2011-12-30

Канцлягер для 23 мільёнаў

Ніжэй пададзена апісаньне сустрэчы расейскай дзяржаўнай дэлегацыі ў час яе візыту ў Паўночную Карэю ў ліпені 2000 года, зробленае Андрэем Іларыёнавым.

“У час сустрэчы расейскай дэлегацыі 17 ліпеня 2000 года ў Пхеньяне на шляху руху картэжу ад аэрапорта да цэнтра горада на працягу прыкладна 10-15 кілямэтраў паабапал дарогі былі расстаўлены сотні тысяч людзей (паводле ацэнак расейскіх назіральнікаў – ня менш як 700 тысяч, паводле афіцыйных паўночна-карэйскіх дадзеных – каля 1 мільёна). Картэж рухаўся павольна, неаднаразова спыняўся, – казалі, што першая машына, у якой ехалі лідэры дзьвюх краін, рабіла прыпынкі ў тых месцах, дзе калектывы народнай творчасьці выконвалі чарговы танец весялосьці. Пераважную большасьць людзей, пастаўленых уздоўж трасы, складалі жанчыны, апранутыя ў нацыянальныя карэйскія сукенкі сьветлых колераў – пераважна ружовых і блакітных адценьняў, а таксама дзеці. Мужчын амаль не было – магчыма, дзесяць адсоткаў ад агульнай колькасьці. На нагах у жанчын – нешта накшталт тапачак, зробленых з плястмасы. Жанчыны былі жахлівай худзізны і амаль аднолькавай канстытуцыі. Узрост многіх жанчын было немагчыма вызначыць. Твары большасьці зь іх нагадвалі чэрапы, абцягнутыя тонкай, цалкам высушанай, часта трэснутай, шэра-карычневай скурай. Першая думка, якая адразу прыйшла ў галаву, – што ў рацыёне харчаваньня гэтых людзей зусім няма тлушчаў – нават ня столькі мяса, колькі тлушчаў. У Расеі (ды і ў іншых краінах) такіх твараў я ніколі ня бачыў.

Першы шэраг жанчын стаяў дакладна на мяжы праезнай часткі дарогі, за ім – некалькі наступных шэрагаў. Пры набліжэньні да цэнтру горада колькасьць шэрагаў павялічвалася, і шчыльнасьць сустракаючых людзей узрастала. Перад першым шэрагам жанчын прыкладна ў 1-1,5 мэтры ад яго і на адлегласьці прыкладна 20-30 мэтраў адзін ад аднаго тварам да жанчын (і адпаведна сьпіной да машын, якія рухаліся) ланцужком стаялі моцнага выгляду мужчыны ў цёмнай вопратцы. За апошнім шэрагам жанчын разьмяшчаўся яшчэ адзін ланцужок мужчын у цёмнай вопратцы. Іх было відаць горш. Жанчыны ўсьміхаліся, апладзіравалі машынам, размахвалі хустачкамі, яркімі плякатамі, штосьці скандзіравалі на карэйскай мове і ПАДСКОКВАЛІ. Гэта цяжка ўявіць зараз, гэта нялёгка было бачыць і тады. Яны ўвесь час ПАДСКОКВАЛІ.

Калёна ў чарговы раз спынілася – відавочна, наперадзе чарговы народны ансамбаль выконваў новы прыгожы народны танец. Мэрсэдэс недзе 1952 года выпуску, у якім ехаў я, быў адным з апошніх у картэжы. Мы стаялі, магчыма, ужо хвілін 10 ці 15, акружаныя з абодвух бакоў некалькімі сотнямі бесьперапынна падскокваўшых жанчын. Момант шчасьця сустрэчы, заплянаваны па задуме арганізатараў відавочна працягласьцю ў некалькіх сэкунд праезду картэжу аўтамабіляў, яўна зацягваўся. Жанчыны, якія працягвалі ўвесь гэты час скакаць і выказваць такім чынам сваю радасьць з нагоды прыезду лепшых сяброў паўночнакарэйскага рэжыму, мабыць, пачалі стамляцца. Іх скачкі паступова станавіліся радзейшымі і ніжэйшымі. Адна з жанчын у першым шэрагу, напэўна, не зрабіла чарговы, прадугледжаны паводле рытму скачок, ці зрабіла яго не зусім высокім. Тады мужчына ў цёмнай вопратцы, які стаяў перад ёй трохі наўзбоч, імгненна ўсхапіўся зь месца і кулаком нанёс ёй магутны ўдар прама ў твар. Цела няшчаснай адляцела па зямлі мэтры на два і перакулілася на жанчын, якія стаялі ў наступных шэрагах. Ад такога ўдару не паднімаюцца – прамільгнула ў мяне думка. І яшчэ адна: яе зараз аднясуць у бок і пакладуць дзе-небудзь пад дрэва. На маё глыбокае зьдзіўленьне і жах, літаральна праз некалькі сэкундаў гэтая жанчына, адштурхнутая іншымі жанчынамі, якія стаялі ззаду, вярнулася на сваё месца і стала скакаць яшчэ больш ашалела і, як мне здалося, яшчэ больш высока і зь яшчэ больш па-вар'яцку радаснай усьмешкай на твары. Тут і іншыя жанчыны вакол сталі ўсьміхацца яшчэ мацней і скакаць яшчэ энэргічней. Тут я заўважыў, што мужчыны за заднімі шэрагамі жанчын таксама прыйшлі ў рух, прычым у руках у іх аказаліся палкі (або дубінкі), на якія да гэтага моманту я не зьвяртаў увагі. Па якіх частках цела траплялі ўдары – не было бачна. Аднак, мяркуючы па тым, што заднія шэрагі прыйшлі ў поўнае шаленства энтузіязму, падобна, што праца праводзілася недарэмна.

Мілавідная супрацоўніца паўночнакарэйскага МЗС, якая суправаджала нас у машыне, адвярнулася ад акна, да якога былі прыкаваныя погляды ўсіх сядзеўшых у машыне, і ў чарговы раз загаварыла аб тым, як увесь карэйскі народ шчыра любіць свайго Дарагога Лідэра.

Неўзабаве картэж скрануўся зь месца і рушыў далей”.

Андрэй Іларыёнаў

Концлагерь для 23 миллионов


No comments: