыі ў Тбілісі пераймаць вопыт рэформаў, і пачынае выкараняць савецкую мафію (як гэта рабіў у Грузіі Саакашвілі), увасабленьнем якой зьяўляецца спадарыня Цімашэнка. Калі ўжо на тое пайшло, дык няўдалы ўкраінскі Лукашэнка – гэта Юлія Цімашэнка.

No comments: