2011-10-21

Абмен думкамі зь Сяргеем Навумчыкам

Пасьля публікацыі ў газэце “Известия” адказу Лукашэнкі на праект Эўразійскага саюза, які быў агучаны Пуціным, дэпутат Вярхоўнага Савету XII скліканьня, адзін з бацькоў беларускай незалежнасьці Сяргей Навумчык разьмясьціў разважаньні на гэты конт пад назвай “Назад, у імпэрыю?” у сваім блогу на Радыё Свабода. Спадар Навумчык зрабіў дзьве прынцыповыя высновы:
1. Лукашэнка і Пуцін адзіныя ў галоўным – ў імкненьні аднавіць імпэрыю.
2. У чарговы раз назваўшы распад СССР (чытай – дасягненьне незалежнасьці Беларусі) “найглыбейшай, трагічнай памылкай”, Лукашэнка яшчэ раз пацьвердзіў, хто зьяўляецца самым вялікім фактарам небясьпекі для незалежнасьці краіны, якой яго паставілі кіраваць.


Абаронім Беларусь:

Дзякую, спадар Навумчык, за апэратыўную рэакцыю на артыкул Лукашэнкі. У мяне такое ўражаньне, што вы разумееце сытуацыю куды глыбей, чым Вам дазваляе сказаць фармат Радыё Свабода. Хацеў бы зьвярнуць увагу на некалькіх істотных момантаў.

12 кастрычніка Arche.by апублікаваў пераклад артыкула Джэфры Найквіста “Расеяй кіруе таемнае палітбюро?”, які заснаваны на выступленьні Леаніда Краўчука на тэлебачаньні. Экс-прэзыдэнт Украіны заявіў, што ні Пуцін, ні Мядзьведзеў не кіруюць Расеяй, рэальная ўлада – у руках групоўкі накшталт палітбюро. Кагосьці гэта можа зьдзівіць, але трэба зразумець, што няма ніякіх падставаў лічыць, што тыя структуры, якія кіравалі СССР (ЦК, КГБ, Генштаб) выпусьці ўладу ў 1991. Тое, што Мядзьведзеў, зьяўляючыся прэзыдэнтам, не кантралюе сытуацыю, цяпер ведаюць усе. Тады на чым грунтуецца ўпэўненасьць грамадзкасьці, што сытуацыю кантралюе Пуцін, ці кантраляваў Ельцын? На тым, што так кажуць СМІ, якія кантралюе Крэмль? Хто такі Пуцін у параўнаньні з Прымаковым, Сьцяпашыным, Гарбачовым і іншымі? Артыст, які робіць, тое што яму кажа вышэйшае ваенна-палітычнае кіраўніцтва РФ. І ўсе гэтыя сантымэнты наконт СССР – зусім не “агаворкі па Фрэйду”, а мэтанакіраваныя дзеяньні.

Цалкам згодны з Вамі, што ўсе канфлікты Лукашэнкі з Масквой, фільмы па НТВ і г.д. ніяк не зьмяняюць сутнасьці іх дачыненьняў. Масква яго стварыла, яна яго шматкроць ратавала, яна можа яго імгненна зьнішчыць (як фізычна так і палітычна). Як Лукашэнка можа праводзіць прынцыпова самастойную палітыку, калі па яго ж словах палова ўраду – расейцы (іх ці не 100% сярод сілавікоў). І справа тут не ў нацыянальнасьці, а ў тым, што ўся сыстэма ўлады пранізаная людзьмі, ляяльнымі Маскве, а ўжо потым Лукашэнку. Штучны канфлікт са сваім сатэлітам ці саюзьнікам Масква прымяняе як мінімум з канца 1950-х. Так званая “стратэгія нажніц” была прааналізавана Галіцыным ажно ў 1984 (New Lies for Old).

І яшчэ вельмі істотны момант. Масква проста ня можа дапусьціць рэвалюцыю ў Беларусі перад выбарамі ў Расеі (нават кантралюемую, каб зьмяніць Лукашэнку на іншую марыянэтку). Там вельмі баяцца масавых народных выступленьняў, якія будуць стыхійнымі, а не арганізаванымі ФСБ для каналізацыі пратэсту (як было ў 1991, калі народ павялі здымаць статую Дзяржынскага, замест таго каб зьнішчыць створаную ім арганізацыю). Заўважце, за пару дзён да 19 сьнежня 2010 у Маскве былі арганізаваныя беспарадкі каб зьбіць пратэстны патэнцыял, бо людзі маглі нагледзецца на выступленьні ў Менску і ўзбунтавацца. Перад Эгіпэцкай рэвалюцыяй зусім не проста так здарыўся тэракт у Дамадзедава. Зараз у Масквы велізарныя праблемы ў Сырыі. Эканамічны крызыс на Захадзе непазьбежна ўдарыць па Расейкай эканоміцы (як гэта было ў 2008). Як кажа расейская прымаўка, “коней на пераправе не мяняюць”…

Блогер http://abaronim-bielarus.blogspot.com/


С. Навумчык:
У мяне таксама суб'ектыўнае адчуваньне, што Пуцін не вызначае самастойна палітыку Расеі. Ва ўсялякім разе, вызначае далёка ня ўсё. Вось Сталін – вызначаў. Вызначаў, у значнай ступені, Хрушчоў, у першай палове сваёй дзейнасьці. Брэжнеў ужо быў павінен улічваць фактар “калектыўнага кіраўніцтва” (хаця ў прыняцьці найбольш важных рашэньняў яму належала апошняе слова), але мы, ва ўсялякім разе, ведалі прозьвішча гэтага “калектыўнага кіраўніка” – партрэты членаў Палітбюро несьлі на кожнай дэманстрацыі. Ну, былі і дарадцы ў “цені”, не бяз гэтага.
Якое "палітбюро" за Пуціным? Калегія сучаснага ФСБ? Былыя члены калегіі былога КГБ СССР? Былыя падпалкоўнікі-аналітыкі КГБ і ГРУ, а сёньня – уладальнікі вілаў на Лазурным беразе, пентхаўзаў на Манхэтане і мільярдных бізнэсаў? Ня варта забывацца і на Генштаб – шмат якія палітычныя рашэньні Крамля абумоўленыя найперш вайсковымі інтарэсамі.
Але тое, што Расеяй кіруюць людзі ў пагонах, для мяне бясспрэчна. Беларусьсю – таксама.

Абаронім Беларусь:

Сёньняшняе становішча Беларусі можна параўнаць са становішчам краінаў Варшаўскай дамовы, якія фармальна зьяўляліся незалежнымі (значная частка іх насельніцтва ў гэта верыла), але на самой справе вельмі шчыльна кантраляваліся Масквой, а сілавыя структуры дык наўпрост былі філіяламі савецкіх. Для Масквы гэта вельмі зручна, бо можна выкарыстоўваць Беларусь як канал для экспарту злачыннасьці, наркотыкаў, зброі і, магчыма, нават тэрарыстаў. Так у свой час СССР выкарыстоўваў Польшчу, Чэхаславаччыну, Румынію і г.д.

Поўны склад калектыўнага кіраўніцтва Расеі пайменна наўрад ці хто ведае, але відавочна, што ад кіраўніцтва СССР яны прынцыпова не адрозьніваюцца, яны па-ранейшаму імкнуцца да сусьветнага панаваньня, яны прытрымліваюцца гнуткай доўгатэрміновай стратэгіі і працягваюць падрыхтоўку да вялікай вайны, яны вельмі разумныя, у іх ёсьць калясальныя грашовыя сродкі (паводле Заходніх крыніц яны кантралююць да 90% наркатрафіку і 100% адмываньня грошай зь яго), у іх няма ніякіх маральных абмежаваньняў, але, дзякуй Богу, у іх шмат што не атрымліваецца, у тым ліку таму што (як паказваюць апошнія падзеі) у некаторых краінах НАТО ёсьць разуменьне сытуацыі (ў адрозьненьні ад большасьці журналістаў, палітолягаў і простых абывацеляў). Сваю палітыку ў дачыненьні Беларусі СССР–РФ выбудоўвае ў адпаведнасьці са сваёй стратэгіяй і міжнароднай сытуацый. Перамога на Беларусі нацыянальных сіл (не падстаўных, а сапраўдных), будзе для Масквы геапалітычнай катастрофай – ня меншай за распад СССР, а стратэгічны альянс Беларусі, Польшчы і Ўкраіны – проста кашмарам.

No comments: