2011-12-05

Ізраіль і Сірыя рыхтуюцца да рэгіянальнай вайны ў пэрыяд паміж сярэдзінай сьнежня 2011 і сярэдзінай студзеня 2012

Дзеяньні і словы прэм'ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху і сірыйскага кіраўніка Башара Асада ў апошнія 72 гадзіны паказваюць, што яны падрыхтаваліся да рэгіянальнай вайны, у тым ліку да атакі на Іран у пэрыяд са сьнежня 2011 года па студзень 2012. Крыніцы DEBKAfile на Блізкім Усходзе паведамляюць, што абодва бакі рознымі шляхамі ўказалі на тое, што імкліва набліжаецца ўзброены канфлікт:

1. У суботу 3 сьнежня Сірыя арганізавала буйнамаштабныя ваенныя вучэньні ва ўсходнім горадзе Пальміра. Заходнія і ізраільскія экспэрты інтэрпрэтавалі іх як папярэджаньне Сірыі сваім суседзям, у першую чаргу Турцыі і Ізраілю, што паўстаньне супраць рэжыму Асада не нанесла шкоду яго сучаснаму ракетнаму патэнцыялу. Ваенныя крыніцы DEBKAfile раяць давяраць афіцыйным заявам Дамаска, зробленым у нядзелю 4 сьнежня: “Сірыйская армія правяла вучэньні з баявымі стрэльбамі ва ўсходняй частцы краіны ва ўмовах набліжаных да баявых з мэтай праверкі ракетнай зброі для супрацьстаяньня любому нападу”.


Відэазапісы вучэньняў, якія на кароткі час зьявіліся ў Інтэрнэце раніцай у панядзелак і потым былі выдаленыя нябачнай рукой, падмацоўваюць гэтую заяву. Яны прадэманстравалі чатырохэтапныя вучэньні, у ходзе якіх ракетныя стрэльбы былі не самым галоўным элемэнтам. Іх увага была засяроджаная на масавай стральбе з самаходных 120-мм гарматаў, рэактыўных сыстэм залпавага агню і наступальным руху сірыйскіх бранятанкавых брыгад пры падтрымцы ракетаў зямля-зямля кароткага радыюсу дзеяньня (150–200 кілямэтраў). На вучэньнях адпрацоўвалася тактыка адбіцьця варожых падмацаваньняў, якія рухаюцца да месца баявых дзеяньняў.


Усё гэта зьяўляецца ўражваючай дэманстрацыяй Сірыі яе здольнасьці адбіць напад на сірыйскай зямлі, перайшоўшы ад абароны да наступленьня, каб перанесьці баявыя дзеяньні на тэрыторыю агрэсара, незалежна ад таго, будзе гэта турэцкая ці ізраільская армія, альбо аб'яднаныя сілы Лігі арабскіх дзяржаў пры падтрымцы НАТО.

2. Праз 24 гадзіны Ізраіль даў свой адказ на сірыйскае пасланьне аб вайне. Выступаючы на цырымоніі ў гонар памяці бацькі-заснавальніка Ізраіля Давіда Бэн-Гурыёна, Нетаньяху ўзгадаў, як 63 гады таму Бэн-Гурыён абвясьціў стварэньне дзяржавы Ізраіль насуперак ціску большасьці заходніх лідэраў і большасьці яго ўласнай партыі. Яны папярэджвалі, што ён справакуе аб'яднаны арабскі напад з мэтай зьнішчыць маладую дзяржаву ўсяго толькі праз тры гады пасьля заканчэньня Другой сусьветнай вайны. Але, на шчасьце для нас, сказаў прэм'ер-міністар, Бэн-Гурыён вытрымаў ціск і прыняў сваё рашэньне, бо ў адваротным выпадку сёньня тут не было б Ізраіля.

“Ёсьць моманты, – сказаў Нетаньяху, – калі за рашэньне прыходзіцца заплаціць высокую цану, але цана за адсутнасьць рашэньня была б значна большай”.
“Я хачу верыць, – сказаў ён, – што ў нас заўсёды будзе мужнасьць і рашучасьць прымаць правільныя рашэньні, каб забясьпечыць нашу будучыню і бясьпеку”.
Хоць ён не згадаў Іран, было ня цяжка зрабіць выснову, што прэм'ер-міністар меў на ўвазе рашэньне ажыцьцявіць ваенны ўдар Ізраіля супраць ядзернай праграмы Ірана на тле ціску з боку Вашынгтона і настойлівых парадаў некаторых ізраільскіх вэтэранаў бясьпекі. Міністар абароны Эхуд Барак, які стаяў за плячом прэм'ер-міністра, быў напружаны, як сьціснутая спружына.

3. Праз шэсьць гадзін Нетаньяху ўзарваў бомбу на ўнутранай палітычнай сцэне: ён абвясьціў, што яго партыя Лікуд правядзе выбары, у тым ліку праймэрыз, да 31 студзеня 2012 – за два гады да заплянаваных і за год да наступных усеагульных выбараў у Ізраілі. Як кіраўнік аднаго з самых стабільных і працяглых па часе існаваньня кааліцыйных урадаў, якія калі-небудзь кіравалі Ізраілем, ён не адчувае ніякай тэрміновай унутранай неабходнасьці прадэманстраваць лідэрства ў цяперашні час.

4. У апошнія два тыдні прадстаўнікі адміністрацыі Абамы адзін за другім падверглі ўрад Нетаньяху зьедлівай крытыцы. Яны ахарактарызавалі Ізраіль як краіну, якая патрапіла ў рукі правых экстрэмістаў, што ўдзельнічаюць у вар'яцкай гонцы з мэтай задушыць судовую сыстэму і паменшыць грамадзянскія правы жанчын і дзяцей – ня кажучы аб палестынцах. Дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан зайшла занадта далёка, калі параўнала Ізраіль зь Іранам толькі таму, што махровыя ўльтраартадаксальныя групы ў некалькіх прыгарадах Іерусаліма і Бней-Брака змагаліся супраць урада і судоў за гендэрную сэгрэгацыі ў грамадзкім транспарце. Відавочна, што яна спрабавала падарваць дэмакратычныя паўнамоцтвы ўрада Нетаньяху і, такім чынам, яго легітымнасьць на ўступленьне ў вайну з мэтай прадухіліць стварэньне Іранам ядзернай зброі.

5. Надзвычай магутнае нарошчваньне ваенна-марскіх сілаў Расеі і ЗША ў водах вакол Сірыі і Ірана. У канцы лістапада Вашынгтон паспрабаваў стварыць уражаньне, што ўдарная група авіяносца “Джордж Буш” стала на якар каля Марсэля, у той час калі яе заўважылі ва ўсходняй частцы Міжземнага мора насупраць Сірыі. Пасьля гэтага Масква імкліва кінулася на абарону Сірыі, даставіўшы ў Дамаск на самалётах 72 супрацькарабельныя ракеты “Яхант” (Заходняе кадаваньне SSN-26). Гэтая зброя можа патрапляць у караблі на адлегласьці да 300 кілямэтраў. Пасьля гэтага “Буш”, чыя магчымасьць наблізіцца да сірыйскага або ліванскага ўзьбярэжжа была абмежаваная новай зброяй, атрыманай Сірыяй, сышоў у невядомым накірунку, у той час як ударная група авіяносца “Карл Вінсан” заняла пазыцыю насупраць Ірана. Масква таксама гуляе ў хованкі са сваім адзіным авіяносцам “Адмірал Кузьняцоў”. Было абвешчана, што карабель адправіцца ў Міжземнае мора 6 сьнежня. Але ўжо 25 лістапада было заўважана, што ён праходзіў міма Мальты, а праз чатыры дні прамінуў Кіпр на сваім шляху, каб далучыцца да флятыліі з трох расейскіх ракетных эсьмінцаў, якія ўжо стаялі на якары ў Сірыі.

 

Ні ЗША, ні Расея не сканцэнтравалі б два магутныя флёты паблізу ад Сірыі і Ірана, калі б яны не былі ўпэўненыя, што ваенны канфлікт непазьбежны. Хоць любая з асноўных дзеючых сілаў – Вашынгтон, Масква, Тэгеран, Ізраіль ці Башар Асад – можа ў апошні момант адступіць назад ад краю рэгіянальнай вайны, у дадзены момант няма ніякіх прыкмет таго, што гэта адбудзецца.

5 сьнежня 2011

Copyright © 2011 DEBKAfile
Israel and Syria brace for regional war between mid-Dec. 2011 and mid-Jan. 2012

No comments: