2011-09-01

Канцэпцыя Джэфры Найквіста. Частка 2. Заняпад Амэрыкі

Камунізм у ЗША. Дзейнасьць агентуры і недахоп адпаведнай рэакцыі амэрыканскага боку.

На працягу доўгага часу Саветы мелі агентуру (як шпіёнаў, так і агентаў уплыву), якая надзвычай эфэктыўна дзейнічала ў вярхах амэрыканскай адміністрацыі, і празь якую яны аказвалі ўплыў на ўнутраную, зьнешнюю і абаронную палітыку Злучаных Штатаў. Як самыя яскравыя прыклады Найквіст узгадвае Альгера Гіса (Alger Hiss), Уіттакера Чамбэрса (Whittaker Chambers), Гары Гопкінса (Harry Hopkins) і Дункана Чапліна Лі (Duncan Chaplin Lee), а таксама знакамітую “Кембрыджскую пяцёрку”.

Тым ня менш, гэта быў “залаты век” антыкамунізму ў Злучаных Штатах. Іншых ня менш важных агентаў – Юліюса і Этэль Розэнбэрг – прысудзілі да сьмяротнага пакараньня, прысуд быў выкананы, а пратэставаўшых супраць судовага выраку (і ўсёй антыкамуністычнай палітыкі) справядліва закляймілі як “ідыётаў” ці бальшавікоў.

У час вайны ў Карэі была адкінута прапанова генэрала Кёрціса Ле Мэя (Curtis LeMay) нанесьці ядзерны ўдар па групоўцы кітайскай народна-вызваленчай арміі. Замест гэтага было прынятае рашэньне аб спыненьні агню і ўтрыманьні камунізму на лініі 38-й паралелі. Паводле Найквіста, тады перамагла адсутнасьць палітычнай волі і прагматычнае стаўленьне да сучаснай людаедаў.

Індакітай – пачатак буйнога інфармацыйнага наступленьня

Амэрыканцы (а таксама іх саюзьнікі Вялікабрытанія, Аўстралія, Новая Зэляндыя) прадэманстравалі неразуменьне камунізму, падатлівасьць, і, такім чынам, адсутнасьць палітычнай волі для яго зьнішчэньня падчас вайны ў Індакітаі. Найквіст правёў вычарпальнае вывучэньне гэтага пераможнага для камуністаў канфлікту ў артыкуле “Індакітай 25 гадоў пасьля”.

Адміністрацыя прэзыдэнта, камандаваньне ўзброеных сіл і разьведвальная супольнасьць у пераважнай большасьці ня ведалі, што ўлады Дэмакратычнай Рэспублікі Віетнам і Віетконг (а затым і чырвоныя кхмеры і Патэт Лао) зьяўляюцца камуністамі, прадстаўнікамі савецкіх і кітайскіх інтарэсаў у рэгіёне Ўсходняй Азіі і Ціхага акіяна. Віетнамскі камунізм разглядаўся ва ўрадавых колах ЗША як адна з формаў антыкаляніяльнага абарончага нацыяналізму.

23-гадовы хлопец пасьля 
месяца ў лягеры Віетконгу
для ваеннапалонных, 1966




Найквіст нагадвае відавочны таталітарны характар камуністычнай партыі Індакітая, ад якой паходзілі Віетмін і Віетконг. З моманту свайго стварэньня яна вызначалася жорсткасьцю. Яна была заснаваная ў 1930 годзе. У 1931 годзе партыя стварыла сельскія “саветы” і пачала забіваць мясцовых землеўладальнікаў і захопліваць зямлю. У пачатку 1945 года яшчэ падчас японскай акупацыі Камуністычная партыя Індакітая ў складзе 5000 чалавек пачала кампанію тэрору, але ня супраць японцаў, а супраць палітычных апанэнтаў у нацыянальным руху. Калі пасьля капітуляцыі японцаў Хо Шы Мін стаў самым магутным палітычным лідэрам, ён пачаў жорсткую ліквідацыю сваіх праціўнікаў. У жніўні 1945 года прэса Віетміню заклікала да стварэньня “Камітэтаў для ліквідацыі здраднікаў у кожнай вёсцы”. Гэтая акцыя не абмяжоўвалася людзьмі, якія супрацоўнічалі зь японцамі. Калі ў Віетнаме скончылася французскае праўленьне, камуністычныя злачынствы набралі тэмп. Камуністычны лёзунг таго пэрыяду абвяшчаў: “Лепш забіць дзесяць бязьвінных людзей, чым пакінуць у жывых аднаго ворага”. Падлічана, што ў Паўночным Віетнаме на працягу гэтага пэрыяду адбылося 50000 сьмяротных пакараньняў. У турмы было кінута 100 000 людзей, якія былі антыкамуністамі. На поўдзень Віетнаму хлынула маса ўцекачоў ад камуністычнай тыраніі. Вось з такім ворагам змагаліся амэрыканцы. Ад яго яны паспрабавалі вызваліць Паўднёва-Ўсходнюю Азію.

Між тым, СССР дапамагаў віетнамскім камуністам, адпраўляючы ім танкі Т-34, баявыя караблі, дальнабойныя 130-мілімэтровыя гарматы і, нарэшце, “славутыя” аўтаматы Калашнікава. На працу ў паўночнавіетнамскую ваенную прамысловасьць былі накіраваныя кітайскія добраахвотнікі. Але гэта не магло кампэнсаваць ні амэрыканскую тэхналягічную перавагу, ні баявы дух паўднёвавіетнамскіх салдат. Арміі вольнага сьвету і Віетнаму адбілі два звышцяжкія наступленьні: першае (наступ “Тэт”) у 1968, а другое – у 1972 годзе.

Ня ў сілах перамагчы ворага ў вайне з выкарыстаньнем рэгулярных узброеных сілаў, партызанкі і тэрарызму, камуністы вырашылі распачаць супраць вольнага сьвету інфармацыйную вайну. Найквіст спасылаецца на Станіслава Лунёва – перабежчыка з ГРУ:
ГРУ і КГБ дапамагалі фінансаваць амаль усе антываенныя рухі і арганізацыі ў Амэрыцы і за мяжой. Фонды ... былі перададзеныя праз тайных агентаў і падстаўныя арганізацыі ... Для антываеннай прапаганды ў Злучаных Штатах ГРУ і КГБ мелі большы бюджэт, чым ... бюджэт, прызначаны для эканамічнай і ваеннай падтрымкі віетнамцаў.
Згодна Найквісту і Лунёву яго памер перавышаў адзін мільярд даляраў. Ён быў нават большы за абаронны бюджэт ЗША.

Знакаміты рок-фэстываль Вудсток у 1969 годзе афіцыйна фінансаваўся аддзелам па культуры амбасады камуністычнай Баўгары і Аэрафлётам.

Антываенныя і “альтэрнатыўныя”рухі, ядром якіх была агентура КГБ і ГРУ, абвяшчалі пацыфісцкую ідэалёгію, заснаваную дэ-факта на адмаўленьні інстынкту самазахаваньня. Быў атакаваны падмурак, на якім засноўвалася традыцыйная цывілізацыя: інстытут сям'і, царквы, кансэрватыўныя каштоўнасьці, свабодны рынак. Рэклямаваліся сэкулярызм, сэксуальная распушчанасьць і наркотыкі. Віетнамскія камуністы з ДРВ і Віетконга прадстаўляліся як вызваліцелі, якія змагаюцца за вызваленьне сваёй краіны ад фашыста Нго Дзінь Дзема і амэрыканскіх захопнікаў. Таму салдаты і прызыўнікі не хацелі ваяваць на “чужой вайне”. Сярод амэрыканскіх салдат, дысьлякаваных у Віетнаме, распаўсюдзілася эпідэмія алькагалізму і наркаманіі. Вайна ў Віетнаме была першай, у якой прынялі ўдзел сродкі масавай інфармацыі: каляровая прэса і тэлебачаньне. Амэрыканская армія не ўжывала ваенную цэнзуру. Заходняя прэса дэманстравала здымак паўднёвавіетнамскага афіцэра, які засьведчыў свой антыкамунізм, расстрэльваючы партызана з Віетконгу, а пацыфісцка-лібэральны Захад успрымаў гэта як доказ распаўсюджанасьці ваенных злачынстваў. Самы вядомы здымак, зроблены на той вайне, стаў аб'ектам маніпуляцыі – у рэчаіснасьці апаленыя напалмам дзеці беглі зь вёскі, якую разбамбілі камуністы, а амэрыканцы іх проста эвакуіравалі.


“Антываенныя” пратэсты часам пераўтвараліся ў крывавыя бунты, інсьпіраваныя камуністычнымі арганізацыямі. ФБР адмовілася выканаць даручэньне пранікнуць у камуністычныя ячэйкі. Гэтае заданьне мусіла ўзяць на сябе ваенная выведка, але пасьля раскрыцьця гэтай інфармацыі ад гэтай ідэі адмовіліся. Палітыкі не хацелі браць на сябе адказнасьць, таму апэратыўныя матэрыялы былі зьнішчаны.

Антываенныя пратэсты каля Пэнтагона
кастрычнік 1967

Прэзыдэнт Рычард Ніксан вырашыў “віетнамізаваць” вайну – пачаць вывад амэрыканскіх войскаў і дарадцаў зь Віетнаму. Віетнамскім антыкамуністам здрадзілі. Абсталяваньне, якое пастаўлялася з ЗША у Паўднёвы Віетнам, без належнага тэхнічнага абслугоўваньня паступова стала непрыдатным для выкарыстаньня. У той час як амэрыканцы сыходзілі, Саветы і кітайскія камуністы затапілі Віетнам сваім ваенным абсталяваньня і “дарадцамі”. Акрамя таго, амэрыканцы падчас вайны кіраваліся прынцыпам прававога пазытывізму, а таму на працягу доўгага часу не атакавалі “шлях Хо Шы Міна”, які пралягаў праз Лаос і Камбоджу.

Для камуністаў Віетнамская вайна завяршылася надзвычай пасьпяхова. Камунізм пашырыўся ня толькі на пераможаную Ханоем Рэспубліку Віетнам, але на Лаос і Камбоджу, дзе пад уладай Пол Пота ўзьнікла яго найбольш патагенная і сьмяротная мутацыя.

Віетнамская вайна скончылася перамогай камуністаў ва ўсіх краінах паўвыспы Індакітай і магутным падрывам саміх асноваў цывілізацыі ў Амэрыцы. Структуры, якія засноўваліся на дзейнасьці КГБ і ГРУ, пачалі жыць сваім уласным жыцьцём. У 1980-х гадах XX стагодзьдзя яны ўжо аказвалі вельмі значны ўплыў на амэрыканскую грамадзкую прастору. Джэфры Найквіст меў “прыемнасьць” непасрэдна кантактаваць з камуністамі ў ходзе навучаньня ва ўнівэрсытэце якраз у 1980-я гады:
Вялікая група выкладчыкаў і студэнтаў былі марксістамі. Яны не былі савецкімі шпіёнамі або агентамі замежнай дзяржавы. Яны былі гатовыя паверыць савецкай прапагандзе, адначасова мяркуючы, што ўсё, што робіць урад ЗША, зьяўляецца “дрэнным”. Яны высьмейвалі амэрыканскую палітычную сыстэму, зьдзекаваліся над амэрыканскімі свабодамі і ўпотай марылі аб рэвалюцыі. Гэта былі людзі з празьмернымі амбіцыямі, злосьцю, зьедлівасьцю і прэтэнзіямі. Некалькі камуністаў, зь якімі я сутыкаўся, былі шчырымі ідэалістамі, аднак большасьць былі пакрыўджаны фактам сваёй касьмічнай нязначнасьці. У 1987 годзе я прыйшоў да высновы, што амэрыканская памяркоўнасьць да камунізму ва ўнівэрсытэцкім асяродзьдзі зьяўляецца доказам таго, што набліжаецца амэрыканская “смута”.
Амэрыканскія камуністы, сярод якіх, аднак, частка – гэта, безумоўна, кіруемая з Масквы і Пэкіна агентура, зьяўляюцца экспэртамі па стварэньні траянскіх каней у сацыяльнай палітыцы, арміі, дыпляматыі, сацыялёгіі і адукацыі. Адзін з асноўных мэтадаў камуністычнай палітыкі – гэта “стварэньне” віртуальных праблем поруч з такімі ж віртуальнымі “рашэньнямі”, якія маюць трагічныя наступствы.

З дапамогай камбінацыі перабольшаньняў і навязваньня думак камуністы знайшлі спосаб устаўляць элемэнты сваёй рэвалюцыйнай праграмы ў агульнанацыянальную палітыку.

Так, напрыклад, такія міты як “глябальнае пацяпленьне”, “перанасяленьне”, “дыскрымінацыя віктымалягічных груп” (жанчын, этнічных меншасьцяў, гомасэксуалістаў), згодна Найквісту, зьяўляюцца нічым іншым як камуністычнай прапагандай, якая ўлічвае амэрыканскую палітычную культуру, ці, нават, выкарыстоўвае міты амэрыканскага грамадзтва на карысьць прафэсіяналаў па сацыяльным кантролі.

Хлусьня гэтак званых новых левых была шырока прынятая так званай грамадзкай думкай. Хто, напрыклад, спрабуе падарваць тэзіс аб глябальным пацяпленьні, дыскрымінацыі ў дачыненьні да меншасьцяў, праве на аборт, якія знаходзяцца ў адным дыяпазоне з Галакостам і Ку-клукс-кланам.

Вырашэньне фальшывых праблемаў спрыяе заняпаду Злучаных Штатаў і, такім чынам, усяго вольнага сьвету. Адмаўленьне ад атамнай энэргіі і ядзернай зброі азначае раззбраеньне і капітуляцыю перад СССР (Савецкай Расеяй), КНР і іх саюзьнікамі. Рашэньне эфэмэрнай праблемы “глябальнага пацяпленьня” азначае ня толькі паслабленьне энэргетычнага патэнцыялу асобных краін, але жудаснае ўмяшаньне ў жыцьцё кожнага чалавека ў драбнюткіх аспэктах. Пераразьмеркаваньне даходаў ад багатых краін да так званага Трэцяга сьвету будзе азначаць: у разьвітых краінах – крах эканомікі вольнага рынку, а ў краінах, якія разьвіваюцца (і занадта слабыя для любой мадэрнізацыі) – стварэньне паталёгіі “ваўчынага капіталізму”, карупцыі, касікізму і карпаратыўнасьці.

Важным элемэнтам камуністычнай стратэгіі, накіраванай на паслабленьне Амэрыкі, зьяўляецца пранікненьне камуністаў (радыкальных левых) у партыйныя структуры дэмакратаў. Кадры амэрыканскіх камуністаў ня вельмі шматлікія, але ў выніку дэзінфармацыйных дзеяньняў, “маршу празь інстытуты” і выкарыстаньня таталітарных схільнасьцяў левых іх уплыў на праграму Дэмакратычнай партыі стаў велізарным. Адной з такіх груповак была адкрыта пракамуністычная “Група Дэрыка Шэарара” (Derek Shearer). Сярод найбольш цікавых ідэй гэтай групы па ўсталяваньні камунізму ў ЗША была ідэя выкарыстаць і ўзмацніць эканамічны крызыс з мэтай справакаваць камуністычную рэвалюцыю. Гэтая група спадзявалася ўплываць на нацыянальную палітыку з дапамогай маладога губэрнатара Арканзаса Біла Клінтана.

Двухразовы прэзыдэнт ЗША ўхіляўся ад прызыву ў час вайны ў Індакітаі, а таксама быў прыхільнікам Віетконга. Існуюць таксама задакумэнтаваныя дадзеныя амэрыканскіх спэцслужбаў – падазрэньні ў агентурных сувязях Клінтана з камуністычнымі спэцслужбамі. Прадстаўнік разьведкі, які заслугоўвае даверу, сказаў Найквісту аб запісанай размове двух чэскіх камуністаў. Яны размаўлялі пра маладога студэнта Біла Клінтана, які наведваў Прагу. Яны ўзгадалі, што ён павінен быў пабываць у некаторых месцах, дзе ажыцьцяўлялася вярбоўка агентаў.

Гілары Клінтан пачала сваю кар'еру на службе зла спачуваньнем [экстрэмісцкай арганізацыі] “Чорныя пантэры”. Яна зьяўляецца сябрам CISPES (Камітэта салідарнасьці з народам Эль-Сальвадора) – “хрысьціянскай” арганізацыі, блізкай да тэалёгіі вызваленьня, якая падтрымлівала камуністычныя тэрарыстычныя арганізацыі ня толькі ў Сальвадоры, але і ў іншых краінах Лацінскай Амэрыкі.

Два прэзыдэнцкія тэрміны Біла Клінтана былі пэрыядам рэалізацыі многіх пастулятаў амэрыканскіх левых, камуністаў і агентаў уплыву. Найбольш небясьпечным зь іх было скарачэньне ўзброеных сіл ЗША – як звычайных, так і ядзерных – да адной пятай часткі ад ўзроўню 1970-х ­– 1980-х гадоў. Акрамя таго, Клінтан з энтузіязмам ставіўся да аднаўленьня ўплыву Масквы ў краінах “былога” Савецкага Саюза, а таксама стратэгічнага саюзу Савецкай Расеі з Кітаем і Паўночнай Карэяй.

Прэзыдэнцкі тэрмін абранага ў 2008 годзе Барака Абамы Найквіст лічыць “канцом Амэрыкі”. Мы маем справу з чалавекам, якога выхавалі сапраўдныя камуністы, такія, як яго раньнія настаўнікі Фрэнк Маршал Дэвіс або Біл Аерс. Клінтан (у параўнаньні з Баракам Абамам) таксама быў выхаванцам камуністаў, але яго цынізм і прага ўтрымаць пасаду не дазволілі яму ажыцьцявіць асабліва разбуральныя дзеяньні. Абама рэгулярна праводзіць разбуральныя для ЗША і вольнага сьвету адступленьні з Эўропы і робіць усё новыя саступкі Савецкай Расеі і КНР. Дата адмовы ад супрацьракетнага шчыта на тэрыторыі Польшчы і Чэхіі не выпадковая (з улікам палітычнай арыентацыі Абамы і людзей зь яго адміністрацыі на чале з Гілары Клінтан):
Барак Абама – гэта амэрыканская вэрсія Сальвадора Альендэ. Я не магу сказаць, ці кіруюць ім якія-небудзь цёмныя матывы. Дбаючы аб палітычнай карэктнасьці сваіх словаў, ён прытрымліваецца сацыял-дэмакратычнага тону, але яго манеры выклікаюць занепакоенасьць. Стыль яго гаворкі і жорсткая пастава маюць у сабе нешта ад Гітлера: моцная сківіца, маршчыністы лоб, загадны тон. Я вагаўся, перш чым сказаць гэта, таму што я не спэцыяліст у гэтай сфэры. Але я глядзеў на штогадовае пасланьнем да нацыі з узрастаючым жахам. Я праглядаў апошняе інтэрвію з амэрыканскім прамыслоўцам, які працаваў у Маскве ў 1990-х гадах і чуў расповед пра маладога чорнага камуніста, падрыхтаванага Масквой, каб заняць пасаду прэзыдэнта Злучаных Штатаў. Пакуль гэта толькі чуткі, але я падазраю, што ёсьць сёе-тое ў гэтай гісторыі, што можа, аднак, неўзабаве быць пацьверджана дакумэнтамі.
 

Слабая рэакцыя амэрыканскіх спэцслужбаў на камунізм

Акрамя таго, амэрыканскія спэцслужбы рэдка зьвярталі (ці ўвогуле не зьвярталі) ўвагу на тыя пагрозы, якія зыходзілі ад камунізму: як на ваенную пагрозу з боку СССР (Савецкай Расеі) ці КНР, так і на дзейнасьць уласных камуністаў і агентаў у розных сфэрах. Нягледзячы на гэта, як прызнае сам Найквіст, амэрыканцы па сваёй прыродзе зьяўляюцца антыкамуністамі.

Яскравым прыкладам зьяўляецца адсутнасьць вялікай цікавасьці да працы аналітычнай каманды на чале з Джэймсам Англетонам, у склад якой уваходзіў Анатоль Галіцын. Пасьля пачатку пагранічнага канфлікту паміж СССР і КНР перамагла думка, што тэзісы Галіцына ў цэлым засноўваліся на памылковай інфармацыі, што ў сваю чаргу дыскрэдытавала Англетона як кіраўніка контрразьведкі ЦРУ. Англетона, якога западозрылі ў антыкамуністычным псыхозе, у рэшце рэшт вымусілі сысьці ў адстаўку з-за абвінавачваньняў у пэрлюстрацыі карэспандэнцыі з СССР.

Найквіст таксама крытыкуе прэзыдэнта Рональда Рэйгана, якога правыя і антыкамуністычныя колы лічаць манумэнтальнай постацьцю. Яго асноўнай памылкай была падтрымка Кітайскай народнай рэспублікі ў якасьці процівагі СССР. Акрамя таго, антыкамунізм Рэйгана (і Тэтчэр) быў заснаваны на ўспрыманьні зла камунізму галоўным чынам як недэмакратычнага і антылібэральнага мэтаду кіраваньня, што прывяло да аслабленьня палітыкі найвялікшага прэзыдэнта ЗША на пачатку яго другога тэрміну:
Рэйган пастарэў і стаў менш цьвёрдым. Таму Саветы вырашылі прыняць адпаведныя меры ў апошнія гады яго другога прэзыдэнцтва. Пасьля завяршэньня гульняў халоднай вайны яны пачалі залагоджваць Рэйгана. Саветы стварылі ўражаньне саступак. Гэта быў вельмі эфэктыўны тактычны ход. У дачыненьні як да Рэйгана, так і да Тэтчэр была выкарыстана вялікае наступленьне з дапамогай асабістага зачараваньня, дзякуючы якому Гарбачоў быў прызнаны "чалавекам, зь якім вы можаце заключыць зьдзелку".

Антыкамунізм таксама быў непапулярны ў акадэмічных колах, дзе з 60-х гадоў пераважалі левыя, камуністы, або агенты ўплыву:
Пры Рэйгане галоўным асяродкам антыкамуністычнага моладзевага руху была арганізацыя YAF (Маладыя амэрыканцы за свабоду). Гэта была пазбаўленая вялікага значэньня група, якая складалася зь некалькіх “кансэрватыўных” студэнтаў. У інтэрнаце, дзе пражывала прыкладна 20 тысяч студэнтаў, можна было знайсьці 10–15 сяброў гэтай арганізацыі. Як студэнт паліталёгіі ва Ўнівэрсытэце Каліфорніі я не прымаў актыўнага ўдзелу ў жыцьці арганізацыі, не лічачы двух ці трох сустрэч, на якіх я прысутнічаў. Неўзабаве я выявіў, што асноўным заняткам кіраўніцтва YAF было паленьне марыхуаны, а таксама, што адзін мой калега, які паходзіў з Усходняй Эўропы, пераказваў мне выразы левых прафэсараў. Гэта быў не занадта стымулюючы вопыт. Ва усякім выпадку, антыкамунізм ня быў тыповай вобласьцю студэнцкіх інтарэсаў (а тых, хто гэтым займаўся, лічылі дзівакамі).

Наступленьне шпіёнаў

У 1984 – 1985 было раскрыта семнаццаць выпадкаў шпіянажу на карысьць СССР. Нагадаем, што агент замежнай разьведкі раскрываецца толькі тады, калі яго нельга перавэрбаваць або нэўтралізаваць іншым чынам. Найквіст апісвае наступныя выпадакі: Эдвард Лі Говард (Edward Lee Howard) – супрацоўнік ЦРУ, які пасьля правалу ўцёк у СССР, браты Джон і Артур Ўолкеры (John and Arthur Walkers) – афіцэры амэрыканскага ваенна-марскога флёту, радыст ВМФ Джэры Ўізварз (Jerry Withworth). Гэтая група займалася шпіянажам на працягу семнаццаці гадоў. Яшчэ адзін чалавек, які быў раскрыты ў той час, гэта Глен Саўзэр (Glenn Souther) – экспэрт па спадарожнікавым фатаграфаваньні. Як высьветлілася пазьней, Саўзэр быў сябрам амэрыканскай кампартыі. Пасьля ўцёкаў у СССР ён стаў маёрам КГБ. Паводле кіраўніка разьведкі ВМФ ЗША, якога цытуе Найквіст, шпіянаж 80-х гадоў дазволіў Саветам дасягнуць істотнай стратэгічнай перавагі.

Інфільтрацыя ключавых пасадаў у амэрыканскай адміністрацыі і спэцслужбах прыводзіць ня толькі да ўцечкі дзяржаўных, камэрцыйных ці ваенных таямніц. Яна таксама парушае ўзаемаадносіны паміж супрацоўнікамі спэцслужбаў: начальнікам і падначаленымі, супрацоўнікамі аднаго ўзроўню, афіцэрам і агентам, якія ў тэорыі павінны грунтавацца на даверы да старэйшых па званьні (ажно да кіраўніка дадзенай службы). У гэтай сытуацыі, работнікі спэцслужбаў часта змушаныя дзейнічаць на мяжы з прадпісанымі працэдурамі, ці проста насуперак ім. Гэта наносіць вялікую шкоду баявому духу афіцэра, у тым ліку яго патрыятызму.

З-за адзначаных вышэй прычынаў падчас Халоднай вайны амэрыканскім спэцслужбам не ўдалося стварыць агентурныя сеткі, якія інфільтравалі б кіраўніцтва Савецкага Саюза, КГБ, ГРУ або Генштаб. Перафразуючы аўтара, жыцьцё амэрыканскіх агентаў у Савецкім Саюзе карацейшае за жыцьцё мухі. У выпадку захопу ў палон такога чалавека жорстка дапытваюць, а затым забіваюць, калі толькі ён своечасова не ўцячэ. Савецкім службам бясьпекі, а таксама КНР і КНДР не вядомыя ні правы чалавека, ні гуманнае абыходжаньне з падазраванымі.

Пасьля 1991 года савецкія спэцслужбы – КГБ і ГРУ (першая зь якіх была толькі перагрупавана і зьмяніла назву) – працягваюць прасоўваць сваіх агентаў у ЗША.

Олдрыч Эймс (Aldrich Ames), супрацоўнік ЦРУ з аддзела, які займаўся Лацінскай Амэрыкай і Цэнтральнай Эўропай, быў завэрбаваны ў 1985 годзе Першым галоўным упраўленьнем КГБ з дапамогай кампрамату. Ад пачатку супрацоўніцтва (якое пачалося перадачай інфармацыі ў рэзыдэнтуру КГБ) і да арышту ён выдаў 14 агентаў ЦРУ і МІ-6 у Савецкім Саюзе (у тым ліку Алега Гардзіеўскага і генэрала Дзьмітрыя Палякова з ГРУ).

Другі вельмі небясьпечны агент – супрацоўнік ФБР Роберт П. Гансэн (Robert P. Hanssen) – у 1978 годзе быў завэрбаваны ГРУ, а з 1983 стаў падтрымліваць кантакты з КГБ (з 1992 года – СВР). Ён супрацоўнічаў з савецкай разьведкай да 2001 года. Ён выдаў, у прыватнасьці: інфармацыю аб сыстэмах, якія дазваляюць выяўляць падводныя чаўны, узброеныя ядзернай зброяй, так званыя “чорныя праграмы” адміністрацыі ЗША (уключаючы самалёты стэлс, у тым ліку веды аб разьвіцьці гэтай тэхналёгіі ў СССР). А таксама перадаў пляны пранікненьня ЦРУ ў савецкую разьведку. Дзейнасьць Эймса і Гансэна вельмі моцна паспрыяла дэзарыентацыі амэрыканскіх спэцслужбаў у пэрыяд перабудовы.

Эканамічны шпіянаж

У якасьці прыкрыцьця для дзейнасьці савецка-расейскай і кітайскай разьведкі выкарыстоўваюцца прыватныя кампаніі. Кітайцы дасягнулі значных посьпехаў у галіне інфарматыкі, ваенных тэхналёгій і космасу. Такія кампаніі як “Microsoft” і “Google” у КНР выкарыстоўваюцца апаратам цэнзуры. На самай справе, імі кіруе пажадлівасьць да атрыманьня прыбытку. У цэнтар амэрыканскіх высокіх тэхналёгій – Сыліконавую даліну – глыбока пранікла Гуоанбу (служба бясьпекі КНР). У 2008 годзе быў арыштаваны Чонг Донгфан – інжынэр кампаній Боінг і “Rockwell International”, які меў доступ да тэхнічнай дакумэнтацыі касьмічных чаўнакоў, ракет-носьбітаў і транспартных самалётаў. Ён займаўся шпіянажам на карысьць КНР на працягу 30 гадоў. Кітайскія транспартныя кампаніі таксама займаюцца абслугоўваньнем Панамскага канала, геастратэгічнае значэньне якога для Злучаных Штатаў ня трэба тлумачыць.

Таксама існуе падазрэньне, што міністар працы ў адміністрацыі прэзыдэнта Джорджа Буша, сябра кансэрватыўнай “Heritage Foundation” Элейн Чао – гэта кітайскі эквівалент Альгера Гіса. Яна мае блізкія сяброўскія адносіны з Цзян Цзэмінем.

Слабасьць амэрыканскіх правых

Кардынальнай памылкай у палітычным думаньні амэрыканскіх правых (вядома, у асноўным рэспубліканцаў) зьяўляецца неразуменьне фэномэну камунізму, у тым ліку мэтаў савецкай перабудовы і адкрытасьці КНР. Працяглы час у рэспубліканскім разуменьні міжнародных спраў дамінуе парадыгма рэалізму, паводле якой асноўнымі гульцамі на сусьветнай арэне зьяўляюцца нацыянальныя дзяржавы. Рэалізм, у адпаведнасьці з Найквістам, зусім не прымае пад увагу камунізм як стратэгію пашырэньня ўплыву кіруючых груповак СССР і кагэбісцкай Расеі ці камуністычнага Кітая. Камунізм успрымаецца як паняцьце, пазбаўленае сэнсу, як ідэалягічная неажыцьцявімая ўтопія, як праява рускага або кітайскага нацыяналізму і імпэрыялізму. Існуе недахоп ведаў аб прыродзе камунізму, бо аналізаваліся толькі больш жорсткія мэтады функцыянаваньня сыстэмы ў адрыве ад яе кантэксту. Адсутнасьць увагі да генэзісу і ролі марксізму і палітычная карэктнасьць ў амэрыканскіх інстытутах, такіх як унівэрсытэты або сродкі масавай інфармацыі, прывялі да сыстэматычнага прыняцьця камуністычнай прапаганды і маніпуляцыі нават правымі. Адміністрацыя Джорджа Буша ў многіх галінах працягвала палітыку скарачэньня ўзбраеньняў і спыненьня дзейнасьці разьведкі ў КНР і СССР, якая пачалася пры Джорджы Бушу старэйшым і дасягнула свайго апагею пры Клінтане. “Амэрыканская” паліткарэктнасьць, пераплятаючыся з рэалізмам або нэарэалізмам, патрабуе ня толькі ўхваліць тактычныя адносіны з нэасавецкай краінай, але і ўсур'ёз паверыць у добрыя намеры чэкістаў, якія кіруюць Расеяй, і Камуністычнай партыі Кітая. Пуцін, Мядзьведзеў, Ху Цзіньтао, Цзян Цзэмінь – ужо ня ворагі ЗША, а ў іх вачах можна ўбачыць унутраную глыбіню. “Ніхто ня мае намеру прайсьці на крок далей і абвясьціць, што Расея па-ранейшаму зьяўляецца нашым ворагам, што гандаль з Кітаем павінен быць спынены, што Паўночная Карэя і надалей павінна быць ізаляваная, а Кубу неабходна вызваліць”.

Джэфры Найквіст трохі паслабіў крытыку Джорджа Буша пасьля захопу Багдаду амэрыканцамі: “Я ніколі ня думаў, што Амэрыка адважыцца на зьвяржэньне расейскага сатэліта (як у выпадку з Іракам). Я ніколі ня думаў, што пачую амэрыканскага прэзыдэнта, які дае таталітарнаму дыктатару 48 гадзін, каб пакінуць краіну. Але прэзыдэнт Джордж Буш зрабіў менавіта так. Ён скінуў карумпаваны ірацкі рэжым, увёўшы Расею і Францыю ў аслупяненьне”. Тут, аднак, Буш зрабіў памылку, бо наймацнейшы савецкі флянг на Блізкім Усходзе – гэта асадаўская Сірыя, непасрэдны рассаднік Хамасу і Хэзбалы, дзе расейцы маюць намер пабудаваць ваенна-марскую базу.

Саміт G-8, чэрвень 2007
Адміністрацыя Джорджа Буша не змагла распазнаць чэкісцкае паходжаньне мусульманскага тэрарызму і арганізаванай злачыннасьці. Рэспубліканцам не хапіла палітычнай волі (і нават палітычнага характару) для больш жорсткага адказу Маскве і Пэкіну за іх падтрымку ісламскага тэрарызму (ісламскіх краін і арабскага сацыялізму.) Асьцерагаючыся ваеннага або палітычнага супрацьстаяньня з Савецкай Расеяй, Кітаем і Паўночнай Карэяй, якія маюць зброю масавага зьнішчэньня, Злучаныя Штаты пагражаюць інтэрвэнцыяй і ажыцьцяўляюць інтэрвэнцыю ў краіны, якія не пагражаюць ім у такой ступені, як вышэй пералічаныя. Пасьля тэрактаў 11 верасьня 2001 года да “Восі зла”, ў якую справядліва былі залічаны Каракас, Пхеньян, Тэгеран і Гавана, не былі “далучаны” ні Масква, ні Пэкін. Часам даходзіла толькі да пробліскаў сьвядомасьці ва ўспрыманьні Савецкай Расеі і Кітая як краін, якія не занадта сымпатызуюць ЗША. Буш паспрабаваў разьвіваць праект супрацьракетнай абароны, а таксама абвясьціў аб салідарнасьці з Тайванем на выпадак нападу камуністаў. У рэшце рэшт, рэспубліканцы былі і застаюцца, кажучы словамі аднаго з клясыкаў дыялектыкі, “за і нават супраць” больш жорсткага стаўленьня да Масквы і Пэкіну.

На іншым полюсе амэрыканскага правага палітычнага спэктру ёсьць так званыя крайнія правыя на чале з Таварыствам Джона Бёрча і іншыя палеакансэрватары, якія абвяшчаюць, што камунізм, бальшавіцкая рэвалюцыя і рэвалюцыя новых левых былі распрацаваны ордэнам ілюмінатаў, масонскімі ложамі і, нават, сіёнскімі мудрацамі, а камунізм па-сутнасьці зьяўляецца толькі часткай капіталістычнай (масонскай, габрэйскай) змовы.Таму галоўная пагроза палягае не ў камунізму, а ў дзейнасьці масонскіх ложаў. Гэтыя тэорыі былі прывітыя ў Амэрыцы рускай белай эміграцыяй. Гэта брудныя парэшткі, якія засталіся ад “Пратаколаў сіёнскіх мудрацоў” – прапагандысцкай антыгабрэйскай брашуры, створанай яшчэ царскай ахранкай. Ня выключана, што гэтыя ілжывыя тэорыі аб паходжаньні камуністычнай пагрозы выкарыстоўваліся белымі эмігрантамі з пасьлярэвалюцыйнай Расеі, якія належалі да бальшавіцкай агентурнай сеткі “Трэст”.

Варта дадаць, што ідэалёгія і практыка так званых крайніх правых вельмі часта супадае зь дзейнасьцю амэрыканскіх левых і камуністаў.

(Перакладзена з польскай мовы)

Канцэпцыя Джэфры Найквіста. Частка 1. Сучасны камунізм

No comments: